Skip to main content
Логотип

22 лютага – каментарый да Евангелля на І Нядзелю Вялікага посту (Мц 4, 1–11)

6 1 1 3 1 1

Выхад у пустыню

На пачатку Вялікага посту мы накіроўваемся з Езусам у пустыню. У Святым Пісанні Ён прадстаўлены як новы Адам, які, у адрозненне ад першага Адама, здольны супрацьстаяць спакусе.

Трайное выпрабаванне Езуса ў пустыні, апісанае ў Евангеллі, несумненна, мае глыбокі сэнс і значэнне. Больш за тое, Хрыстос хоча штосьці нам паказаць, патлумачыць, ад чагосьці перасцерагчы. Д’ябал тройчы спакушаў Божага Сына: угаворваў ператварыць камень у хлеб, каб наталіць голад (параўн. Мц 4, 3), даказаць сваю веліч, кінуўшыся ўніз са святыні (параўн. Мц 4, 6), пакланіцца яму і стаць багатым, атрымаўшы ўсе валадарствы (параўн. Мц 4, 9). Гэта тры спакусы сучаснага свету, які пастаянна і пад розным прыкрыццём прапануе спаўненне нашых жаданняў і маніць прыгожай ілюзіяй: “заспакойвай усе патрэбы твайго цела”, “будзь вялікім і кіруй сусветам”, “здабывай багацце ўсімі магчымымі спосабамі”.

Тры гэтыя спакусы – цялесныя патрэбы, ганарыстасць і сквапнасць – перманентна прысутнічаюць у нашым жыцці. Больш за тое, увесь сучасны свет засяроджаны на прызнанні і дасягненнях. Ён спрабуе падмануць чалавека, абяцаючы паўнату шчасця і заспакаенне ўсіх патрэб менавіта праз гэтыя тры міражы.

Мы бачым кожны дзень, што людзі, якія спаўняюць усе свае хаценні і жаданні, адчуваюць сябе добра і жывецца ім не найгорш. Але гэта хутка надакучвае, і людзі шукаюць усё мацнейшых уражанняў. Відавочна адно, што спакусы сучаснага свету не робяць чалавека ні больш шчаслівым, ні больш вялікім, ні больш чулым. Яны адварочваюць ад Бога, закрываюць на патрэбы бліжніх.

Будзем жа трымацца за Бога, як Хрыстос, і прасіць аб сіле, каб, нягледзячы ні на што, ісці наперад. Няхай час Вялікага посту, калі Касцёл прапануе нам пайсці ў пустыню праз пост, малітву і міласціну, будзе перыядам плённай духоўнай барацьбы і самапазнання.

Кс. Юрый Марціновіч, святар рыма-каталіцкага абраду