17 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання для святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Паколькі напярэдадні святкавалася ўрачыстасць галоўнай Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне, Панны Марыі Вастрабрамскай, у дзень засяроджання ўдзельнікі – дыяцэзіяльныя святары і духавенства з манаскіх супольнасцяў – маліліся ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае дыяцэзію.
У праграме былі малітва Літургіі гадзін і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. канонік Віталій Сідорка выступіў з канферэнцыяй “Марыя – прыклад веры, а не рэлігіі”. Святар засяродзіў увагу на “народнай” пабожнасці, у тым ліку ўшанаванні Маці Божай. Ён адзначыў, што розныя пабожныя практыкі, каб не ператварыцца ў фармальныя і механічныя рытуалы, павінны быць прасякнуты жывой і свядомай верай.
“Вера – гэта ў першую чаргу Божы дар, ласка, для якой неабходна мець шчырае і адкрытае сэрца”, – сказаў ксёндз Віталій, дадаўшы, што такое сэрца было якраз у Панны Марыі.
Кульмінацыйным пунктам праграмы сустрэчы была Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У семінарыю прыбыла ў межах перэгрынацыі з нагоды 35-годдзя дыяцэзіі копія абраза Маці Божай Вастрабрамскай, яна пабывала ва ўсіх парафіях дыяцэзіі. Па словах біскупа, за гэты час “Марыя нібыта прайшла шляхам нашых святыняў і сустрэлася са сваімі дзецьмі, цяпер гэтая пілігрымка завяршаецца ў семінарыі”. У гаміліі іерарх прапанаваў святарам падумаць над пытаннямі: “Што застаецца ў сэрцы пасля такой сустрэчы з Марыяй? Ці дапамагла нам гэтая пілігрымка яшчэ мацней даручыць сябе Богу? Ці адкрыла нашыя вочы на патрэбы людзей? Ці ўзмацніла ў нас жаданне служыць з большай верай і спагадай?”
Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, біскуп сказаў: “Марыя з поўным даверам прыняла задуму Бога ўвайсці ў чалавечую гісторыю, каб адкрыць нам шлях да Айца. (…) У Яе адказе мы пазнаём сутнасць паклікання. Яно не азначае, што перад чалавекам адразу адкрываецца ўся дарога. Часта яно пачынаецца з голасу Бога, які запрашае даверыцца і зрабіць наступны крок. У семінарыі юнак вучыцца распазнаваць гэты голас. У святарскім жыцці мы працягваем вучобу”.
“Таму важна, каб семінарыя заставалася месцам, дзе Божы голас можна пачуць у цішыні, – дадаў біскуп. – Але кожны святар усё жыццё пакліканы вучыцца быць з Панам, слухаць Яго Слова, дазваляць Яму выпраўляць сябе. Мы можам шмат гаварыць пра Евангелле, але для людзей асабліва важна бачыць, што яно жыве ў нас: у нашай малітве, у павазе да кожнага чалавека, у вернасці, у здольнасці прызнаць уласную памылку і папрасіць прабачэння”.
“Бог паклікаў нас, бо палюбіў і пажадаў даручыць нам служэнне свайму народу (які адважны наш Пан!). Святар павінен заўсёды памятаць, што найперш сам з’яўляецца чалавекам, якому Бог аказаў міласэрнасць. Гэта дапамагае не ўзвышацца над людзьмі і не глядзець на іх з асуджэннем”, – адзначыў іерарх.
Па яго словах, у святара “не на кожнае пытанне людзей ёсць просты адказ, але святар можа быць побач, можа дапамагчы чалавеку не згубіць сувязь з Богам, паказаць, што шлях вяртання адкрыты”. “У гэтым святар падобны да Марыі. Яна не адбірала ў людзей іхнія цяжары, а несла Хрыста, не замяняла Бога, а дапамагала адкрыцца Яго дзеянню. Так і мы пакліканы не прывязваць людзей да сябе, а весці да Езуса. Наша прысутнасць павінна падтрымліваць веру, а не станавіцца перашкодай да яе”, – сказаў біскуп.
“Перегрынацыя абраза нагадала нам таксама пра важнасць блізкасці. Маці Божая прыйшла да людзей у іхніх святынях, – адзначыў ён. – Наша служэнне таксама патрабуе выхаду насустрач. Не заўсёды людзі самі могуць прыйсці да нас. І тады святару трэба зрабіць першы крок: наведаць хворага, патэлефанаваць таму, хто знік з парафіяльнага жыцця, загаварыць з чалавекам, які адчувае сябе чужым. Блізкасць не азначае толькі прысутнасць у адным памяшканні. Гэта ўменне слухаць і не спяшацца перабіваць; бачыць асобу, а не толькі яе праблему; памятаць імя, гісторыю і клопаты чалавека. Часам некалькі хвілін уважлівай размовы могуць стаць для кагосьці знакам, што Бог яго не забыў”.

“Вобраз Маці Міласэрнасці асабліва красамоўны: Яна паказвае нам мацярынскую любоў, якая прымае і заступаецца. Перад абразом Марыі мы можам даручыць Яе заступніцтву ўсё, што назбіралася ў нашым сэрцы за гады служэння”, – сказаў іерарх. Ён дадаў, што “святар не павінен ісці сваёй дарогай адзін”, што “братэрская супольнасць не вырашае ўсіх цяжкасцяў, але дапамагае несці іх разам”.
“Сённяшняя сустрэча ў семінарыі нагадвае нам пра будучыню нашай дыяцэзіі. Маладыя людзі, якія рыхтуюцца да святарства, будуць глядзець на нас і вучыцца ў нас. Яны бачаць не толькі тое, што мы тлумачым на лекцыях або гаворым у казаннях. Яны бачаць, ці маем мы радасць ад цэлебрацыі Эўхарыстыі, ці ўмеем захоўваць адзінства, ці гатовыя служыць і тады, калі працу ніхто не заўважае. Дай жа Божа, каб яны сустракалі ў нас святароў, якія любяць Хрыста і не саромеюцца аддаваць сябе людзям”, – сказаў біскуп.
У канцы сустрэчы прагучалі паведамленні курыі і адбыўся супольны абед.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандра Шчыглінская






