Skip to main content

Mоладзь гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай наведала Навагрудак і Уселюб

photo 2026 11 09 12 05 09У межах актавы ўрачыстасці Усіх Святых моладзь гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай наведала Навагрудак і Уселюб. Удзельнікі пілігрымкі называюць яе “вандроўкай слядамі веры і вялікай любові”.

У навагрудскім касцёле Перамянення Пана пілігрымы памаліліся перад рэліквіямі благаслаўлёных назарэтанак, якія ў час Другой сусветнай вайны здзейснілі гераічны ўчынак – аддалі сваё жыццё, каб уратаваць бацькаў сем’яў. Сястра Фаўстына пазнаёміла гасцей з гісторыяй мучаніцтва назарэтанак.

“Дзякуючы гэтаму кранальнаму аповеду моладзь нанова адкрыла для сябе, якую вялікую сілу мае любоў, што мацнейшая за смерць. Сведчанне жыцця і непахісная пазіцыя благаслаўлёных назарэтанак – магутны ўрок для сучаснага маладога пакалення і праваднік у штодзённасці”, – адзначаюць удзельнікі пілігрымкі.

Затым назарэтанкі правялі экскурсію па аплаткавай майстэрні, дзе вырабляюцца аплаткі для вігілійнага стала, гостыі і камуніканты для Імшы. Маладыя вернікі атрымалі магчымасць пабачыць зблізку працэс стварэння як эўхарыстычнага хлеба, так і аплаткі, пра якую яны кажуць: “Гэты сімвал еднасці ўжо хутка аб’яднае нас за святочнымі сталамі”.

photo 2026 11 09 12 04 48

Наступным пунктам праграмы пілігрымкі стала наведванне гістарычнай святыні ў цэнтры Навагрудка – касцёла Арханёла Міхала. Семінарыст Кірыл пазнаёміў маладых вернікаў з багатай гісторыяй гэтага месца, зрабіўшы гэта, па іх словах, вельмі цікава. Пілігрымы адзначаюць, што сапраўдным перажываннем для іх быў спуск у падзямелле, дзе для іх правялі экскурсію па крыптах. “Гэта было незабыўнае ўражанне… Дакрананне да гісторыі, так шчыльна звязанай з ордэнам дамініканаў, надоўга застанецца ў памяці!” – распавядаюць удзельнікі пілігрымкі.

Затым маладыя вернікі ўдзельнічалі ў Імшы ў капліцы рэкалекцыйнага дома пры гэтай парафіі. Па іх словах, літургія стала цудоўным момантам сумеснай малітвы і засяроджанасці. Пасля літургіі быў абед.

Пілігрымы кажуць, што асаблівае ўражанне на іх аказала наведванне Батароўскага лесу каля Навагрудка, дзе прынялі мучаніцкую смерць благаслаўлёныя назарэтанкі, закатаваныя гітлераўцамі. “Там мы перажылі глыбокія хвіліны засяроджанасці, – адзначаюць маладыя парафіяне. – У цішыні гэтага святога месца нашы сэрцы зліліся ў малітве за ўвесь свет. Прасілі аб міры – як у глабальным маштабе, так і аб асабістым, для кожнага дома і нашых сем’яў”.

Па словах удзельнікаў пілігрымкі, сведчанне благаслаўлёных сясцёр, якія аддалі жыццё за жыхароў горада, стала натхненнем для будавання міру ў штодзённасці.

photo 2026 11 09 12 05 20

Пілігрымка завяршылася ў адной з найстарэйшых беларускіх святыняў – касцёле св. Казіміра ва Уселюбе. “У гэтым знакавым і поўным гісторыі месцы нас сустрэлі з надзвычайнай гасціннасцю”, – кажуць маладыя вернікі. Пробашч кс. Віталій Цыбульскі правёў экскурсію па касцёле, паказаў тэрыторыю вакол яго, распавёў пра ініцыятывы, якія арганізуюцца пры парафіі. Па словах удзельнікаў, экскурсія была цікавай, “пра неверагодныя ініцыятывы ксёндз Віталій расказаў з вялікім захапленнем”.

“Гэтая вандроўка стала для маладых людзей чымсьці большым, чым проста падарожжам, – прызнаюцца ўдзельнікі. – Гэта быў цудоўны час у супольнасці, які паспрыяў будаванню глыбейшых адносін з Богам і адзін з адным. Моладзь вярнулася з поўнымі уражанняў сэрцамі, новай энергіяй і цудоўнымі ўспамінамі!”

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі