15 лістапада ў вёсцы Урцішкі пад Іўем адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі. Тытул Маці Божай Вастрабрамскай носіць драўляная капліца ў гэтай вёсцы.
Гісторыя ўзнікнення капліцы наступная. Згодна з ўспамінамі, спачатку на яе месцы стаяла толькі фігура Маці Божай. Аднойчы жыхар суседняй вёскі ўбачыў у сне, што фігура плача, бо ненакрытая. Ён прыскакаў туды на кані і расказаў пра сон мясцовым жыхарам. Пабудаваць і асвяціць капліцу атрымалася праз некалькі гадоў, прыкладна ў 1926-1929 гг. Асвяціў яе кс. Нікадзім Тарасевіч, які, хоць быў пробашчам іўеўскай парафіі апосталаў Пятра і Паўла значна раней, з 1894 па 1912 год, спрыяў з’яўленню гэтай капліцы амаль праз 15 гадоў пасля свайго пераводу на іншае месца.
Будаўніцтвам і ўтрыманнем капліцы займаліся і займаюцца жыхары вёскі. За яе без малога стогадовую гісторыю тут адбываліся хросты, шлюбы і пахаванні.
На ўрачыстасць прыйшлі пяшком з Іўя прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў “Маці ў малітве” і “Легіён Марыі”.
Імшу цэлебравалі дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas-Беларусь” кс. канонік Андрэй Аніскевіч і пробашч іўеўскай парафіі апосталаў Пятра і Паўла кс. Павел Калеснік, дэкан Іўеўскага дэканату. На літургіі маліліся за вёску і дабрадзеяў парафіі.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






