Skip to main content

Ва ўспамін памерлых біскуп Гродзенскі ўзначаліў малітву ў Адэльску

photo 2026 11 04 17 21 342 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу ў адэльскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (дэканат Гродна-Захад).

Літургія была магчымасцю ўспомніць ва ўдзячнай малітве тых, хто адышоў у вечнасць. Прысутнічалі парафіяне і госці.

У гаміліі біскуп адзначыў: “Мы не ведаем усёй таямніцы таго, што адбываецца з чалавекам пасля смерці, але ведаем словы Езуса і верым Яго абяцанню”. Ён дадаў, што вера ва ўваскрасенне “дапамагае нам не заставацца ў адчаі”, “мы можам сумаваць па памерлых і адначасова даручаць іх Богу, не разумець, чаму хтосьці адышоў так рана, і ўсё ж верыць, што Бог ведае кожную чалавечую гісторыю ад пачатку да канца”.

“Сённяшні дзень дапамагае нам убачыць жыццё нашых памерлых не толькі праз апошні момант – хваробу, старасць ці развітанне. Мы ўспамінаем цэлае жыццё: гады працы і малітвы, любоў да сям’і, ахвярнасць, радасць, цяжкасці, усё добрае, што яны ўчынілі, – сказаў біскуп. – Касцёл верыць у чыстцовае ачышчэнне тых, хто памёр у Божай ласцы, але яшчэ не дасягнуў поўнай святасці. Гэта шлях да паўнаты сустрэчы з Богам. Таму наша малітва за памерлых мае сапраўдны сэнс: мы просім Пана, каб Ён ачысціў іх, прабачыў ім і прыняў у сваё Валадарства”. Дапамагчы памерлым, па словах біскупа, можна найперш малітвай, ахвяраваць за іх Імшу ці адпуст, удзельнічаць у набажэнствах за іх, зрабіць справу міласэрнасці.

photo 2026 11 04 17 21 36 2

Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, іерарх прапанаваў падумаць над пытаннем: “Ці няма каменя, які закрывае наша сэрца ад Бога, – каменя непрабачэння, калі мы доўга не можам дараваць, каменя абыякавасці, калі не заўважаем блізкіх людзей, каменя адкладзенай малітвы, калі ўсё збіраемся памаліцца за памерлых, але не знаходзім часу?” “Памяць пра памерлых можа стаць для нас школай любові. Калі мы згадваем тых, хто адышоў, спытаемся: ці добра я стаўлюся да тых, хто цяпер побач? Ці ўмею дзякаваць і прасіць прабачэння? Ці не адкладаю на заўтра размову, якую варта правесці сёння?” – дадаў біскуп.

Галоўным сведчаннем памяці пра памерлых ён назваў “дабро, якое мы працягваем рабіць”: “Калі бацькі вучылі нас маліцца, будзем маліцца. Калі вучылі клапаціцца пра сям’ю, будзем клапаціцца. Калі ад іх мы атрымалі прыклад веры і ахвярнасці, няхай гэты прыклад дапаможа нам жыць па-хрысціянску”.

“Сёння мы молімся за ўсіх памерлых вернікаў, не забываючы пра тых, за каго, магчыма, ужо даўно ніхто не моліцца. Няхай наша малітва ахіне родных і блізкіх, а таксама тых, хто памёр самотным, з кім не паспелі развітацца, чыё імя засталося толькі ў Божай памяці, – сказаў біскуп. – І калі ў гэтыя дні мы будзем стаяць каля магілаў нашых родных, няхай у нашых сэрцах будзе не толькі боль развітання, але і словы надзеі: Хрыстус уваскрос, а значыць, і нашыя памерлыя могуць жыць у Ім”.

Іерарх заклікаў прасіць Бога таксама “ўмацаваць нас у веры, навучыць маліцца, прабачаць і любіць, пакуль маем час”. “Калі прыйдзе час нашага адыходу з гэтага свету, няхай Хрыстус сустрэне нас сваімі словамі: «Я ёсць уваскрасенне і жыццё», – пажадаў біскуп. – Тады мы зразумеем паўнату Божай любові і ўзрадуемся сустрэчы ў доме Айца”.

Пасля Імшы адбылася працэсія вакол касцёла ў памяць пра памерлых, яе ўзначаліў біскуп.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі