25 кастрычніка парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці (Радунскі дэканат) наведаў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
У гэтай парафіі ён у 2004-2005 гг., калі быў дыяканам, праходзіў практыку, праводзіў урокі рэлігіі, наведваў вернікаў з каляднымі візітамі, прапаведваў, служыў на набажэнствах.
У межах візіту біскуп цэлебраваў Імшы, на якіх маліўся за парафіяльную супольнасць.
У гэты дзень адзначалася гадавіна асвячэння ўласнага касцёла, калі парафіі дзякуюць Богу за свае касцёлы. У гаміліях біскуп падкрэсліў вартасць кожнага з вернікаў, якія разам складаюць супольнасць Касцёла, Містычнага Цела Хрыстовага.
"Мы розныя, у Забалаці і Нароўлі, у Полацку і Мінску, бывае, што молімся рознымі словамі і на розных мовах, спяваем розныя песні, іначай паводзім сябе на літургіі, але Дух Святы злучае нас у адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл, - адзначыў біскуп. - Дзякую кожнаму з вас за клопат аб гэтай старажытнай святыні і заахвочваю з не меншай любоўю і руплівасцю будаваць і захоўваць духоўны Касцёл у вашай Бацькаўшчыне".
"Як быццам і не было гэтых дваццаці двух гадоў! - так біскуп апісаў свае пачуцці падчас гэтага візіту. - Не забыўся і пазнаю твары многіх парафіянаў, з радасцю бачу ў святыні дзяцей і моладзь, для якіх калісьці вёў катэхезу, а цяпер яны прыйшлі на святую Імшу ўжо са сваімі дзецьмі. Зноў адчуваю гэтую непаўторную атмасферу старадаўняй пабожнасці і глыбіні каталіцкіх традыцый, якія захоўваюцца ў Радунскім дэканаце.

Так прыемна сустрэцца і маліцца разам з тым самым мудрым і разважлівым, поўным гумару і аптымізму пробашчам (кс. канонікам Генрыкам Яблонскім), які быў маім настаўнікам падчас першых крокаў на шляху святарства. Гэта вельмі важна - першая парафія і твой першы пробашч, да якога цябе накіроўвае біскуп пасля пасвячэння. Я глыбока ўдзячны ксяндзу Генрыку за адносіны да мяне, маладога дыякана, якія магу апісаць так: як бацька да сына. Вучыў, папраўляў, хваліў, ганіў, жартаваў, заўсёды адносіўся як да роўнага, ніколі не прыніжаў, ствараў братэрскую атмасферу. Ну і канешне ж, не магу абмінуць увагай такія ж смачныя галубцы на стале ў плябаніі, як і дваццаць два гады таму, бо руплівая гаспадыня, пані Зоф’я, не забылася пра мае густы, а яе лоўкія рукі не страцілі ўмеласці. Як цудоўна вярнуцца ў сваю маладосць!"
У парафіяльнай супольнасці адзначаюць, што гэтая старажытная парафія "з гонарам захоўвае дэпазіт каталіцкай веры, перададзены шматлікімі пакаленнямі верных Богу і Касцёлу продкаў". "Воранаўскі раён і ў прыватнасці мястэчка Забалаць - унікальны куток шматнацыянальнай Беларусі, тут больш за 90 адсоткаў насельніцтва складаюць католікі, пры гэтым яны этнічныя палякі, - дадаюць у парафіі. - Гэта адчуваецца ў надзвычай пабожным, "старадаўнім" стаўленні да літургіі, у багацці традыцый, узорных адносінах да клопату аб святыні".
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






