22 лістапада ў гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай адбылася сустрэча моладзі са старшынёй евангелічна-лютэранскай супольнасці ў Беларусі пастарам Уладзімірам Татарнікавым. Яна прайшла ў межах нядзельных моладзевых сустрэч, якія праводзяцца ў гэтай парафіі.
Абмяркоўваліся тэмы, якія, як было адзначана, хвалююць сучасных хрысціян і сярод якіх адной з галоўных быў экуменізм – рух за адзінства хрысціянскіх Цэркваў. Удзельнікі разважалі над тым, як важна пераадольваць гістарычныя падзелы і шукаць тое, што аб’ядноўвае вернікаў розных канфесій.
Было падкрэслена, што, нягледзячы на розныя гістарычныя шляхі і некаторыя багаслоўскія адрозненні, хрысціяне маюць шмат агульнага. У ходзе дыялогу ўдзельнікі сустрэчы вылучылі каштоўнасці, якія назвалі агульнымі для ўсіх хрысціян: любоў (як любоў да Бога, так і любоў да бліжняга, якая, як было сказана, з’яўляецца асновай хрысціянскай веры і маралі), добрыя ўчынкі (акцэнтавалася важнасць жыцця ў адпаведнасці з Божымі запаведзямі, дабрачынных спраў, дапамогі тым, хто ў патрэбе, праяўлення спагады), агульныя духоўныя прынцыпы (было адзначана, што ўсе хрысціяне абапіраюцца на Святое Пісанне, веру ў Езуса Хрыста як Сына Божага і Збаўцу, надаюць важнасць малітве і хрысціянскаму ладу жыцця).
Па словах удзельнікаў, сустрэча стала для моладзі добрай магчымасцю паглыбіць сваё разуменне хрысціянскай веры, умацаваць братэрскія сувязі і натхніцца на далейшае служэнне Богу і людзям.
Пробашч парафіі кс. канонік Юрый Марціновіч, выказваючы пастару падзяку за візіт, назваў прысутнасць прадстаўніка іншай канфесіі надзвычай важным сведчаннем адзінства і ўзаемнай павагі. Ксёндз Юрый дадаў, што на беларускіх землях на працягу стагоддзяў жывуць побач у гармоніі і згодзе вернікі розных канфесій, разам будуючы мясцовую супольнасць.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






