Skip to main content
Логотип

15 сакавіка – каментарый да другога чытання на ІV Нядзелю Вялікага посту (Эф 5, 8–14)

6 1 1 3 1 1

Жыць у святле

З надыходам цемры людзі, што жылі больш за сотню гадоў таму, вымушаны былі абмяжоўваць сваю актыўнасць. Вельмі мала прац яны маглі рабіць пры цьмяным асвятленні свечкі ці лучыны. Затое цемра была пажаданым часам для тых, хто займаўся ўсялякімі злачынствамі – крадзяжамі, рабаўніцтвам, распустай.

Метафару святла і цемры выкарыстоўвае апостал Павел у Пасланні да Эфесцаў, у якім чытаем такія словы: “Калісьці вы былі цемрай, а цяпер вы святло ў Госпадзе” (Эф 5, 8). У святле павінны рабіцца добрыя ўчынкі, таму Апостал заахвочвае хрысціян Эфеса прыносіць адпаведны плён: “Бо плод святла ёсць ва ўсялякай дабрыні, справядлівасці і праўдзе. […] Не бярыце ўдзел у бясплённых справах цемры, а лепш выкрывайце іх. Бо пра тое, што яны робяць патаемна, нават сорамна казаць” (Эф 5, 9. 11).

Хрысціяне са старажытных часоў параўноўвалі са святлом cамога Хрыста. У візантыйскай традыцыі адзін з гімнаў, што спяваецца падчас Вячэрні (а таксама падчас Літургіі Раней Асвячаных Дароў – адмысловага велікапоснага набажэнства), так услаўляе Госпада: “Святло лагоднае святое славы несмяротнага Айца нябеснага, святога, блаславёнага – Ісусе Хрысце!”. Вельмі кранальна, што старажытныя аўтары называюць Хрыста Святлом лагодным: Ён не прымушае, не загадвае, не карае, а асвятляе нам дарогу і паказвае, куды маем ісці.

У дні Вялікага посту, напэўна, шмат разважаем пра тое, як быць годнымі вучнямі Хрыста. Важна жыць у лучнасці з сапраўдным Святлом! Апостал Павел цытуе радок са старажытнага гімна: “Прачніся, які спіш, і ўваскрэсні з мёртвых, і Хрыстос асветліць цябе” (Эф 5, 14), – а ва ўсходнім абрадзе святар падчас Літургіі Раней Асвячаных Дароў прагалошвае: “Святло Хрыстовае прасвятляе ўсіх!”. Няхай жа гэтыя словы будуць для нас заахвотай, каб шукаць сяброўства з Госпадам.

А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду