Skip to main content

У гродзенскай катэдры памаліліся за памерлых святароў i кансэкраваных асобаў

imsza 245 лістапада, у межах актавы ўрачыстасці Усіх Святых, калі ў Каталіцкім Касцёле ўспамінаюць памерлых, у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася малітва за спачылых святароў i кансэкраваных асобаў, якія служылі ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Члены катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра здзейснілі малітву літургіі гадзін у інтэнцыі памерлага духавенства. Затым адбылася Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Сярод удзельнікаў цэлебрацыі былі канонікі капітулу, прысутнічалі вернікі катэдральнай і іншых парафій.

Біскуп, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што ў гэты дзень у Касцёле на Гродзеншчыне гучыць асаблівая просьба да Бога, багатага на міласэрнасць і ласку, адарыць вечным жыццём памерлых святароў і кансэкраваных асобаў, якія з вялікай адданасцю служылі ў дыяцэзіі. Іерарх папрасіў маліцца аб тым, каб прыклад спачылых святароў натхняў жывых людзей, асабліва духавенства, быць вернымі свайму пакліканню, любіць Касцёл і кожную даручаную ім душу, заахвоціў выразіць удзячнасць праз дар малітвы за іх.

imsza 7

У гаміліі біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. канонік Віталій Сідорка сказаў, што спачылыя духоўныя асобы “абвяшчалі Божую праўду, па меры сваіх сіл дапамагалі нам пазнаваць Бога” і што “сёння мы можам падзякаваць ім за гісторыю іх жыцця і ўклад у Касцёл”. Ён дадаў, што многія святары загінулі мучаніцкай смерцю ў час Другой сусветнай вайны і што “Хрыстус, Добры Пастыр, паказаў ім, што Ён перамагае смерць”, нагадаў таксама пра тых святароў і кансэкраваных асобаў, якія адышлі ў вечнасць у апошнія гады. “Сёння мы просім, каб працаўнікі на ніве Пана, памерлыя святары і законныя сёстры, былі ў Божым Валадарстве”, – адзначыў ксёндз Віталій.

У канцы Імшы біскуп падзякаваў прысутным вернікам за памяць пра спачылых душпастыраў, а таксама заахвоціў маліцца аб новых, шматлікіх і святых пакліканнях да служэння ў Касцёле, каб на беларускай зямлі не было недахопу ў тых, хто абвяшчае Божае слова і ўдзяляе сакрамэнты.

Удзельнікі літургіі прамовілі ў інтэнцыі памерлых духоўных асобаў малітву “Анёл Панскі”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі