
Вялікі пост нагадвае нам аб тым, што сапраўдная ежа – не толькі хлеб надзённы, але і малітва, пакаянне, добрыя справы. Гэта перыяд глыбокага засяроджання, калі чалавек імкнецца заўважыць тое, што яго абцяжарвае: грахі, страсці, мітусню, – праз устрыманне ад матэрыяльных даброт – умацаваць сваю волю і развіць унутраную свабоду.
Дзякуючы духоўным практыкам – посту, малітве, міласціне – варта адкрываць Божую любоў і тое, да чаго мы пакліканы.
“Дух і матэрыя ў чалавеку – не дзве злучаныя прыроды: саюз іх стварае адзіную прыроду” (ККК 365). Такім чынам, чалавек па сваёй натуры з’яўляецца адзінствам душы і цела. Можам заўважыць, як праз фізічныя пакуты часам неспакойна на душы альбо як праз унутраныя перажыванні можа падымацца ціск ці змяняцца частата дыхання. Пра тое, як грэх праяўляецца праз цела і чаму ў посных практыках ёсць месца для радасці і любові, на пачатку Вялікага посту разважае кс. Аляксандр Шыманскі, магістр тэалогіі.
Пакаянне неабходна чалавеку
Мы часта называем Божыя запаведзі законам Божым. З аднаго боку, такая дэфініцыя правільная: у Касцёле яшчэ ёсць Кодэкс кананічнага права. З другога боку, Божыя наказы не з’яўляюцца законам у значэнні “дадзеным зверху”, як закон аб падатках, толькі часткай нашай прыроды. Праз запаведзі Бог нагадвае, што для чалавека натуральна.
Калі паглядзець на адносіны бацькоў і дзяцей, мы не гаворым, што маці адносіцца да дзіцяці “па законе”. Нібы так, але, у першую чаргу, па любові. Яна адчувае і ведае, што дзіцяці неабходна, бо любіць яго. І калі мы гаворым пра пакаянне, то варта разумець яго як частку нашай натуры, яе патрэбу, а не штосьці навязанае зверху альбо што выступае супраць нашай прыроды.
Пост як час вяртання да Бога
Касцёл услед за Святым Пісаннем навучае, што мы ўсе на зямлі створаны па вобразе і падабенстве Божым. Аднак грэх увайшоў у чалавечае жыццё... Разуменне сваёй недасканаласці падштурхоўвае нас дзейнічаць, каб аднавіць у сабе вобраз Божы. Як, захварэўшы, мы ўсведамляем патрэбу дапамогі і звяртаемся да ўрача, каб ён вылечыў нас, так і праз практыку посту, праз устрыманні, якія з’яўляюцца знешнім выразам нашага пакаяння, прызнаём сваю грахоўную прыроду і патрабуем дапамогі Стварыцеля.
У гэтым ключы перыяд посту з’яўляецца часам не для смутку, але радасці ад вяртання да Бога і магчымасці адчуць Яго айцоўскую апеку.

Кс. Аляксандр Шыманскі – выпускнік Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Абараніў у Люблінскім каталіцкім універсітэце імя Яна Паўла ІІ магістарскую работу па гісторыі Касцёла. Служыць вікарыем у архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску
Грэх нараджаецца не ў целе
Сучасная тэалагічная думка Каталіцкага Касцёла гаворыць аб тым, што цела з’яўляецца храмам душы, аб якім мы клапоцімся. Грэх жа знаходзіцца, скажам, у розуме і ў сэрцы. Калі ён праяўляецца праз цела, гэта азначае, што чалавек ужо пагадзіўся на грэх унутры сябе.
Посныя практыкі вучаць нас пачуццю меры, паняццю нормы, што натуральна для чалавека. Да прыкладу, яны сугучныя з рэкамендацыямі не спажываць ежу празмерна, але каб задаволіць фізіялагічную патрэбу. І калі ў чалавека, дапусцім, наладжаны рэжым сна, прысутнічае фізічная актыўнасць, то ён і хварэе радзей.
Такім чынам, як цела будзе “прывучана” да нормы, то, адпаведна, і граху будзе цяжэй “выкарыстоўваць” яго.
“Не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога…”
Падаецца, што самым няпростым у духоўным жыцці з’яўляецца барацьба з грахом. Шмат напісана і сказана пра тое, як паканаць свае слабасці. І гэта сапраўды цяжка. Аднак у канчатковым выніку самае складанае – гэта зразумець, што Бог з’яўляецца любячым і міласэрным Айцом. Чаму?
Праз наступствы граху мы часта ўспрымаем Бога як карацеля. Калі ж чалавек усвядоміць, што Бог з’яўляецца Айцом, які любіць і праяўляе міласэрнасць – у малітве “Ойча наш” мы кажам “Айцец”, – то ў жыцці чалавека граху будзе нашмат менш. Малітва дапамагае адкрыць Божую любоў, якая з’яўляецца ахвярнай, не геданістычнай. І тады, сустракаючы цяжкасці, скажам: “Госпадзе, дзякуй, гэта заслужана па справах маіх”. У выпрабаваннях будзем удзячныя Богу, бо яны могуць умацаваць нашу веру.
Споведзь, або не падаць духам
Чым больш мы імкнёмся выконваць Божыя запаведзі, тым больш яны агаляюць чалавечую слабасць, паказваюць, што “я недасканалы”, “тут я злуюся”, “там не ўсё атрымліваецца” і г. д. Змаганне са сваімі грахамі, страсцямі – гэта барацьба працягласцю ў жыццё. Як пісаў адзін вядомы пісьменнік, барацьба з сабой – самая цяжкая, якая можа быць, а перамога над сабой – самая значная.
Сярод пяці ўмоў шчырай споведзі знаходзім жаданне выправіцца. Варта не падаць духам, не знеахвочвацца, але пасля падзення ўставаць і ісці далей. Атрымаецца – проста выдатна, а калі не, аднак стараемся жыць па сумленні, то Бог усё ўправіць. З Яго дапамогай усё магчыма спасцігнуць.
Пазнанне Бога праз іншых
Паколькі мы з’яўляемся, хрысціянамі, пакліканыя да г. зв. знешняга апостальства, г. зн. несці Бога, любоў і навучанне Касцёла іншым людзям. Калі ў духоўным развіцці мы замыкаемся на саміх сабе, то фарміруецца эгазім: маё “я”, маё “я”, маё “я”.
Вялікая мудрасць заключаецца ў тым, што Хрыстос сказаў: як ставіцеся да бліжняга, так ставіцеся і да Мяне (параўн. Мц 25, 40. 45). Важна пастарацца заўважыць другога чалавека: муж – жонку, жонка – мужа, дзеці – бацькоў, бацькі – дзяцей. Так, як мы адносімся да іншых, так адносімся і да Бога. Праз іншых вучымся пазнаваць Госпада. Пазнаючы Яго, адкрываем тое, да чаго Ён нас заклікае.
Рэалізацыя посных практык, правіл духоўнага жыцця з’яўляецца складанай, а месцамі можа падавацца недасягальнай. Яшчэ Апосталы дзве тысячы гадоў таму, слухаючы навуку Езуса, спыталі Яго аб тым, хто ж гэта можа выканаць. Хрыстос выразна сказаў: тое, што для чалавека немагчыма, магчыма для Бога (параўн. Мц 19, 26).
У Евангеллі распавядаецца, як мужчына падышоў да Хрыста з просьбай выратаваць яго сына: “«Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам». Езус сказаў яму: «“Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць»” (Мк 9, 22b–23). Бацька не адказаў, што падыдзе пазней, калі яго вера стане мацнейшай, усклікнуў:
“Веру, памажы майму бязвер’ю” (Мк 9, 24). І Езус здзейсніў цуд аздараўлення.
Калі чалавек будзе сапраўды шчыры з Госпадам, адкрыты, то ўбачыць Божую дапамогу. Інакш бы Хрыстос гэтаму нас не вучыў.
Занатавала Кацярына Паўлоўская





