
Жанчына – каштоўная і ўнікальная частка тварэння Бога з асаблівым прызначэннем і годнасцю. У хрысціянскай псіхалогіі падкрэсліваецца яе светаўспрыманне праз сэрца, адкрытасць на адносіны, а таксама падтрымліваецца ідэя рэалізацыі жанчыны ў розных сферах.
Разам з с. Іарданай Місюн CSC, тэолагам і практыкуючым псіхолагам, разважаем пра тое, як Касцёл глядзіць на жанчыну, дзе сувязь паміж верай і псіхалогіяй, а таксама чаму тэрапія карысна ў духоўным жыцці.
– С. Іардана, мы можам гаварыць аб існаванні “жаночай” псіхалогіі?
– Так, можам. Пры гэтым важна разумець, што стаіць за тэрмінамі. З біялагічнага пункту гледжання жаночая псіхалогія мае пад сабой аб’ектыўную аснову. Па-першае, гэта асаблівасці гарманальнай рэгуляцыі (цыклічныя змены), якія ўплываюць на эмацыянальную сферу. Па-другое, спецыфіка нейрапсіхалогіі. Напрыклад, больш развітыя сувязі паміж паўшар’ямі мозгу, што часта дае жанчынам перавагу ў шматзадачнасці і праяўленні эмпатыі.
З сацыяльнага боку стагоддзямі менавіта жанчынам адводзілася роля захавальніц ачагу і сувязі паміж пакаленнямі. Гэта сфарміравала пэўныя патэрны ў паводзінах: значную арыентацыю на адносіны, клопат, дыпламатыю.
Жаночая псіхалогія – гэта ўспрыманне свету праз сэрца і адносіны.
З духоўнага ж пункту гледжання для нас, католікаў, важна памятаць, што жаночае пакліканне мае асаблівую годнасць. Як нагадвае ІІ Ватыканскі сабор і вучэнне Касцёла, жанчына паклікана быць сэрцам сям’і і грамадства. У апостальскім лісце Mulieris Dignitatem св. Ян Павел ІІ падкрэслівае асаблівую жаночую “геніяльнасць” – здольнасць быць чулай да іншага, дарыць жыццё і абараняць яго. Быць адкрытай на адносіны, умець ствараць і аберагаць прастору любові – гэта асаблівы дар для кожнай жанчыны.
У Хрысце ж, як гаворыць апостал Павел, “няма ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе” (Гал 3, 28). Гэта паказвае на адзінства нашай духоўнай прыроды і роўныя магчымасці для святасці.
– Ці праўда, што не існуе “чыста жаночых” і “чыста мужчынскіх” рыс характару? Патлумачце, калі ласка.
– Гэтае сцвярджэнне можна назваць слушным, але з важнымі агаворкамі. Рысы характару падобныя да фарбаў: і мужнасць, і пяшчота, і логіка, і інтуіцыя прысутнічаюць у палітры кожнага чалавека. Біялагічна гэта пацвярджаецца наяўнасцю тых жа гармонаў (тэстастэрона, эстрагена, прагестэрона) у абодвух палоў, толькі ў рознай канцэнтрацыі.
Гістарычны і сацыяльны падзел роляў быў жорсткім з-за ўмоў выжывання. Сёння ж мы бачым, што жанчына можа быць лідэрам, а мужчына – клапатлівым бацькам. І гэта не адхіленне ад нормы, а праяўленне паўнаты чалавечай прыроды.
Пры гэтым адмаўляць адрозненне цалкам – азначае не заўважаць рэчаіснасці. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ўслед за Святым Пісаннем вучыць нас, што Бог стварыў чалавека мужчынам і жанчынай, роўнымі па годнасці, але рознымі па пакліканні (ККК 369). Тое, што рысы перамяшаныя, не адмяняе таго факта, што ў жаночай псіхалогіі ёсць свая “мелодыя”. Як на фартэпіяна: ноты адны і тыя ж, але музыка, напісаная для скрыпкі і для віяланчэлі, гучыць па-рознаму.
– Як часта да Вас за кансультацыяй прыходзяць веруючыя свецкія жанчыны, манахіні?
– Часцей звяртаюцца практыкуючыя каталічкі, якія маюць сем’і, выхоўваюць дзяцей. Манахіні звяртаюцца радзей. Але іх запыты, як правіла, патрабуюць асаблівай далікатнасці і глыбіні прапрацоўкі.

С. Іардана Місюн кансультуе ў пытаннях самаацэнкі, адносін, трывогі, страхаў, стрэсу, пракрастынацыі, эмацыянальнага выгарання, межаў, траўм, рэсурсу, эфектыўнасці, дзіцяча-бацькоўскіх адносін і інш.
– Якая звычайна прычына звароту?
– У большасці жанчыны прыходзяць з праблемамі ў адносінах, з пытаннямі наконт самаацэнкі, адзіноты, неўзаемнага кахання або з запытам “як знайсці сваю палову”. Таксама актуальныя пытанні, звязаныя з вырашэннем канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі, трывожнасцю і страхамі, эмацыянальнай нестабільнасцю, складанасцю з самарэалізацыяй і трывогай аб будучыні.
Нашы жанчыны нярэдка адчуваюць эмацыянальнае выгаранне, страту сябе, пачуццё віны перад сям’ёй і крызісы ў адносінах з мужам.
– Як узаемазвязаны вера і псіхалагічны дабрастан жанчыны?
– Сувязь самая прамая і глыбокая. Вера дае жанчыне тое, што не можа даць ніякая псіхатэхніка – абсалютную апору. Словы псалма “Госпад – Пастыр мой, і нічога мне не бракуе” (Пс 23, 1) з’яўляюцца лепшай тэрапіяй ад экзістэнцыяльнай трывогі. Вера ў Божы Провід, давер Езусу, які гаворыць: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28), – напаўняе пакуты сэнсам, дорыць надзею і вучыць прабачэнню, што каласальна зніжае рызыку цяжкіх дэпрэсій.
Але ёсць і адваротны бок, калі вера пражываецца не як радасць сустрэчы з любячым Айцом, а як сістэма пакаранняў і дрэсіроўкі, маўляў, “я недастаткова малюся, Бог пакарае”. Яна можа стаць глебай для неўрозу і яго развіцця. Касцёл вучыць нас, што Бог ёсць Любоў (параўн. 1 Ян 4, 8), і здаровае пражыванне веры вядзе да свабоды, а не да страху. Калі ж душа разрываецца паміж страхам і фармальным выкананнем абрадаў, складана казаць аб сапраўдным духоўным жыцці.
– Як тэрапія можа дапамагчы ў веры?
– Добрая тэрапія не перашкаджае веры, а расчышчае для яе месца. Прыбірае тыя завалы, праз якія ласка не можа напоўніць жыццё. Дапамагае аддзяліць Божы вобраз ад чалавечых праекцый, бо мы несвядома надзяляем Бога рысамі нашых бацькоў – строгіх, халодных або адкідваючых. Псіхолаг дапамагае ўбачыць гэтыя скажэнні і адкрыць для сябе сапраўдную, евангельскую выяву Хрыста, які вылечвае, даруе прабачэнне ў таямніцы споведзі.
Працяглая тэрапія здымае “сіндром стомленай праведніцы”. Жанчына вучыцца прымаць сваю немач, стомленасць, раздражненне не як “смяротны грэх”, а як сігнал душы, якая патрабуе адпачынку і дапамогі. Гэта робіць яе малітву больш шчырай, а веру – больш жывой і цёплай.
Тэрапія прымірае з уласнай цялеснасцю. Царква вучыць, што цела – храм Святога Духа (1 Кар 6, 19). Часта жанчыны ставяцца да свайго цела як да ворага. Псіхолаг дапамагае знайсці падзяку за гэты Божы дар і бачыць у цялеснасці частку свайго паклікання да любові.
– Калі жанчыне варта задумацца аб сесіі ў псіхолага?
– Існуе некалькі сігналаў. Калі вы не можаце нармальна спаць, есці, працаваць ці маліцца больш за два тыдні – гэта сігнал, або інакш “правіла двух тыдняў”. Эфект “зламанай пласцінкі” – калі адна і тая ж праблема (крыўда на мужа, пачуццё нікчэмнасці і інш.) пракручваецца ў галаве гадамі без змен.
Можа таксама адчувацца духоўная руціна: малітва стала фармальнай, удзел у Эўхарыстыі не прыносіць радасці, а чытанне Святога Пісання пакідае сэрца ў абыякавасці. Гэта значыць, што эмацыянальны рэсурс вычарпаны і патрэбна дапамога, каб “вычысціць калодзеж”, каб у яго ізноў магла праліцца жывая вада ласкі.
Або калі медыцынскія паказчыкі ў парадку, што пацвярджае таксама ўрач, але боль жыве ў целе.
Касцёл заўсёды падтрымліваў навуку, бачачы ў ёй спазнанне законаў, устаноўленых Творцам.
– У якіх выпадках псіхалогія і вера спрачаюцца паміж сабой?
– Яны спрачаюцца роўна ў той меры, у якой людзі, якія іх прадстаўляюць, забываюць аб межах сваёй кампетэнцыі. Псіхалагічная работа вылечвае псіхіку ад траўм і неўрозаў – “рамантуе механізм гадзінніка”. Вера ж сілкуе дух чалавека – дапамагае гэтаму гадзінніку паказваць час Божага Провіду.
Спрэчка ўзнікае, калі псіхолаг бярэцца судзіць аб духоўных пытаннях і аб’яўляе грэх проста “памылкай мыслення”, ігнаруючы рэальнасць зла і неабходнасць пакаяння. Ці, напрыклад, калі святар адмаўляе наяўнасць клінічнай дэпрэсіі, называючы яе “маркотай”, якая лечыцца толькі малітвай. Чалавек жа мае патрэбу ў псіхатэрапіі.
Здаровая пазіцыя заключаецца ў супрацоўніцтве, заснаваным на ўзаемнай павазе і разуменні, што ў Бога няма супярэчнасцей. Ісціна адна, і яна не можа супярэчыць сама сабе. Псіхалогія дапамагае чалавеку стаць маральна сталым, прыбраць перашкоды, якія скажаюць успрыманне Бога, а вера напаўняе гэтую дарослую, суцэльную асобу жыватворным сэнсам і вядзе да збаўлення ў Хрысце.
Кацярына Паўлоўская





