Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй выказвае біскупу Пінскаму Антонію Дзям'янку, маці якога Ядвіга 5 лістапада адышла ў вечнасць, спачуванні з выразамі братэрскай падтрымкі і абяцаннем малітвы за памерлую.
У звароце да біскупа Пінскага іерарх піша:
З глыбокім смуткам і жалем прыняў звестку аб адыходзе да Пана Вашай любай маці Ядвігі. Скончылася зямное пілігрымаванне той, якая кожны дзень свайго жыцця ўмела зрабіць цудоўным вызнаннем простай і моцнай веры, сведчаннем бязмежнай любові да Бога і мацярынскага клопату аб сваёй сям'і, прыцягальным прыкладам чалавечай дабрыні, цеплыні і прастаты сэрца.
Прашу Вашу Эксцэленцыю прыняць самыя шчырыя спачуванні, якія выказваю ад уласнага імя, а таксама ад імя Яго Эксцэленцыі біскупа Аляксандра, усіх святароў, асобаў кансэкраванага жыцця і ўсёй супольнасці вернага народу Гродзенскай дыяцэзіі. Выразамі глыбокага спачування атуляю таксама сям'ю і родных спачылай Ядвігі і ўсіх, хто, прабываючы ў жалобе, аплаквае адыход у вечнасць блізкай, любай асобы.
Няхай вера ў Пераможцу смерці, Хрыста Уваскрослага, з якой нанова нараджаецца надзея жыцця вечнага, будзе суцяшэннем у болю разлукі і супакоіць акунутыя ў смутак сэрцы.
Няхай Бог, Айцец бясконцай дабрыні, праз заслугі Мукі, Смерці і Уваскрасення свайго Адзінароднага Сына заззяе сваім міласэрным абліччам над спачылай Ядвігай, а Найсвяцейшая Панна Марыя, Суцяшальніца засмучаных, агорне плашчом сваёй мацярынскай апекі найшаноўнага біскупа і ўсю сям'ю ў жалобе.
З выразамі братэрскага спачування і памяццю ў малітве
Уладзімір Гуляй
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 5 лістапада 2026 г.






