Skip to main content

Служыцелі курса “Альфа” з Навагрудка ўзялі ўдзел у першай фармацыйнай сустрэчы

photo 2026 10 27 15 24 24Служыцелі евангелізацыйнага курса “Альфа” з Навагрудка ўдзельнічалі у першай у Беларусі фармацыйнай сустрэчы служыцеляў гэтага курса, якая прайшла 25 кастрычніка ў мінскім касцёле Божага Цела.

На сустрэчы прысутнічалі таксама служыцелі курса з Мінска, у цэлым было каля 100 чалавек. Удзельнікі называюць сустрэчу важнай падзеяй для каталіцкай супольнасці нашай краіны, знакам новага этапу евангелізацыі. Яны адзначаюць, што такая вялікая колькасць прысутных стала “яркім сведчаннем жывога водгуку на пакліканне Хрыста і жадання несці святло Евангелля ў сучасным свеце”.

“Аб’яднанне сталічнай і навагрудскай супольнасцяў падкрэсліла галоўнае: місія евангелізацыі не ведае межаў, яна будуецца на адзінстве сэрцаў і агульнай мэце”, – дадаюць удзельнікі.

Курс “Альфа” — вядомы ва ўсім свеце інструмент новай евангелізацыі, які дапамагае людзям задаць галоўныя пытанні пра сэнс жыцця, веру і асобу Езуса Хрыста.

Дзейнасць служыцеля курса на абшары новай евангелізацыі патрабуе глыбокай укаранёнасці ў веры і валоданнем якаснай багаслоўскай базай. Таму першым этапам фармацыі беларускіх служыцеляў стала “Школа вучня Хрыста”, разлічаная на 16 сустрэч і пабудаваная на прынцыпе цэласнага духоўнага і інтэлектуальнага росту.

Праграма кожнай сустрэчы “Школы вучня Хрыста” ўключае праслухоўванне тэматычных лекцый, якія раскрываюць асновы каталіцкай веры і духоўнага жыцця; працу ў малых групах, дзе адбываецца абмен досведам веры, братэрскія адносіны; індывідуальную працу з Божым словам, якая дазваляе асабіста сустрэцца з Богам у малітве і разважанні над Пісаннем; вывучэнне Магістэрыума Каталіцкага Касцёла, што дапамагае сфарміраваць цэласнае, глыбокае і сістэмнае разуменне веры, абапіраючыся на вучэнне і мудрасць Касцёла.

“Першая сустрэча стала толькі адпраўной кропкай. Наперадзе месяцы паглыблення неабходных адмысловых ведаў і ўнутранай трансфармацыі. Але галоўнае — падрыхтоўка да таго, каб у будучыні прыняць у свае супольнасці новых людзей, спадарожнічаць ім на шляху веры і дапамагчы асабіста сустрэцца з жывым Богам”, – кажуць удзельнікі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі