Skip to main content

Студэнты гродзенскай семінарыі наведалі марыйныя санктуарыі дыяцэзіі

photo 2026 10 24 22 47 0023-24 кастрычніка студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з прэфектам кс. Андрэем Скамарошкам здзейснілі пілігрымку па марыйных санктуарыях Гродзенскай дыяцэзіі.

Падарожжа стала магчымасцю бліжэй пазнаёміцца з месцамі асаблівага ўшанавання Панны Марыі, гісторыяй гэтых святыняў, духоўнай спадчынай Гродзеншчыны.

Семінарысты наведалі санктуарыі ў Тракелях, Барунах і Гудагаі, дзе ўшаноўваюцца цудадзейныя абразы Маці Божай, пабывалі ў Ашмянах, Іўі і касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах, які лічыцца адной з найбольш вядомых архітэктурных пярлін каталіцкай спадчыны Беларусі.

У кожнай святыні гасцей прымалі пробашчы, якія знаёмілі іх з гісторыяй парафій, архітэктурнымі асаблівасцямі касцёлаў і духоўным значэннем гэтых месцаў для вернікаў. Такім чынам, па словах удзельнікаў пілігрымкі, можна было не толькі ўбачыць прыгажосць святыняў, але і лепш зразумець, як на гродзенскай зямлі на працягу стагоддзяў захоўвалася і перадавалася вера.

photo 2026 10 24 22 47 05

Важным момантам пілігрымкі была супольная малітва. У санктуарыях у Тракелях і Барунах цэлебравалася Імша, на якой удзельнікі пілігрымкі маліліся ў інтэнцыях сваёй семінарыі, аб новых святарскіх пакліканнях, за выхавацеляў і ўсіх дабрадзеяў, якія падтрымліваюць семінарыю не толькі матэрыяльна, але найперш малітвай і духоўнай апекай.

На тракельскіх могілках пілігрымы наведалі месца пахавання кс. Яна Сарэлы, які шмат гадоў быў духоўным айцом гродзенскай семінарыі, узгадалі яго і памаліліся аб спачыне яго душы.

Па словах удзельнікаў, пілігрымка прынесла ім шмат станоўчых уражанняў, для многіх семінарыстаў стала першай магчымасцю асабіста пазнаёміцца з некаторымі санктуарыямі і гістарычнымі святынямі дыяцэзіі, дапамагла адкрыць багацце духоўнай і культурнай спадчыны роднага краю, адчуць жывую сувязь паміж гісторыяй Касцёла, верай мясцовых супольнасцяў і сённяшнім пакліканнем да святарскага служэння. Такім чынам, адзначаюць яны, гэтыя дні сталі не толькі нагодай для знаёмства з асаблівымі месцамі малітвы і гісторыі, але і "часам супольнасці, духоўнага ўзбагачэння і даверу заступніцтву Панны Марыі".



Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі