22 кастрычніка ў смаргонскай парафіі св. Яна Паўла ІІ біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў абрад благаслаўлення крыжа, які пасля заканчэння будаўніцтва парафіяльнага касцёла ўстановяць на яго галоўнай вежы, і званоў.
Парафія ў гэты дзень святкавала адпустовую ўрачыстасць у гонар свайго нябеснага апекуна. Прысутнічалі святары Смаргонскага дэканату, суседніх парафій і іншых дыяцэзій, шматлікія вернікі парафіі, госці.
Званы па традыцыі маюць імёны: самы большы, які будзе біць на Божае Нараджэнне, Вялікдзень і адпустовую ўрачыстасць, – імя Езуса Добрага Пастыра, сярэдні, які будзе нагадваць пра набажэнствы ў будні і нядзелю, – Яна Хрысціцеля, найменшы, які будзе абвяшчаць аб пахаванні, – звон святой Барбары.
Імша, на якой біскуп благаславіў крыж і званы, цэлебравалася ў інтэнцыі парафіяльнай супольнасці на чале з пробашчам кс. Яўгенам Учкуронісам, а таксама за ахвярадаўцаў і дабрадзеяў, якія дапамагаюць будаваць касцёл.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на тым, якую спадчыну пакінуў людзям Ян Павел ІІ, што з яго духоўнага запавету павінна ажыць у гэтай парафіі і як зрабіць, каб памяць пра яго прыносіла плён.
“Ян Павел ІІ дапамагаў людзям адкрываць сэрцы на Езуса. З вялікай увагай звяртаўся да канкрэтнага чалавека: да маладога, які шукае дарогу; да сям’і, якая імкнецца захаваць любоў; да хворага, які пытаецца пра сэнс пакутаў; да таго, хто страціў упэўненасць ва ўласнай годнасці. Гэтую задачу ён пакідае і нам: несці чалавеку Хрыста. Сёння яна асаблівым чынам даручана вашай парафіяльнай супольнасці, – сказаў біскуп. – Кожны з вас можа стаць вестуном добрай навіны. Часам для гэтага дастаткова ўважліва выслухаць чалавека. Часам – наведаць таго, пра каго забыліся. Часам – дапамагчы без чакання ўдзячнасці. А часам трэба знайсці мужнасць і сказаць: памолімся разам, пойдзем да споведзі, вернемся да Бога”.
“Менавіта пра такое запрашэнне будуць нагадваць званы. Звон мае дзіўную здольнасць: яго голас выходзіць далёка за сцены святыні, – дадаў іерарх. – Няхай жа кожны заклік да малітвы дапамагае нам аднавіць у сэрцы простае рашэнне: Пане, я хачу быць блізка да Цябе”.
“Святасць узрастае там, дзе чалавек штодня дазваляе Хрысту весці сябе, дзе пасля падзення прымае ласку прабачэння і падымаецца, дзе сярод цяжкасцяў захоўвае вернасць, дзе вучыцца любіць больш цярпліва і бескарысліва, – адзначыў біскуп. – Ян Павел ІІ пакінуў нам прыклад такой вернасці. Яго служэнне мела крыніцу ў асабістай сувязі з Богам. Малітва дапамагала яму прымаць адказнасць, распазнаваць Божую волю і аддаваць свае сілы Касцёлу”.

“Гэта вельмі важны ўрок для кожнага з нас. Нашым сем’ям патрэбна малітва. Нашай моладзі патрэбна цішыня, у якой можна пачуць Бога. Нашаму святарскаму служэнню патрэбна блізкасць да Хрыста. Чалавечае сэрца патрабуе часу, праведзенага перад Панам, – сказаў іерарх. – Касцёл, які вы будуеце, стане месцам такой сустрэчы”.
Крыж, які будзе ўсталяваны на галоўнай вежы, па словах біскупа, “будзе бачны здалёк, але яго пасланне звернута ў самую глыбіню чалавечага сэрца: Бог палюбіў цябе да канца”. “Пад крыжам можна стаць з усёй праўдай пра сябе. Укрыжаваны Збаўца адкрывае нам любоў, якая не пакідае чалавека ў цемры”, – адзначыў іерарх.
Па яго словах, апошнія гады жыцця Яна Паўла ІІ “сталі асабліва выразным сведчаннем вернасці сярод пакутаў: калі цела слабела, яго прысутнасць працягвала ўмацоўваць іншых”. “Прыміце гэтую частку яго духоўнай спадчыны ў жыццё вашай парафіі, – заклікаў біскуп. – Няхай хворыя адчуваюць ваш клопат. Няхай старэйшыя ведаюць, што яны патрэбныя. Няхай самотныя знаходзяць побач чалавека, які мае час пабыць з імі”. “Крыж над касцёлам будзе нагадваць пра любоў Хрыста. А наша міласэрнасць павінна дапамагаць людзям адчуць гэтую любоў”, – дадаў ён.
Літургічнае евангельскае чытанне гэтага дня, у якім уваскрослы Езус пытаецца ў Пятра, ці любіць той Яго, па словах біскупа, “вядзе да самага сэрца хрысціянскага паклікання”. “Хто любіць Хрыста, той атрымлівае заданне клапаціцца пра іншых, – адзначыў ён. – Так было ў жыцці святога Яна Паўла ІІ. Так павінна быць і ў нашым жыцці. Муж і жонка адказваюць Хрысту праз вернасць, павагу і гатоўнасць прабачаць. Бацькі – праз цярплівае выхаванне дзяцей і прыклад уласнай веры. Святары – праз адданае служэнне даручаным людзям. Моладзь – праз сумленнасць, чысціню сэрца і мужнасць ісці за сваім пакліканнем. Кожны з нас – праз любоў, якая набывае канкрэтную форму ў штодзённых учынках. Менавіта такой любові патрабуе і будаўніцтва парафіяльнай супольнасці”.
Літургія завяршылася працэсіяй вакол капліцы пад звон званоў. Затым у праграме святкавання быў пачастунак – парафіяльная каша, слодычы, кава і гарбата, – а таксама традыцыйная бяспройгрышная парафіяльная латарэя, галоўным прызам у якой быў электрасамакат.
Пробашч падзякаваў прысутным за тое, што яны захацелі ўзяць удзел ва ўрачыстасці, каб праз заступніцтва Яна Паўла ІІ даручыць Богу свае інтэнцыі і просьбы, і выказаў падзяку ўсім, хто прычыніўся да святкавання ўрачыстасці на высокім узроўні.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






