Skip to main content
Логотип

Будзь воля твая

2022 07 18 Gudagaj KS 2022071617

8 лютага па вечную ўзнагароду да Бога адышоў найстарэйшы іерарх Касцёла ў Беларусі – біскуп-эмерыт Казімір Велікаселец OP. Незадоўга да сваёй смерці ён даў інтэрв’ю для “Слова Жыцця”, у якім распавёў пра жыццёвы шлях, сілу малітвы і любоў да Маці Божай. Застанецца ў памяці як просты, сціплы чалавек, адкрыты і ўважлівы на другога.

У апошнім інтэрв’ю для “Слова Жыцця” светлай памяці біскуп-эмерыт Казімір Велікаселец узгадваў: “Цяпер, калі афіцыйных абавязкаў паменшала, я маю больш часу на чытанне Бібліі і духоўнай літаратуры – за гэта дзякую Богу. І пакуль Госпад дазваляе, адпраўляю св. Імшы, прамаўляю пропаведзі, спавядаю. Удзельнічаю ў будаўніцтве [касцёла], колькі магу… Як гаворыцца, жніво вялікае, а работнікаў мала”.

Біскуп Казімір Велікаселец ОР нарадзіўся 5 мая 1945 года ў Стараволі (Брэсцкая вобласць). Падчас вучобы ў Рыжскай духоўнай семінарыі склаў першыя манаскія абяцанні ў ордэне братоў дамініканаў. Як святар апекаваўся шматлікімі парафіямі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, шмат прапаведаваў, спрыяў выданню некалькіх кніг для пазнання хрысціянскай веры. Акрамя душпастырскай дзейнасці, займаўся будовай і рэстаўрацыяй святынь. У 1992 годзе быў прызначаны Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі. У 1999–2024 гадах выконваў абавязкі дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі, у 2021 годзе – Апостальскага адміністратара Мінска -Магілёўскай архідыяцэзіі. 10 кастрычніка 2024 года быў вызвалены папам Францішкам з пасады дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі ў сувязі з пенсіённым узростам. Памёр 8 лютага 2026 года ў гомельскім гарадскім кардыялагічным цэнтры, куды быў дастаўлены з паслугі ў капліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

– Эксцэленцыя, якімі былі Вашы першыя крокі ў пазнанні веры?

– У пасляваенныя гады касцёл у маёй роднай вёсцы Стараволя парафіі Шэрашава зачынілі, святара выслалі ў Сібір. Калі мне споўнілася сем, бацькі, згодна з абяцаннем падчас хросту выхоўваць дзіця ў веры, пачалі самастойна вучыць катэхезе, рыхтаваць да Першай Камуніі. Па “распараджэнні” мамы гэтым займаўся тата.

Аднаго разу знаёмы з Кобрына перадаў бацьку, што ў іх касцёл адчынены, аднавіліся Імшы пасля вяртання святара. Што рабіць? Аўтобусы тады яшчэ не хадзілі. І айцец ноччу пасадзіў мяне на раму і 60 кіламетраў вёз на веласіпедзе па гравійцы. У восем раніцы мы ўжо былі ў таго чалавека, які таксама меў сына, і ўсе чацвёра пайшлі ў касцёл. Святар прыняў у мяне экзамен, адбылася Першая споведзь і Першая Камунія. Запомніў гэта на ўсё жыццё. Вельмі ўдзячны айцу за прынятыя сакраманты.

– Як развівалася Ваша вера ў такіх няпростых умовах?

– У нас дома былі малітоўнікі. Па іх я вывучыў на памяць літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. Так як касцёл у Стараволі быў зачынены, людзі збіраліся ў нас на малітве. Прыходзілі таксама ў маі і кастрычніку на марыйныя набажэнствы.

Пасля мы штогод ездзілі ў Ружаны на споведзь перад Пасхай, а св. Імшу слухалі па радыё, праўда, на польскай мове.

– Малітве адведзена асаблівае месца ў Вашым сэрцы?

– Калі мяне забралі ў армію на тры гады, акурат у Гродна, памятаю, як штодня чытаў Ларэтанскую літанію. Пад’ём, зарадка, заправіў ложак – і “Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон” на памяць. Адбой – гэтая ж малітва на вуснах.

Яшчэ памятаю, як мама казала, каб маліўся Ружанцам у часе, калі яны слухаюць св. Імшу. І я на пальцах адгаворваў Ружанец. Сёння таксама штодня ўсе часткі “раскладаю” па часе.

– Эксцэленцыя, як Вы апынуліся ў Літве?

– Разам са мной у арміі служыў Юра з Вільнюса. Мы з ім сябравалі, дзяліліся аплаткай, якую атрымлівалі з дому. І праз яго Бог мяне выратаваў. Каб не Юра, не ведаю, як маё жыццё склалася б далей.

Калі заканчвалася ваенная служба, я падзяліўся, што ў нашай мясцовасці няма касцёла. “А паедзем у Вільнюс, – прапанаваў ён. – Там у нас ёсць домік”. У Вільнюсе на той час дзейнічала 9 святынь – найбольш у адным горадзе ў савецкія часы.

Там я распачаў працу на будоўлі і пачаў хадзіць у касцёл. Служба вялася на літоўскай і польскай мовах. Падвучыў польскую, бо яна падавалася лягчэйшай, каб разумець пропаведзі, і так маліўся. Памятаю, вяртаючыся ў інтэрнат пасля Імшы, аналізаваў словы ксяндза, які сказаў: “З чаго чалавек мае радасць? Чалавек мае радасць з малітвы, працы і добрых спраў”. Вось так ішоў і паўтараў, каб не забыць: малітва, праца, добрыя справы.

– Ці задумваліся Вы тады аб святарскім шляху?

– Пра пакліканне я яшчэ не думаў, разважаў наконт педагога ці ўрача. Некаторыя ж людзі бачылі мае схільнасці і казалі: “Табе трэба ісці ў святары”. Духоўны айцец таксама мяне накіроўваў… І я штосьці ўжо пачаў адчуваць, але разам з тым быў разбіты, не ўпэўнены. Жывучы ў цэнтры, недалёка ад Вострай Брамы, пайшоў да абраза Маці Божай, стаў на калені і паабяцаў Ёй на працягу цэлага года кожны дзень хадзіць на св. Імшу, каб адчуць пакліканне свайго жыцця.

Яшчэ мне параілі наведаць вільнюскі санктуарый Маці Божай Шыдлоўскай. У свята Нараджэння Багародзіцы, 8 верасня, я з’ездзіў у гэтае месца. Убачыў цудатворную фігуру Маці Божай з Немаўлём. Веруючыя хадзілі вакол яе на каленях і адгаворвалі Ружанец. Я таксама пачаў маліцца і першае, што пачуў у сэрцы, былі словы: “Ідзі ў семінарыю”.

– Ці былі сумненні ў пакліканні да святарства?

– Ужо ніколі. Пасля пачутых слоў я ішоў толькі наперад, якія б цяжкасці ні напаткалі. Сілы дадавала малітва.

Я адразу паехаў у Каўнас у семінарыю. Патлумачыў, што з Беларусі, хачу стаць святаром. Там пагадзіліся мяне прыняць, але папярэдзілі, што навучанне на літоўскай мове. Я пачаў хадзіць на службы па-літоўску, набыў падручнік, падвучыўся і ў 1977 годзе падаў дакументы разам з кс. Антоніем Філіпчыкам. Мяне пакінулі на другі год, бо існаваў загад ва ўлад: Каўнас рыхтаваў будучых святароў толькі для Літвы, Рыга – для ўсяго СССР.

Пры падтрымцы свайго духоўнага айца я вярнуўся ў Беларусь і адтуль спрабаваў паступіць у семінарыю ў Рызе. Гэта было немагчыма без дазволу ўпаўнаважанага па справах рэлігіі. Я паехаў у Маскву і атрымаў дазвол, але вусны. На наступны раз там мне сказалі, што кандыдатаў на паступленне вельмі многа, трэба чакаць сваёй чаргі. Праз прыкладна тры гады навучання ў канспірацыі ў кс. доктара Вацлава Пянткоўскага я распачаў фармацыю ў Рызе і ў 1984 годзе скончыў семінарыю.

– Якім быў Ваш святарскі шлях?

– Пасля пасвячэння я распачаў служэнне ў Ішкалдзі, дзе нёс паслугу 7 гадоў. Навокал былі зачыненыя касцёлы, таму мне з людзьмі давялося прыкласці шмат намаганняў, каб іх адрадзіць. Пасля таго, як быў атрыманы дазвол ад Папы Рымскага, каб цэлебраваць пяць Імшаў у дзень, бо не было святароў, я пачаў ездзіць па адкрытых касцёлах і маліцца з людзьмі: а 10-й гадзіне – у Свержані, а 12-й – у Міры, а 14-й – у Карэлічах, а 16-й – у Паланэчцы, а 18-й вяртаўся дадому і цэлебраваў Імшу ў Ішкалдзі. Каля 150 кіламетраў рабіў на Жыгулях, пяць службаў адпраўляў.

Затым мяне накіравалі ў Баранавічы, дзе прабыў 9 гадоў. Пасля – у Брэст, дзе служыў прыкладна 5 гадоў. З часам мяне забралі ў Пінскую дыяцэзію, у курыю. Вось ужо трынаццаты год так… Служу зараз у Гомелі як пенсіянер.

– Эксцэленцыя, праўда, што Вы заангажаваны ў будаўніцтва касцёла ў Гомелі?

– Гомель – другі вялікі горад пасля Мінска, а касцёла тут пасля 1940 года доўгі час не было, яго ўзарвалі. Не было дзе хрысціць дзяцей, браць шлюб. Некаторыя людзі ездзілі ў Жытомір, адтуль святар прыязджаў. Усё гэта сведчыла аб патрэбе святыні.

У 2013 годзе, калі я пасяліўся ў Гомелі, тут ужо быў касцёл. Мы аднавілі дзейнасць яшчэ адной парафіі пад гістарычным тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пабудавалі капліцу непадалёк ад ранейшага зруйнаванага храма, атрымалі зямлю для ўзвядзення новага касцёла. Са згоды генеральнага настаяцеля ордэна паўлінаў я запрасіў на служэнне а. Леанарда Адушкевіча. Цяпер таксама служыць а. Майкл Окіка OSPPE з Нігерыі. І вось ужо ёсць два святары, паціху падымаюцца сцены касцёла…

2026 02 10 2023

– Адкуль у Вас адвага і рашучасць дзейнічаць?

– Ведаеце, я бачыў: калі ёсць касцёл, св. Імша, там адраджаецца, узрастае духоўнасць. А дзе яго няма, то вера паціху слабне. Гэта мяне накіроўвала. І я тры гады служыў у арміі, а там нас выхоўвалі ў смеласці (усміхаецца – заўв. аўт.).

– Што Вас вяло, асабліва ў цяжкія моманты?

– У паэта Міхаіла Лермантава ёсць радкі: “Калі душа сціскаецца / Гаркотаю глухой: / На памяць вымаўляецца / Адна малітва мной”. Мая сіла – гэта малітва. Як толькі што, адразу яе ўзмацняю. Маё пакліканне, усе цяжкасці, тры гады канспірацыі – усё апіраецца на малітве, на Ружанцы. Як гаворыць апостал Павел, “усё магу ў Хрысце, які мяне ўзмацняе” (параўн. Флп 4, 13). І сапраўды, калі з праблемамі звяртаемся да Езуса, з Божай дапамогай іх вырашаем. Таму як трывога, то да Бога.

– Хто са святых Вам асабліва блізкі?

– Святыя апосталы Пётр і Павел. Праз іх заступніцтва прашу Божай дапамогі. Але на першым месцы – Прасвятая Марыя, Пакравіцельніца. Да Яе звяртаюся найчасцей. Праз Марыю мы ідзём да Езуса. Таксама кожны дзень адгаворваю літанію да св. Юзафа, прашу яго заступніцтва і дапамогі ў будове касцёла.

– Эксцэленцыя, што для Вас азначаюць словы біскупскага дэвіза: Fiat voluntas tua (“Будзь воля твая”)?

– Воля Бога – што я ёсць. Проста згаджаюся з Ім. Дарам Госпада з’яўляецца і маё пакліканне, за якое найбольш удзячны Усявышняму.

Кацярына Паўлоўская