
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, арганісты, дырыжоры, спевакі і кіраўнікі дарослых, дзіцячых і моладзевых хораў!
У дзень успаміну святой Цэцыліі, апякункі касцёльнай музыкі, хачу звярнуцца да вас са словамі шчырай удзячнасці і пашаны. Сёння разам з вамі мы дзякуем Богу за дар музыкі - мовы, якая дакранаецца да сэрца і дапамагае чалавеку ўзносіць душу да Бога.
Сёлета ўспамін святой Цэцыліі супадае з урачыстасцю Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Гэтае спалучэнне ўказвае на самую глыбокую мэту вашага служэння: дапамагаць людзям звяртаць сэрцы да Хрыста. Бо касцёльны спеў - гэта не толькі прыгажосць, якая напаўняе святыню. Гэта малітва, якая аб’ядноўвае супольнасць; гэта голас веры, які ўзносіцца да Пана; гэта хвала, якую Касцёл складае свайму Валадару.
Хрыстус валадарыць не з трона зямной улады, але з крыжа - праз любоў, ахвяру і служэнне. Таму і ваша служэнне асаблівае: праз ноты і галасы, праз працу і рэпетыцыі, праз арганную музыку і супольны спеў вы дапамагаеце праслаўляць Таго, хто з’яўляецца Валадаром нашых сэрцаў і надзеяй свету.
Дарагія арганісты, дзякую вам за музыку, якая вядзе малітву і падтрымлівае спеў вернікаў. Дарагія дырыжоры і кіраўнікі хораў, дзякую за ваш час, цярплівасць і ўменне сабраць розныя галасы ў адно цэлае. Дарагія спевакі, дзякую за кожную рэпетыцыю, кожны спеў і кожны момант, калі вы сваім талентам дапамагаеце парафіяльнай супольнасці ўзносіць хвалу Богу.
Асобна дзякую тым, хто працуе з дзецьмі і моладдзю. Вы не толькі адкрываеце ім свет музыкі, але і дапамагаеце ім адчуць, што іхні голас патрэбны Касцёлу. У дзіцячых і моладзевых хорах не толькі нараджаецца гармонія спеваў - у іх узрастаюць вера, сяброўства і любоў да супольнасці.
Няхай прыклад святой Цэцыліі натхняе вас служыць з радасцю і адданасцю. Няхай Хрыстус, Валадар Сусвету, застаецца цэнтрам кожнага вашага спеву і крыніцай усялякай гармоніі. А ваш талент няхай і надалей будзе дарам для Бога і благаслаўленнем для людзей.
Ад усяго сэрца дзякую вам за служэнне супольнасці Гродзенскага Касцёла. Няхай Пан адорвае вас моцай, натхненнем і радасцю, а святая Цэцылія апякуецца вамі і вашымі хорамі.
З любоўю і пастырскім благаслаўленнем,
ваш біскуп Уладзімір
Гродна, 20.11.2026






