Skip to main content

Успамінаем духоўных асобаў, якія адышлі ў вечнасць у 2025 годзе

candles 492171 1280 2 11

У апошнія гадзіны 2025 года хочам узгадаць святароў і законных сясцёр, якія служылі ў нашым мясцовым Касцёле і адышлі сёлета ў вечнасць. Успамінаем таксама спачылага Папу Францішка, сябра нашай краіны.

Хочам у малітве падзякаваць Добраму Богу за іх адданае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі i ў Паўсюдным Касцёле і папрасіць аб дары вечнага жыцця для іх.

Да канца адданая Богу

Agnieszka Laszko

6 сакавіка адышла ў вечнасць сястра Агнешка Ляшко. Шмат гадоў яна была вернай супрацоўніцай светлай памяці а. Казіміра Жыліса SJ, калі той быў пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры (дэканат Гродна-Захад). Апошнія дваццаць гадоў служыла пры парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Трабах (Іўеўскі дэканат).

У памяці вернікаў засталася як руплівая, адданая манахіня, актыўнасці якой маглі пазайздросціць многія.

Сябар бедных

papiez

21 красавіка, у Велікодны панядзелак, адышоў у вечнасць Папа Францішак.

Усё жыццё Святога Айца было прысвечана служэнню Богу, Касцёлу і асабліва найбяднейшым. Папа Францішак (Хорхе Марыё Бергольё) быў абраны на Святы Пасад 13 сакавіка 2013 года, стаўшы першым Пантыфікам з Лацінскай Амерыкі і першым езуітам на гэтым пасадзе. За гады свайго пантыфікату стаў вядомы прастатой, увагай да бедных, заклікамі да міру і клопатам пра навакольнае асяроддзе.

З усмешкай на твары

sadowski

5 жніўня адышоў у вечнасць кс. канонік Андрэй Садоўскі – святар Беластоцкай архідыяцэзіі (Польшча), які з 1989 па 2007 год служыў на Гродзеншчыне.

Ксёндз Андрэй быў пракуратарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, вікарыем гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа, душпастырам у Казловічах, Жытомлі і Абуховічах. У памяці вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі застаўся як святар, які жыў не для сябе, а для іншых, чалавек, на твары якога заўсёды была ўсмешка.

Святар, які ўмеў слухаць

woroniecki

12 верасня ва ўзросце 34 гадоў неспадзявана адышоў у вечнасць кс. Ян Варанецкі, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй сказаў, што жыццё ксяндза Яна “было, можа, кароткае, але плённае ў Божых вачах”. Вернікі запомнілі гэтага святара як чалавека, які ўмеў слухаць, а таксама падтрымліваць добрым словам і парадай.

Будаўнік святыняў

swislocki

28 верасня ва ўзросце 54 гадоў пасля цяжкай хваробы адышоў у вечнасць кс. канонік Юрый Свіслоцкі, рэзідэнт парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.

Жыццё ксяндза Юрыя было багатым на справы веры, ён працаваў у розных парафіях, а асаблівае значэнне мела яго служэнне ў Першамайскім і Бердаўцы, дзе разам з вернікамі ён пабудаваў два касцёлы.

Верны сябар

barnas

19 снежня ў кляштары Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Тухуве (Польшча) адышоў у вечнасць а. Караль Барнась CSsR, які з 1990 па 2010 год служыў у Гродзенскай дыяцэзіі.

Айцец Караль быў пробашчам парафій Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах i Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Заневічах, дэканам Бераставіцкага дэканату. Пакінуў глыбокі след у сэрцах людзей, якія памятаюць яго як вернага сябра Бога і чалавека.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі