27 кастрычніка ў многіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі, у тым ліку катэдры св. Францішка Ксаверыя, дзеці маліліся Ружанец за мір для ўсіх народаў і краін, паяднанне і спыненне войнаў.
Такім чынам яны ўзялі ўдзел у сусветнай малітоўнай акцыі “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы”, якую штогод арганізуе Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”.
Мэта акцыі – паказаць магутнасць Ружанца, калі яго моляцца дзеці ў інтэнцыі міру ў сваіх сем’ях, сваіх краінах і ўсім свеце. У Каталіцкім Касцёле ружанцовай малітве прысвечаны месяц кастрычнік.
У катэдры сабраліся дзеці з розных парафій горада, у малітве ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Звяртаючыся да дзяцей, іерарх падкрэсліў важнасць іх малітвы, пра якую святы Піо казаў: “Калі мільён дзяцей памоліцца на ружанцы, свет зменіцца”. Біскуп адзначыў, што сёння свет як ніколі мае патрэбу ў міры, згодзе і суцяшэнні, падзякаваў дзецям за тое, што яны “з’ядналі галасы ў шчырай малітве”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






