14 лістапада ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася цырымонія заканчэння Першага Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі, які быў скліканы ў 2017 г. біскупам Аляксандрам Кашкевічам і праходзіў пад дэвізам “Жыць Евангеллем”.
Мэтай Сіноду было вызначыць аблічча мясцовага Касцёла і садзейнічаць узрастанню яго супольнасці ў веры і любові. У гэтым кансультатыўным сходзе ўдзельнічалі святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі дыяцэзіі, у яго межах дзейнічалі шаснаццаць камісій і дзве падкамісіі.
Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй запрасіў на цырымонію ўсіх вернікаў дыяцэзіі, святароў і кансэкраваных асобаў. На запрашэнне адказалі многія, катэдра была напоўнена. Сярод прысутных былі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа і сакратар нунцыятуры кс. Чарльз Луанга Ссуна, старшыня беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, выкладчыкі і навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі і Тэалагічнага каледжа св. Казіміра ў Гродне, прадстаўнікі Праваслаўнай і Евангелічна-Лютэранскай Цэркваў, свецкіх уладаў.

У пачатку цырымоніі біскуп Гродзенскі падпісаў дэкрэт аб афіцыйным заканчэнні Сіноду.
Вітаючы прысутных, біскуп назваў цырымонію заканчэння Сіноду гістарычнай для мясцовага Касцёла. Прысутнасць прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы ён назваў “красамоўным знакам духоўнай блізкасці Святога Айца Льва XIV i айцоўскага клопату пра наш Касцёл”, папрасіў іх перадаць Папу ад дыяцэзіяльнай супольнасці выразы “найвышэйшай павагі і глыбокай удзячнасці”, запэўніванне ў “сыноўскай вернасці і гарачай малітве ў яго інтэнцыях”. Прысутнасць прадстаўнікоў іншых Цэркваў, па словах іерарха, “з’яўляецца знакам братэрскіх адносін і мабілізуе яшчэ больш адважна ісці шляхам Евангелля да жаданага адзінства ў Хрысце”. Вітаючы прадстаўнікоў свецкіх уладаў, біскуп сказаў: “Дзяржава і Касцёл, паважаючы аўтаномію і самабытнасць адзін аднаго, разам рэалізуюць шмат задач, мэта якіх – найперш усебаковае дабро чалавека і ўсяго грамадства”.
Генеральны сакратар Сіноду кс. канонік Антоні Грэмза распавёў прысутным пра яго дзейнасць, адзначыў, што ў яе ўключылася шмат духоўных і свецкіх асобаў, удзельнічаючы ў апытаннях, выказваючы прапановы і заўвагі. Ксёндз Антоні расказаў аб працы кожнай з сінадальных камісій, іх ідэях і прапановах, якія знайшлі адлюстраванне ў выдадзеных “Статутах Першага Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі”.

“Сінод прынёс канкрэтныя плёны”
Ініцыятар склікання Сіноду біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, адзначыў: “Ужо сёння мы можам канстатаваць, што Сінод прынёс канкрэтныя, адчувальныя плёны ў выглядзе распрацаваных прававых нормаў і рашэнняў, дастасаваных да сітуацыі і патрэбаў нашага мясцовага Касцёла. Сінод споўніў свае задачы, і гэты факт схіляе нас да ўдзячнасці Богу і з’яўляецца падставай асабістага задавальнення”.
“Ідэя склікаць Сінод не нарадзілася ў мяне спантанна, а была плёнам многіх асабістых роздумаў, нефармальных размоў з братамі ў біскупскім служэнні, святарамі, кансэкраванымі і свецкімі асобамі як з нашага мясцовага Касцёла, так і з іншых дыяцэзіяльных супольнасцяў, – распавёў іерарх. – Адным з фактараў, найбольш натхняльных для прыняцця такога рашэння, была разнастайнасць нашага прэзбітэрыя. (…) Таксама я як біскуп разумеў неабходнасць аб’яднання практык і звычаяў, іх гарманізацыі з мясцовай традыцыяй, у значнай меры заснаванай на багатай духоўнай спадчыне Віленскай архідыяцэзіі. Не было сумненняў, што дыяцэзіяльны Сінод вельмі патрэбны, аднак найперш трэба было рэалізаваць іншыя, больш прыярытэтныя задачы і планы”.
“Можна сказаць, што час дзейнічаў на карысць планаванага Сіноду, бо дазваляў прадказаць, што яго змест будзе багацейшым, а ход больш паспяховым, – дадаў біскуп. – Канчатковае рашэнне склікаць яго было прынята ў пачатку 2017 года, датай афіцыйнага пачатку мы выбралі 16 лістапада 2017 года – урачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай. Такім чынам мы сімвалічна даручылі Сінод мацярынскаму заступніцтву Марыі, Апякункі нашага дыяцэзіяльнага Касцёла”.
Адным з самых цёплых успамінаў, звязаных з Сінодам, біскуп назваў сваю першую сустрэчу са старшынямі камісій у снежні 2018 г.: “Калі кожны з іх прадставіў праблематыку і вынікі праведзенай працы, я адчуў вялікую радасць і спакой. Я бачыў шырокі аб’ём праблематыкі, відавочнымі былі глыбокі і сур’ёзны падыход да тэм, якія распрацоўваліся, вялікая асабістая зацікаўленасць старшынь і членаў камісій. Тады я канчаткова ўмацаваўся ў перакананні, што Сінод у добрых руках і яго праца прынясе шчодрыя плёны. Сёння бачу, што не памыліўся”.
Іерарх падзякаваў свайму наступніку біскупу Уладзіміру Гуляю за тое, што ўзяў на сябе і давёў да канца працу Сіноду, падзякаваў генеральнаму сакратару, членам камісій і ўсім, хто ўдзельнічаў у яго дзейнасці.
Затым адбылася Імша падзякі Богу за дар Сіноду, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі.
“Час выйсці за межы і дзяліцца атрыманымі дарамі”
У пачатку літургіі да прысутных звярнуўся Апостальскі нунцый. Ён сказаў, што для Гродзенскай дыяцэзіі 35 гадоў існавання сталі “часам, багатым на ласку, вернасць, ахвярнасць і надзею”, што “супольнасць здолела адрадзіцца пасля цяжкіх дзесяцігоддзяў, аднавіць свае структуры, выхаваць святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, зрабіць Евангелле прысутным у жыцці многіх людзей”. “Сінод адбыўся ў асабліва значны момант, – падкрэсліў нунцый. – Ён быў скліканы не для таго, каб проста адзначыць ужо дасягнутае ці стварыць дакументы для архіваў. Дыяцэзіяльны Сінод не з’яўляецца толькі сходам, пакліканым разважаць пра сучаснасць або планаваць будучыню. Гэта час слухання, малітвы і касцёльнага распазнавання, у якім Божы народ, з’яднаны са сваім пастырам, імкнецца больш выразна распазнаць волю Пана адносна жыцця і місіі Касцёла. Ён нараджаецца з усведамлення таго, што Касцёл належыць Хрысту, і з упэўненасці, што Дух Святы працягвае падтрымліваць і весці яго праз выклікі і магчымасці любога часу”.

“Слова “сінод” азначае “ісці разам”, – дадаў нунцый. – Аднак сумесны шлях – не столькі арганізацыйны метад, колькі глыбока евангельская рэчаіснасць. Вучні ідуць разам таму, што ідуць за Хрыстом. (…) Таму першая задача кожнага сапраўды сінадальнага шляху – дапамагчы вернікам зноў паставіць Хрыста ў цэнтр свайго жыцця”.
“Сінадальная праца стала каштоўнай нагодай для эклезіяльнага распазнавання. Касцёл на Гродзеншчыне разважаў над тым, як у цяперашніх умовах абвяшчаць Евангелле з адноўленай эфектыўнасцю, каб прынятая вера працягвала нараджаць хрысціянскае жыццё, надзею і сведчанне. Менавіта гэтую адказнасць Сінод сёння перадае ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці. Плады гэтага шляху змогуць поўнасцю даспець у той ступені, у якой уся касцёльная супольнасць здолее аднавіць сваю адданасць справе перадачы веры, прысвячаючы асаблівую ўвагу сем’ям, дарослым і моладзі, – звярнуў увагу нунцый. – Менавіта гэтыя сферы ўяўляюць сабой адзін з галоўных душастырскіх прыярытэтаў Касцёла”.

Па словах прадстаўніка Папы, “гэты выклік, які стаіць перад усім Касцёлам у Беларусі, можа ператварыцца ў вялікую духоўную магчымасць”. “Мы пакліканы нанова адкрываць веру і жыць ёю як асабістым, свядомым і перакананым выбарам, – дадаў ён. – Вера, якая нараджаецца з сустрэчы з Уваскрослым Панам, становіцца жывым сведчаннем і нараджае місійны імпэт. Тут выяўляецца асаблівая адказнасць, даручаная кожнаму ахрышчанаму”.
“Кожнае сапраўднае хрысціянскае сведчанне ў штодзённым жыцці спрыяе місіі Касцёла і робіць Хрыста прысутным у канкрэтных рэаліях грамадства. У гэтым сэнсе Сінод можна разглядаць не як пункт прыбыцця, а як пункт адпраўлення. Ён завяршае этап слухання і распазнання, але адкрывае новы перыяд касцёльнай суадказнасці. Усе мы пакліканыя ўдзельнічаць у гэтай місіі, – падкрэсліў арцыбіскуп. – Цяпер Пан просіць Гродзенскую дыяцэзію выйсці за ўласныя межы і дзяліцца атрыманымі дарамі з іншымі”.
“Узнясём Богу падзяку за ўсё, што Ён здзейсніў у гэтай умілаванай дыяцэзіі, але будзем таксама прасіць аб дары мудрасці, распазнання, мужнасці і трываласці, каб тое, што было пасеяна ў гэты благаслаўлёны час ласкі, прынесла багаты плён”, – заклікаў нунцый.
“Тэарэтычны этап Сіноду за намі, наперадзе рэалізацыя”
У гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй назваў гэты Сінод “падзеяй шматвымернай, якая мае вялікае гістарычнае, грамадскае і культурнае значэнне”. Ён прапанаваў зірнуць на Сінод як на “падзею найперш тэалагічнага характару, якая дазволіла асабіста адчуць, глыбока перажыць і як бы нанова адкрыць для сябе таямніцу Касцёла як звышнатуральнай супольнасці новага Божага народу”.
“Сінод – сумесны шлях, якім мы ідзём разам як адна супольнасць мясцовага Касцёла, – сказаў біскуп. – Не ігнаруючы адрозненняў паміж духавенствам, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі ў місіі, якую яны павінны спаўняць у Касцёле, і ў спосабах рэалізацыі іх паклікання, мы ўсвядомілі, што ўсе мы, хто ўтварае адну сям’ю дыяцэзіяльнага Касцёла, дапаўняем адзін аднаго, узбагачаем, з’яўляемся адзін для аднаго дарам і выклікам, нясём адзін за аднаго адказнасць.

(...) Мы вучыліся глядзець на ўсе адрозненні паміж намі як на цудоўны шанс будаваць адзінства ў разнастайнасці, які дазваляе нам убачыць Касцёл як супольнасць заўсёды маладую, дынамічную, адкрытую на змены, якая нікога не ігнаруе і не выключае, а яднае ўсіх вакол Хрыста як свайго Галавы і Правадніка. У нас была магчымасць адчуць, што Касцёл – не ўласнасць духавенства ці арганізацыя, якая аказвае рэлігійныя паслугі, у якую мы прыходзім звонку, каб вырашаць розныя справы”.
“Мы можам успрыняць як асаблівы знак Божага Провіду тое, што Сінод супаў у часе з Сінодам Біскупаў на тэму сінадальнасці, – дадаў іерарх. – У нас была магчымасць неаднаразова чуць рашучыя словы Папаў Францішка і Льва XIV і выказванні біскупаў з усяго свету аб неабходнасці ісці шляхам сінадальнасці, які дазваляе Касцёлу адкрывацца на людзей, услухоўвацца ў голас Духа Святога і распазнаваць, што Бог хоча сказаць супольнасці сваіх вызнаўцаў і ў якім кірунку яе весці”.
“У сэрцы нараджаецца жаданне дзякаваць Богу за тое, што наш мясцовы Касцёл праявіў немалую адвагу і сталасць, каб стаць на шлях сінадальнасці. Мы пазбеглі спакусы, перад якой нас перасцерагаў Папа Францішак: з-за страху невядомага схавацца за адгаворкамі тыпу “не трэба” i “мы заўсёды рабілі гэта так” (10.10.2021), – адзначыў біскуп. – Гэтая адвага глядзець наперад і шукаць новыя кірункі рэалізацыі сваёй місіі ў зменлівым дынамічным свеце зусім не азначае парывання з традыцыяй ці духоўным набыткам папярэдніх пакаленняў. (…) Недаацэньванне такога цудоўнага скарбу традыцыі або парыванне з ім было б падобным да падпільвання каранёў”.

“Адначасова праца сінадальных камісій паказала, што ўсё больш складаныя выклікі сучаснасці патрабуюць ад Касцёла здольнасці глыбока і ўмела распазнаваць бягучую сітуацыю і адвагі ў тым, каб брацца за справу новай евангелізацыі, – сказаў біскуп. – Асабліва цешыць мяне тое, што Сінод не абмежаваўся звяртаннем увагі на разнастайнасць і складанасць сучасных праблем, а прапанаваў канкрэтныя рашэнні і кірункі, якімі наш Касцёл на Гродзеншчыне павінен ісці. Можна было пачуць у голасе духоўных і свецкіх асобаў, якія ўдзельнічалі ў працы Сіноду, ноты шчырага клопату аб сённяшнім і заўтрашнім дні нашай дыяцэзіяльнай супольнасці”.
“Мы святкуем заканчэнне Сіноду, але на самой справе толькі распачынаем яго, – падкрэсліў іерарх. – За намі першы этап, больш “тэарэтычны”, які засноўваўся на перыядычных сустрэчах сінадальных камісій і працы па наданні пастановам Сіноду формы прававых актаў. Перад намі “практычны” этап, які засноўваецца на рэалізацыі Сіноду, значыць яго ўвасабленні ў жыццё, дзякуючы чаму мы як супольнасць дыяцэзіяльнага Касцёла яшчэ больш будзем “жыць Евангеллем”, згодна з сінадальным дэвізам. Даручым Божаму Провіду гэты чарговы этап. Будзем глядзець у будучыню з адвагай і надзеяй і маліцца адзін за аднаго, каб мы здолелі як мага больш верна ўвасобіць у жыццё прынятыя на Сінодзе пастановы і рашэнні”.
У канцы літургіі біскуп уручыў дэканам усіх дэканатаў дыяцэзіі і прадстаўнікам вернікаў статуты Сіноду, каб з імі можна было знаёміцца ў парафіях.
“Пасля Сіноду пачынаецца сумеснае дзеянне”
Звяртаючыся да прысутных ад імя епіскапату, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які паходзіць з Гродзенскай дыяцэзіі, назваў заканчэнне Сіноду “сапраўдным адкрыццём новай старонкі ў гісторыі Касцёла на Гродзеншчыне”. “Святы Айцец Францішак, тлумачачы сутнасць Сіноду Біскупаў у Ватыкане, часта паўтараў: “Сінод – не парламент, дзе галасуюць за большасць, гэта прастора, дзе дзейнічае Святы Дух”. Вы сабраліся менавіта дзеля таго, каб пачуць голас Святога Духа, і сёння мы бачым, як гэты голас ператвараецца ў канкрэтныя рашэнні для вашай супольнасці, – сказаў арцыбіскуп тым, хто ўдзельнічаў у дзейнасці Сіноду. – Ваш сінадальны шлях стаў адлюстраваннем таго вялікага закліку да супольнасці, удзелу і місіі, з якім жыве зараз увесь Каталіцкі Касцёл”.

Арцыбіскуп дадаў, што на плечы сённяшняга пастыра Гродзенскай дыяцэзіі кладзецца “адказная місія – перанесці напісанае на паперы ў рэальнае жыццё парафій, у сэрцы вернікаў”. “Словамі Яна Паўла ІІ хачу паўтарыць: “Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!” – менавіта з такой адвагай Вы будзеце весці Касцёл на Гродзеншчыне наперад, увасабляючы сінадальныя пастановы ў жыццё”, – сказаў іерарх, звяртаючыся да біскупа Гродзенскага.
“Чаму пастановы гэтага Сіноду такія важныя для Касцёла на Гродзеншчыне? Калісьці я меў магчымасць сказаць гэта і паўтару сёння: “Сінод – не кропка ў гісторыі, а двукроп’е, пасля якога пачынаецца сумеснае дзеянне – адзінства ў разнастайнасці”. Прынятыя пастановы вызначылі кірунак катэхізацыі, літургічнага жыцця, працы з моладдзю і сужэнствамі на бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Яны дапамогуць быць Касцёлам блізкім, чулым і адкрытым”, – патлумачыў арцыбіскуп.

У канцы цырымоніі біскуп Гродзенскі падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у працы Сіноду, рыхтаваў да выдання яго дакументы, браў удзел у апытаннях, дасылаў лісты, падтрымліваў дзейнасць Сіноду малітвай і ахвярай. Выказваючы падзяку біскупу Аляксандру Кашкевічу, іерарх адзначыў, што, калі прымаў на сябе кіраўніцтва дыяцэзіяй, застаў Сінод “на вельмі прасунутым этапе, яго камісіі функцыянавалі паспяхова, як добра змазаны механізм, таму давесці яго дзейнасць да фіналу не было цяжка ці працаёмка”.
“Сінод, бясспрэчна, духоўна ўзбагаціць наш малады Касцёл на Гродзеншчыне і зробіць яго місію яшчэ больш паспяховай”, – падкрэсліў біскуп Уладзімір Гуляй.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Аляксандра Шчыглінская, Вольга Сяліцкая






