Skip to main content
Логотип

8 сакавіка – каментарый да Евангелля на ІІІ Нядзелю Вялікага посту (Ян 4, 5–42)

6 1 1 3 1 1

Сустрэць Езуса

Сустрэча Хрыста з жанчынай з Самарыі адкрывае перад намі праўду аб Езусе, які выходзіць на сустрэчу з чалавекам (параўн. Ян 4, 4–42). У гэтай сустрэчы сутыкаюцца два жаданні: Бога і чалавека. Езус спакойна размаўляе з самаранкай ля студні ў самы поўдзень. Ён выказвае сваё жаданне, просіць даць Яму піць. Просіць аб звычайным, простым учынку, каб ахвяраваць нашмат больш: Хрыстос абуджае ў жанчыны жаданне жыцця вечнага, жаданне Бога.

Уся гэтая сітуацыя дзіўная, мы выразна бачым у ёй Божае дзеянне. Тое, што Езус з любоўю ставіцца да самаранкі, нягледзячы на яе грэшнае жыццё, было прычынай таго, што жанчына адкрылася і прыняла Божую ласку. Гэтая сустрэча так глыбока змяніла яе сэрца і ўсё жыццё, што ўжо не хавалася ад іншых людзей, а дзялілася з імі гэтай радаснай навіной: Збаўца сярод іх! Збаўца добры!

Падобнае адбываецца і сёння. Кожны, хто спазнаў любоў Пана, хто сапраўды з Ім сустрэўся, прагне распавядаць пра гэта іншым. Езус хоча, каб мы пілі ваду, якая дае жыццё. Таксама Езус хоча, каб мы станавіліся вестунамі Евангелля.

Сустрэча з Хрыстом не пакідае людзей такімі, якімі яны былі раней. Усталяванне блізкіх адносін з Ім уплывае на кожную сферу чалавечага жыцця. Божая любоў уносіць супакой, радасць і шчасце ў нашыя сэрцы. Божая любоў, калі адкрываемся на яе, здольная змяніць наша жыццё.

Варта ў гэты час Вялікага посту зазірнуць у глыбіню свайго сумлення, назваўшы грахі па імені, стаць на шлях сапраўднага навяртання і такім чынам наблізіцца да Бога. Не важна, што абцяжарвае – Езус заўсёды чакае і запрашае нас, каб прыйшлі да Яго.

Няхай жа мы, натхнёныя стаўленнем самаранкі, зможам сказаць: “Мы верым ужо не дзеля твайго апавядання, бо самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды Збаўца свету!” (Ян 4, 42).

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду