
Далучыцца да цярпенняў
Апостал Павел настаўляе свайго вучня Цімафея: “Далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля паводле моцы Бога, які ўратаваў нас і паклікаў святым пакліканнем” (2 Цім 1, 8b–9a). У старажытныя часы некаторыя хрысціяне разумелі гэтыя і падобныя ім словы занадта літаральна. Яны рабілі нешта, каб учыніць сабе боль і пакуты: бічавалі сябе, насілі вопратку з валосся ці спецыяльныя прылады, што прычынялі боль, – вярыгі. Але ці патрэбна гэта сёння, каб далучыцца да цярпенняў Хрыста?
Добра ведаем, што Езус цярпеў мукі дзеля таго, каб вызваліць чалавецтва ад грахоў. Ён, як гаворыць апостал Павел, “знішчыў смерць і асвятліў жыццё і несмяротнасць Евангеллем” (2 Цім 1, 10). Таму для нас важна далучыцца не да Яго фізічных пакут, а да змагання з грахом. Для гэтага і неабходны Вялікі пост, які нядаўна распачаўся: для асэнсавання сваіх слабасцей і пошуку шляхоў іх выпраўлення.
Старажытныя аскеты змагаліся са спакусамі, прычыняючы сабе фізічны боль. Але для нас дастаткова цярпенняў дасць змаганне з тымі слабасцямі, якія бачым у сабе. “Калі сёлетні пост правядзём з такой руплівасцю, што ў гэты тыдзень зусім перастанем лаяцца, у наступны пераможам гнеў, а яшчэ праз тыдзень пераможам абгаворы, а ў далейшыя тыдні выправімся яшчэ ў іншым, то ідучы гэтым шляхам вышэй і вышэй, мала-памалу дасягнём самай вяршыні цноты”, – вучыць св. Ян Залатавусны.
Пост – гэта таксама час для таго, каб наладзіць адносіны з бліжнімі. Св. Ян Залатавусны прапануе яшчэ адну каштоўную параду: “Якая карысць з посту, калі правялі яго без добрых спраў? Калі нехта скажа: «Я посціў усе сорак дзён», – то ты скажы: «Я меў ворага і прымірыўся, меў звычку зласловіць і пакінуў яе, меў звычку бажыцца і пазбыўся гэтай дурной звычкі»”.
Далучаймася да цярпенняў Хрыста – у змаганні са злом, якому няхай не будзе месца ў нашым сэрцы.
А. Андрэй Крот, святар грэка-каталіцкага абраду





