З 20 па 22 лістапада пры навагрудскім касцёле Арханёла Міхала адбыліся рэкалекцыі для слухачоў курса "Альфа" з Мінска, арганізаваныя ў фармаце ўікэнду. Яны былі прысвечаны таямніцы Асобы і дзеяння Духа Святога ў жыцці Касцёла і кожнага хрысціяніна.
У сустрэчы прынялі ўдзел каля 120 чалавек з мінскіх парафій Найсвяцейшай Тройцы, Божага Цела і Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра - як парафіяне, так і актыўныя служыцелі курса. Па словах удзельнікаў, рэкалекцыі далі магчымасць шукаць абнаўлення ў веры і новых сіл для далейшага служэння, сталі сапраўдным часам ласкі, абнаўлення і глыбокай малітвы.
Насычаная праграма, як адзначаюць удзельнікі, дазваляла ўсебакова спазнаць прысутнасць Бога. Галоўнымі пунктамі малітоўных сустрэч сталі сумесныя Імшы, якія, па словах прысутных, глыбока ядналі ўсіх сабраных вакол алтара. Асаблівым і моцным момантам удзельнікі называюць начную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту — яны кажуць, што гэта быў час цішыні, пакланення і асабістай сустрэчы з Хрыстом, калі іх сэрцы адкрываліся на ціхі голас Духа Суцяшальніка.

Неад'емнай і вельмі важнай часткай праграмы былі лекцыі-катэхезы, якія дапамагалі лепш зразумець, хто такі Дух Святы і якая Яго роля ў гісторыі збаўлення, вучылі адрозніваць Яго натхненні ў штодзённым жыцці і прымаць Яго дары. Вялікая ўвага надавалася заступніцкай малітве. Прысутныя вучыліся маліцца адзін за аднаго, прадстаўляючы свае патрэбы Богу з верай і даверам. "Гэтыя моманты суправаджаліся глыбокім духоўным вопытам, калі людзі рэальна адчувалі падтрымку і аздараўляльную моц Духа Святога", - дзеляцца ўдзельнікі.
У канцы рэкалекцый адбылася сустрэча, на якой слухачы і служыцелі курса мелі магчымасць падзяліцца ўражаннямі. Многія адзначылі, што менавіта тут адчулі той самы "верхні пакой", дзе Дух Святы праліўся на апосталаў і Маці Божую.
Удзельнікі кажуць, што гэты ўікэнд стаў "сапраўдным духоўным штуршком", што вярталіся яны "напоўненыя радасцю, мірам і гарачым жаданнем несці святло і сілу Духа Святога ў свае парафіі, сем'і і штодзённае жыццё".
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






