Skip to main content
Логотип

Мельхіёр Фардон

Franciszkanie Grodno fc04 1

Ён выратаваў 13 пажарных ад расстрэлу, пацалаваўшы рукі нямецкаму салдату. Гэты подзвіг зрабіў святара ганаровым членам і капеланам пажарнай службы Гродна.

А. Мільхіёр Фардон шчыльна супрацоўнічаў з а. Максімільянам Кольбэ, быў яго асабістым дарадчыкам і спаведнікам. Некаторы час з’яўляўся духоўным апекуном рэдакцыі часопіса “Рыцар Беззаганнай”.

А. Мельхіёр Фардон нарадзіўся 5 жніўня 1862 года ў Гродне, у сям’і вядомага архітэктара Якава Фардона. Пры хросце атрымаў імёны Юзаф, Якуб.

Спачатку юнак вучыўся пры гродзенскім касцёле Адшукання Святога Крыжа, дзе зацікавіўся аптэкарскай справай. Але пазней вырашыў паступіць у Віленскую духоўную семінарыю. Пасля яе заканчэння ў 1887 годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

На працягу 15 гадоў кс. Юзаф Фардон нёс паслугу ў розных парафіях Ваўкавыскага і Сакольскага паветаў. У Дамброве пад яго кіраўніцтвам быў пабудаваны невялікі касцёл. У 1903 годзе святара прызначылі пробашчам парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне і духоўным апекуном былога францысканскага кляштара, у якім размяшчаўся папраўчы дом для святароў, якіх улады лічылі “небяспечнымі”. З-за актыўнай дзейнасці быў высланы ў Вільню.

У 1907 годзе за падтрымку арцыбіскупа Эдварда Ропа, якога праследавалі царскія ўлады, быў выгнаны з Вільні. Аднак не пакінуў парафію, пасяліўшыся ў капліцы ля могілак на Панарах. Пад уплывам складаных абставін кс. Юзаф вырашыў служыць Богу і людзям, прыняўшы манаскія абяцанні.

У 1910 годзе ён уступіў у ордэн францысканцаў і атрымаў духоўнае імя Мельхіёр. У 1911 годзе прынёс першыя манаскія абяцанні. У канцы 1913 года быў накіраваны на службу вікарыем у парафію Маці Божай Анёльскай у Гродне, дзе раней служыў пробашчам.

А. Мельхіёр быў адданым і руплівым душпастырам. Бывалі выпадкі, калі ён спавядаў па 12 гадзін запар, маючы толькі невялікія перапынкі. Тады святар прысутнічаў у спавядальні з 5-й гадзіны раніцы да 8-й вечара.

Францысканца адрознівала незвычайная пакора, прастата і сціплае штодзённае жыццё. Вядомыя выпадкі, калі а. Мельхіёр перавязваў калечныя ногі пілігрыму, аддаваў свой абутак беднаму. Ён не цураўся жанчыны, якая займалася распусніцтвам, а потым захварэла. Набываў для яе лекі, у выніку чаго тая ачуняла. Беспрацоўнага злачынца, якому ніхто не давяраў, уладкаваў касцёльным наглядчыкам, што дазволіла чалавеку паверыць у сябе. Святар прагнуў кожнага аздаравіць ад таго, што перашкаджала з’яднацца з Богам.

Вернікі ўжо пры жыцці лічылі яго святым. Адна пара назвала дзіця пры хросце Фардонам, хоць дадзенага імені не існавала – гэта было прозвішча іх пробашча. Бацькі прывялі а. Мельхіёру аргумент, што ён для іх святы, таму і абралі такое імя.

Падчас Першай сусветнай вайны святар здзейсніў небывалы подзвіг гераізму: выратаваў ад смяротнага прысуду пажарных, якія былі абвінавачаны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў шпіянажы на карысць рускай арміі (быццам з пажарнай каланчы яны падавалі таямнічыя сігналы). Сярод арыштаваных, якіх прывялі на могілкі для расстрэлу, было шасцёра католікаў, трое праваслаўных і чацвёра юдэяў. А. Мельхіёр падышоў да нямецкіх афіцэраў, пацалаваў ім рукі і паручыўся за невінаватасць пажарных сваім жыццём.

На наступны дзень у горадзе ўспыхнуў пажар, і немцы выклікалі арыштаваных пажарных для яго тушэння. Пасля здарэння нямецкі камандзір адмяніў ранейшы загад аб іх расстрэле і загадаў усіх вызваліць з-пад варты.

А. Мельхіёр памёр 27 лютага 1927 года ад сухотаў. На пахаванне на старых гарадзенскіх могілках сабралася некалькі тысяч чалавек. Труну з целам неслі тыя самыя гарадскія пажарныя…

У 2003 годзе цела а. Мельхіёра Фардона было эксгумавана і перапахавана ў саркафагу ў касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне, дзе ён служыў і здзейсніў цуд выратавання. У 2018 годзе папа Францішак прызнаў гераічнасць цнот францысканца з Гродна, а таксама ўхваліў дэкрэт аб яго беатыфікацыйным працэсе.

Святаслаў Вараб’ёў