Skip to main content

Адышоў у вечнасць а. Караль Барнась, які служыў на Гродзеншчыне

candles 492171 1280 2 10 1 2

Курыя Гродзенскай дыяцэзіі паведамляе, што раніцай 19 снежня ў кляштары Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Тухуве (Польшча) адышоў у вечнасць а. Караль Барнась CSsR. З 1990 па 2010 год ён служыў у Гродзенскай дыяцэзіі.

Айцец Караль нарадзіўся 1 лютага 1935 г. у Польшчы. Прэзбітэрскае пасвячэнне яму ўдзяліў 26 чэрвеня 1960 г. у Тухуве арцыбіскуп Уладзімір Ясінскі.

На працягу 30 гадоў служыў у Польшчы ў розных кляштарах супольнасці рэдэмптарыстаў, да якой належаў. Завочна вучыўся ў Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве. У 1990 г. прыбыў у Беларусь. Быў пробашчам парафій Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах i Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Заневічах, дэканам Бераставіцкага дэканату. Пасля 20 гадоў працы ў Гродзенскай дыяцэзіі, у 2010 г., вярнуўся ў Польшчу – яму было 75 гадоў, з якіх на працягу 50 ён быў святаром. З гэтага часу прабываў у супольнасці рэдэмптарыстаў у Тухуве.

Рисунок1

У якасці прызнання руплівага і плённага служэння на Беларусі Папа Бэнэдыкт XVI у адказ на зварот біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ўзнагародзіў айца Караля крыжам “Pro Ecclesia et Pontifice” – такім чынам быў адзначаны яго вялікі ўклад у жыццё дыяцэзіі.

У памяці вернікаў Гродзеншчыны, асабліва тых парафій, дзе ён служыў, айцец Караль застаўся як руплівы і адданы святар, які не баяўся фізічнай працы, беручыся за яе з вялікай ахвотай, валодаў добрым пачуццём гумару і здольнасцю прыцягваць людзей сваёй простасцю і пакорай.

Пахавальная Імша адбудзецца 22 снежня ў санктуарыі Маці Божай Тухуўскай у Тухуве, пачатак у 11.00 па польскім часе.

Даручым спачылага Божай міласэрнасці, каб ён дасягнуў вечнага жыцця.