Skip to main content
Логотип

Камісія па справах душпастырства сем’яў і сужэнскага жыцця

sinod by

Важнай формай спецыяльнага душпастырства ў жыцці кожнага мясцовага Касцёла з’яўляецца душпастырства сем’яў і сужэнстваў. Яго задача – паказаць годнасць сакраманту сужэнства як адзінай правільнай формы сумеснага жыцця паміж мужчынам і жанчынай, а таксама тое, што менавіта муж і жонка атрымалі ад Бога-Творцы вялікую задачу прыняцця і перадачы новага жыцця ў сваёй сям’і.

Спасылаючыся на змест апошняй паслясінадальнай адгартацыі папы Францішка на тэму сям’і Amoris Laetitia (“Радасць любові”), камісія дыяцэзільнага сінода перасцерагае сем’і ад індывідуалізму, які нішчыць повязі сужэнскага жыцця. Дапамогай у пераадоленні гэтага індывідуалізму з’яўляюцца розныя формы душпастырства сем’яў на ўзроўні парафій, дэканатаў і дыяцэзіі. Дадзенай місіі служаць прызначаныя касцёльнай уладай душпастыры і адказныя апекуны.

Душпастырства сем’яў павінна быць накіравана на тое, каб шукаць адказы на фундаментальныя патрабаванні сучаснай сям’і і хрысціянскія рашэнні праблем сужэнства і бацькоўства.

Душпастырства сем’яў і сужэнскага жыцця павінна пастаянна нагадваць сужэнцам і тым, хто рыхтуецца да сакраманту сужэнства, што гэта пакліканне і рашэнне быць разам на ўсё жыццё, каб сумесна прайсці праз усе выпрабаванні і складаныя хвіліны. Сужэнцы ўдваіх пакліканы ствараць праект уласнага жыцця праз штодзённую малітву, размову і падтрымку. Душпастырства сем’яў падкрэслівае неабходнасць супольнага трывання ў Божай ласцы і вернасці Богу праз выкананне Яго запаведзяў.

Вялікая ўвага прысвячаецца падрыхтоўцы да сужэнскага жыцця – гэта асобнае вымярэнне душпастырства. Падрыхтоўка да сакраманту сужэнства павінна праходзіць на ўзроўні парафіяльнай катэхізацыі, каб будучыя сужэнцы маглі лепш пазнаёміцца з пaкліканнем да сужэнскага жыцця і яго задачамі. На сустрэчы, прысвечаныя гэтай падрыхтоўцы, варта запрашаць сужэнцаў і сем’і, гатовыя падзяліцца сведчаннем добрага сумеснага жыцця і добрай радай, як будаваць шчаслівыя повязі ў сужэнскім саюзе, апіраючыся на хрысціянскія каштоўнасці.

Камісія звяртае ўвагу нa сем’і, якія перажываюць крызісы ў адносінах. Душпастыры сем’яў павінны тлумачыць, што няма сем’яў ідэальных, а сужэнцы і бацькі павінны нястомна працаваць над сабою і вучыцца праз крызісы лепш разумець адзін аднаго. Важная задача душпастыраў – прыгадваць пра прабачэнне і паяднанне ў сем’ях, якія знаходзяцца на мяжы распаду, і асаблівым чынам маліцца аб уратаванні іх адзінства.

Сёння перад душпастырствам сем’яў паўстае асаблівая задача клапаціцца пра сужэнцаў, якія не змаглі захаваць еднасць і жывуць у разводзе або сепарацыі, заключылі іншы грамадзянскі саюз і маюць новыя сем’і. Душпастырам варта паспрыяць урэгуляванню адносін такіх сужэнцаў у касцёльным судзе, і калі няма падставы прызнаць шлюб несапраўдным – атуліць іх апекай, не адкідваючы, а клапоцячыся пра адзінства з мясцовым Касцёлам.

ad6bda5f2a89b07f479e559278c5744b

Ініцыятыва адносна дзейнасці душпастырства сем’яў і сужэнскага жыцця зыходзіць у парафіі “знізу”: ад святароў, манаскіх асоб, саміх свецкіх вернікаў. Духоўны клопат і фармацыя адбываецца пад апекай душпастыра, у розных супольнасцях і рухах, якія прысутнічаюць у канкрэтнай парафіі: Асацыяцыя Святой Сям’і з Назарэта, Хатні Касцёл, Gloriosa Trinita і інш. У той самы час сужэнцы нярэдка шукаюць падтрымкі ў складаных жыццёвых сітуацыях, дапамогі ў крызісныя часы. У адказ на гэтую патрэбу ў некаторых парафіях ёсць дарадчыкі па сямейных пытаннях або сямейныя кансультанты. Канешне, у ідэале, каб, напрыклад, хаця б у горадзе была адна сямейная кансультацыя пры Касцёле, бо такая неабходнасць у нас сёння існуе.

Кс. Віталій Сідорка, старшыня камісіі