Skip to main content

У Адэльску з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча сустрэлі абраз Маці Божай Міласэрнасці

Одельск 1024 кастрычніка парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) прывітала абраз Маці Божай Міласэрнасці ў межах перэгрынацыі, якая праводзіцца з нагоды 35-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі.

У сустрэчы абраза ўдзельнічаў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, для якога гэтая парафія родная. Перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай), галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, пачалася 18 красавіка, завяршэнне плануецца 16 лістапада. За час перэгрынацыі абраз пабывае ва ўсіх касцёлах і капліцах дыяцэзіі.

Арцыбіскуп цэлебраваў у парафіі Імшу і прамовіў гамілію. Ён адзначыў, што культ Божай Маці Вастрабрамскай вельмі распаўсюджаны на нашай зямлі і гэта сведчанне таго, як наш народ давярае Ёй і верыць у Яе дапамогу. Тое, што на абразе Панна Марыя прадстаўлена з пустымі рукамі, сімвалізуе, па словах іерарха, Яе гатоўнасць дапамагаць людзям.

Арцыбіскуп дадаў, што сёння вельмі папулярны культ Езуса Міласэрнага, першы абраз якога быў выстаўлены для публічнага ўшанавання менавіта ў віленскай вастрабрамскай капліцы, і што міласэрнасць – галоўная характарыстыка Бога. Іерарх нагадаў, што вастрабрамскую капліцу штодзённа наведваюць тысячы пілігрымаў, у 1993 г. там пабываў Ян Павел II, які ў звароце да беларускіх вернікаў выказаў Панне Марыі падзяку за дар рэлігійнай свабоды пасля доўгіх гадоў вымушанага маўчання пра Бога, а Папа Францішак падчас наведвання капліцы ў 2018 г. сказаў, што, нягледзячы на змены ў свеце, Марыя Вастрабрамская застаецца знакам надзеі, суцяшэння і апекі.

“Нашы продкі, таксама і ў часы ганенняў, пілігрымавалі ў Вострую Браму і прасілі аб ласках для сябе і свайго народа. Бог выслухаў іх і адарыў нашу краіну ласкай свабоды веравызнання. Цяпер, калі ў Вільню паехаць няпроста, Маці Міласэрнасці ў сваёй выяве прыбывае да нас у час шматлікіх маральных і грамадскіх выклікаў, прычына якіх у адкідванні чалавекам Божага закону і жаданні жыць па сваім законе, – сказаў арцыбіскуп. – Паводле Яна Паўла ІІ, адзіная надзея свету – Божая міласэрнасць, якая зыходзіць ад Міласэрнага Езуса, да якога вядзе Марыя”.

“Свет мае патрэбу ў тых, хто будзе сведчыць аб евангельскіх каштоўнасцях, якія гарантуюць будаўніцтва здаровага і трывалага грамадства. Нездарма Папа Леў XIV заклікае перайсці ад пасіўнай рэлігійнасці да актыўнай. Хрысціянскае сведчанне – гэта не проста пераказ рэлігійных ісцін, а жывы і дзейсны інструмент пераўтварэння свету. Таму мы павінны жыць праўдай Хрыста і быць яе актыўнымі сведкамі”, – адзначыў арцыбіскуп. Ён дадаў, што перэгрынацыя – вялікая ласка і магчымасць аднавіць культ Маці Міласэрнасці, не толькі чарговая рэлігійная і культурная падзея, а добрая нагода ажывіць веру, надзею і любоў.

Одельск 13

На наступны дзень арцыбіскуп цэлебраваў Імшу зноў у адэльскім касцёле, а затым у капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Падліпках, якая адносіцца да адэльскай парафіі.

У гаміліі ён адзначыў, што літургічныя чытанні гэтага дня засяроджаны на найвялікшай запаведзі – любіць Бога ўсім сэрцам, душой і розумам, а бліжняга як самога сябе. Іерарх назваў любоў да бліжняга “лакмусавай паперкай любові да Бога”, бо “як можна любіць Бога, якога не бачым, калі не любім бліжняга, якога бачым”, падкрэсліў, што яна павінна вызначацца канкрэтнымі ўчынкамі.

“У II стагоддзі адзін язычнік пісаў імператару Адрыяну, што хрысціяне любяць адзін аднаго, дапамагаюць адзін аднаму, дзеляцца з тымі, хто ў патрэбе, запрашаюць дадому падарожнікаў і што гэта сапраўды новы тып людзей, у якіх ёсць нешта Божае, – распавёў арцыбіскуп. – Гэтаму Божаму вучыць нас Марыя – Маці Міласэрнасці. Цнота міласэрнасці праявілася ў Яе ўжо ў час звеставання: Яна магла не прыняць Божага запрашэння стаць Маці Збаўцы і гэтым зачыніла б дзверы Божай міласэрнасці, але прыняла яго. (…) Яна выпрасіла ў Бога цуд свабоды веравызнання для нашага народа, як абяцала ў Фаціме”.

Подлипки 4

Іерарх адзначыў, што ў марыйных санктуарыях здараецца найбольш цудаў, што там атрымліваюць дар фізічнага і духоўнага здароўя і што ў вастрабрамскім санктуарыі знаходзяцца дзясяткі тысяч вотаў – знакаў падзякі за атрыманыя ласкі. Ён прывёў прыклады навяртання людзей у Вострай Браме, пра якія даведаўся, калі быў там вікарыем.

Арцыбіскуп завяршыў гамілію малітвай: “Маці Міласэрнасці, не пакінь нас у складаны момант нашай гісторыі. Дапамажы захаваць веру непарушнай у часы небяспечных маральных выклікаў. Умацуй надзею нават насуперак надзеі. Выпрасі ў свайго Сына ласку любіць Бога і любіць бліжняга, як самога сябе, каб будаваць цывілізацыю любові, якая перамагае ўсялякае зло”.

Пробашч кс. канонік Віктар Мыслюк ад імя парафіян падзякаваў арцыбіскупу за тое, што ён удзельнічае ў важных падзеях жыцця сваёй роднай парафіі і наведаў яе цяпер, у час сустрэчы з абразом Маці Міласэрнасці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі