Skip to main content

У Свіслачы а. Антоні Пажэцкі адзначыў срэбраны юбілей святарства

photo 2026 10 26 17 04 1324 кастрычніка ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы і св. Францішка Асізскага ў Свіслачы (Бераставіцкі дэканат) адбылася Імша з нагоды срэбранага юбілею святарства пробашча а. Антонія Пажэцкага OFMConv. Літургію цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з айцом Антоніем юбілей святарства адзначаў кс. Карэнцін Банавентура Н’тонтас, які вучыўся з ім на адным курсе ў санкт-пецярбургскай семінарыі. Арцыбіскуп Кандрусевіч 25 гадоў таму ўдзяліў ім пасвячэнне.

Прысутнічала вялікая колькасць парафіян і гасцей, у тым ліку духавенства на чале з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем. На літургіі дзякавалі Богу за дар святарства і служэнне святароў.

Зыходным пунктам гаміліі арцыбіскупа былі евангельскія словы: “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў”. Іерарх адзначыў, што ініцыятыва паклікання належыць Езусу Хрысту, які выбірае не абавязкова лепшых, але і слабых, каб адарыць сваёй ласкай, прыклад чаго – пакліканне галілейскіх рыбакоў і мытніка быць апосталамі, і што Езус не ўзводзіць святара на “п’едэстал гонару”, а пасылае ў свет, каб ён вёў людей да Бога дзеля іх збаўлення.

photo 2026 10 26 17 04 17

Арцыбіскуп дадаў, што абодва юбіляры ў розных кутках свету адказалі на голас Хрыста словамі прарока Ісаі: “Вось я, Пане, пашлі мяне”. Ён нагадаў, што ксёндз Банавентура нарадзіўся ў Конга, хацеў быць інжынерам, скончыў палітэхнічны інстытут ва Уладзіміры, а пасля паступіў у семінарыю, служыў у парафіях Санкт-Пецярбурга, вучыўся ў Рыме, выкладае Святое Пісанне ў семінарыі і тэалагічным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу, апякуецца студэнтамі з Афрыкі, праводзіць рэкалекцыі ў Расіі і Беларусі. Айцец Антоні Пажэцкі нарадзіўся ў Гродне, быў міністрантам францішканскай парафіі, калі цяперашні арцыбіскуп быў там пробашчам, праходзіў фармацыю ў ордэне францішканаў, потым таксама вучыўся ў санкт-пецярбургскай семінарыі, займаўся будаўніцтвам францішканскага кляштара ў Санкт-Пецярбургу, быў пробашчам францішканскай парафіі ў Гродне.

Па словах арцыбіскупа, “святар сутнасна адрозніваецца ад іншых, бо Божай моцай абвяшчае Евангелле, асвячае людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і ў служэнні кіруе імі”. “Сучасны свет адракаецца ад Бога, заграз у шматлікіх праблемах і ліхаманкава шукае шляхі іх вырашэння, але не можа знайсці, – сказаў іерарх. – Касцёл прапануе свету эфектыўную вакцыну супраць пандэміі духоўных і сацыяльных хваробаў нашага часу – Евангелле. Яго неабходна абвяшчаць нескажонай і зразумелай сучаснаму чалавеку мовай, выкарыстоўваючы новыя сродкі евангелізацыі, каб эфектыўна евангелізаваць і адказваць на выклікі часу”.

photo 2026 10 26 17 04 14 3

“Чвэрць стагоддзя нашы юбіляры здзяйсняюць сакрамэнты і тым самым асвячаюць людзей патрэбнай для збаўлення Божай ласкай. У гэтым служэнні ніхто не можа іх замяніць, бо толькі яны дзейнічаюць моцаю Хрыста – in persona Christi. Увесь гэты час яны кіруюць даручаным ім Божым народам праз служэнне, ведаючы, што святарства не для валадарства, а для служэння”, – адзначыў арцыбіскуп. Ён дадаў, што “ўсё часцей гучыць думка, быццам святара могуць замяніць штучны інтэлект і гуманоіды, але гуманоіды – бездухоўныя машыны, якія не ведаюць што такое сумленне, радасць, смутак, прабачэнне, таму такая ідэя не мае ніякай рацыі”.

“У хвіліну паклікання Езус спытаў сённяшніх юбіляраў, ці любяць яны Яго. Сваім служэннем яны пацвердзілі гэта. У аснове святарскага служэння знаходзіцца пытанне любові да Хрыста, якое праецыруецца на любоў да людзей, – сказаў арцыбіскуп. – Касцёл дзякуе вам за вернасць выбранаму шляху і просіць працягваць яго на славу Бога і для збаўлення людзей”.

Ён звярнуў увагу на тое, што абодва святары адзначаюць юбілей у юбілейны год святога Францішка Асізскага, які “наследаваў Хрыста згодна з духам Евангелля, адаптуючы да выклікаў свайго часу, каб прывесці чалавека да Бога”. Іерарх дадаў, што так павінен паступаць і святар нашага часу. Ён заахвоціў юбіляраў “заставацца вернымі пакліканню, не паддавацца сучасным ліберальным тэндэнцыям, прадстаўляць людзям Евангелле як жыццёвы компас” і пажадаў, каб прыклад іх служэння дапамог моладзі пачуць голас паклікання.

Віншаванні юбілярам, найперш айцу Антонію, які шмат гадоў служыць у Гродзенскай дыяцэзіі, выказаў біскуп Уладзімір Гуляй. Ад імя Касцёла ён падзякаваў святару за адданае служэнне і запэўніў у малітве аб тым, каб Езус, Найвышэйшы і Вечны Святар, пастаянна благаслаўляў яго, удзяляў духоўныя і фізічныя сілы і адорваў глыбокім супакоем.

Парафіяне падзякавалі біскупам за візіт і таксама выказалі віншаванні юбілярам.

 

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі