Skip to main content

У Навагрудку прайшлі рэкалекцыі для слухачоў курса “Альфа”

IMG 6077З 13 па 15 лістапада ў рэкалекцыйным доме пры навагрудскім касцёле Арханёла Міхала прайшлі рэкалекцыі для слухачоў курса “Альфа” восеньскага сезону.

Рэкалекцыі былі арганізаваны ў фармаце ўікэнду курса “Альфа”, мелі назву “Выхадныя з Духам Святым” і прапаноўваліся тым, хто імкнецца глыбей пазнаць сваю веру і адкрыць сэрца для дзеяння Трэцяй Асобы Найсвяцейшай Тройцы.

Удзельнічала 35 чалавек, правёў рэкалекцыі пробашч парафіі Арханёла Міхала кс. Юрый Жэгарын. Праграма была распрацавана так, каб кожны ўдзельнік мог паступова і асэнсавана перажыць унутраную трансфармацыю – асабістую сустрэчу з Езусам у Святым Духу.

Сэрцам рэкалекцый была субота. Праграма гэтага дня прапаноўвала розныя формы пабожнасці, уключала канферэнцыі, прысвечаныя таямніцы і дзейнасці Духа Святога, і разважанні, падмацаваныя жывым сведчаннем. Па словах удзельнікаў, гэты дзень быў насычаны глыбокім зместам, канферэнцыі слухалі з вялікай увагай, а разважанні “знайшлі водгук у сэрцах тых, хто шукае Божай волі”.

Нядзеля, апошні дзень рэкалекцый, пачалася з водгукаў удзельнікаў пра тое, наколькі важнымі і духоўна багатымі сталі для іх гэтыя выхадныя. Завяршылася сустрэча Імшой.

Удзельнікі рэкалекцый адзначаюць, што курс “Альфа”, у фармаце якога праходзілі рэкалекцыі, – не проста серыя сустрэч, а прадуманая і пераканаўчая катэхетычная ініцыятыва, заснаваная на керыгме – прапаведванні евангельскіх асноў, і што гэтая ініцыятыва дапамагае не толькі сістэматызаваць веды, але і перажыць асабістую сустрэчу з Божай любоўю, якая ажыўляе і паглыбляе веру.

“Сёння курс “Альфа” як адзін з найбольш дзейсных спосабаў новай евангелізацыі актыўна развіваецца ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі, – дадаюць удзельнікі. – Ён з’яўляецца адказам мясцовага Касцёла на заклікі Другога Ватыканскага Сабору і Пантыфікаў канца XX і XXI стагоддзяў да новай евангелізацыі. Сведчанне гэтага – супольнасці, якія дзейнічаюць ужо ў многіх гарадах краіны: Мінску, Гродне, Віцебску, Глыбокім, Крупках, Навагрудку, Оршы, Нароўлі. Дзякуючы ім Божае слова знаходзіць шлях да сэрцаў усё новых людзей”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі