Дабрачыннае каталіцкае таварыства "Caritas" у Гродне прапануе набыць за ахвяраванне свечкі ўласнай вытворчасці: адвэнтавы набор свечак і свечку для вігілійнага стала.
"Адвэнт - час ціхага чакання, малітвы і надзеі. У гэтыя дні мы рыхтуем сэрцы да сустрэчы з Дзіцяткам Езусам і вучымся заўважаць святло Божай любові ў нашым жыцці, - адзначаюць у дабрачынным таварыстве. - Набываючы за ахвяраванне нашы свечкі, вы дапамагаеце нам працягваць дабрачынную місію - падтрымліваць самотных і тых, хто мае патрэбу. Асабліва важная такая падтрымка ў час Адвэнту, калі мы рыхтуемся да Божага Нараджэння і імкнёмся падзяліцца цяплом і клопатам з бліжнімі".

Адвэнтавы набор свечак можна набыць у курыяльнай краме ў Гродне (вул. Карла Маркса, 4). "Няхай іх цёплае святло суправаджае вашыя малітвы і сямейныя вечары, нагадваючы пра радаснае чаканне Божага Нараджэння", - жадаюць супрацоўнікі "Caritas".
Традыцыйную свечку "Caritas" для вігілійнага стала можна набыць у парафіях. "Няхай яна стане знакам надзеі і еднасці, а яе полымя збярэ блізкіх у малітве і чаканні прыходу Збаўцы", - кажуць у таварыстве.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






