
Праз сакрамант хросту ўсе вернікі ўдзельнічаюць у святарстве Хрыста, гэта называецца ўдзелам ва ўсеагульным святарстве вернікаў. У адрозненне ад усеагульнага паклікання да святарства, ёсць святарства сакраментальнае, або службовае і іерархічнае. Яно перадаецца праз сакрамант пасвячэння, а яго місіяй з’яўляецца выкананне служэння ў супольнасці Касцёла ад імя і ў асобе Езуса Хрыста як Галавы Касцёла.
Кожны святар звязаны з супольнасцю ў дваякім значэнні: як той, хто “ўзяты з народа”, і як той, хто “чэрпае з супольнасці”. Святар служыць вернікам, і яны клапоцяцца пра яго ўтрыманне.
Яшчэ з хрысціянскай старажытнасці касцёльная практыка дакладна акрэсліла тры ступені сакраманту святарскага пасвячэння: дыяканат, прэзбітэрат і біскупства. Сёння Касцёл навучае, што біскупства і прэзбітэрат – дзве ступені ўдзелу ў святарстве Хрыста, а дыяканат – ступень служэння. Такім чынам, паняцце “святар” (sacerdos) адносіцца толькі да біскупаў і прэзбітэраў, але не да дыяканаў (яны прызначаны для дапамогі біскупам і прэзбітэрам).
Здольнасць выконваць свае функцыі і плённае апостальства патрабуе ад святара трывалага з’яднання з Езусам Хрыстом, поўнай залежнасці ад Касцёла, духу ахвярнасці, святасці жыцця і захавання цэлібату (бясшлюбнасці). Да прыроды святарскага служэння адносіцца і тое, што яго нельга выконваць паасобку: мае калегіяльны характар. У сакраманце пасвячэння прэзбітэр уключаецца ў калегію з іншымі прэзбітэрамі, каб быць у адзінстве са сваім біскупам; а біскуп, у сваю чаргу, уключаны ў калегію біскупаў, каб быць у адзінстве са Святым Айцом – Біскупам Рыма. Таму прэзбітэр і біскуп не могуць дзейнічаць асобна адзін ад аднаго.
Дзякуючы сакраманту пасвячэння кожны святар становіцца “другім Хрыстом” (alter Christus). Такім чынам, святар з’яўляецца прадстаўніком Бога перад людзьмі, а таксама прадстаўніком людзей перад Богам. Ён быў абраны і пасвечаны Богам, каб раздаваць Яго дары і весці людзей да збаўлення. Ён павінен вучыць праўдам веры, быць распарадчыкам святых сакрамантаў, служыць людзям дапамогай у духоўным жыцці.
Правёўшы падрабязны аналіз асобных аспектаў святарскага служэння, камісія дыяцэзіяльнага сінода зазначае, што сёння вернікі чакаюць ад святароў, каб яны былі “экспертамі” па сустрэчы чалавека з Богам. Ад іх не патрабуецца экспертнасць у пытаннях эканомікі, будаўніцтва або палітыкі, задача святароў – спецыялізавацца ў духоўным жыцці.
Сінадальная камісія па справах духавенства падкрэслівае, што сёння належыць клапаціцца аб будаванні супольнасці і братнім супрацоўніцтве святароў на ўзроўні парафій, дэканатаў і дыяцэзіі. Камісія таксама падкрэслівае, што існуе неабходнасць адказнасці і большага клопату святароў і вернікаў аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях. У парафіях дыяцэзіі, асабліва кожны першы чацвер месяца, варта праводзіць набажэнства і эўхарыстычную адарацыю ў інтэнцыі новых пакліканняў, а ў спецыяльна вызначаныя дні – разам маліцца за памерлых святароў.
Св. Ян Боско сказаў: найвялікшы дар, які Бог мог даць сям’і, – гэта пакліканне да святарства. Ёсць думка, што калі сын пакідае бацькоў, каб пайсці за голасам паклікання, то сам Езус займае ў сям’і яго месца. Сёння мы звяртаем асаблівую ўвагу на святарства і яго ролю ў жыцці мясцовага Касцёла і кожнага хрысціяніна. У гэтым кантэксце належыць адказаць сабе на пытанні: “Якую ролю адыгрывае святар у маім жыцці?”, “Ці дзякую я Хрысту Першасвятару за дар паклікання і святарства свайго парафіяльнага святара або святароў?”, “Якім чынам я магу дапамагаць святарам у рэалізацыі іх паклікання?”. Варта памятаць, што святар служыць вернікам, і яны клапоцяцца пра яго ўтрыманне. Вернікі таксама пакліканы маліцца аб святасці для сваіх святароў.
Таму падчас працы камісіі ўвага скіроўвалася на значэнне і неабходнасць асобных аскетычных практык у жыцці кожнага святара, на якія ўказвае Касцёл. Таксама камісія засяродзілася на абвяшчэнні Божага слова, катэхетычным навучанні дзяцей, падлеткаў і іншых формах душпастырскай паслугі.
А. д-р Андрэй Шчупал CSsR, старшыня камісіі





