30 кастрычніка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Імшу з нагоды дзесяцігоддзя “Радыё Марыя” ў Беларусі.
Сярод прысутных былі супрацоўнікі і валанцёры радыё, у ліку ўдзельнікаў цэлебрацыі быў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Звяртаючыся да калектыву радыё, біскуп Гродзенскі сказаў: “«Радыё Марыя» можна назваць радыёсям’ёй, таму малюся за вашую сям’ю”. Ён папрасіў у Бога ласкі благаслаўлення: “Каб кожны з нас быў паслухмяны Божаму слову, каб мы прымалі яго ў сэрца, каб гэтае Божае слова станавілася Целам праз вашыя душы і вашае служэнне”.
У канцы літургіі біскуп выказаў віншаванні ад Гродзенскай дыяцэзіі калектыву радыё на чале з дырэктарам кс. Аляксандрам Фаміных, слухачам і ўсім, хто спрыяе дзейнасці радыё малітвай і падтрымкай. Дзесяцігоддзе радыё іерарх назваў “важнай датай для ўсіх, хто на працягу гэтых гадоў працаваў, маліўся, служыў дзеля таго, каб яго голас даходзіў да людскіх сэрцаў”.
Біскуп адзначыў, што за кожнай перадачай гэтага радыё “стаіць вялікая праца і вернасць многіх”, што яно “суправаджае чалавека ў самыя звычайныя хвіліны дня”, “праз яго да людзей прыходзяць Божае слова, малітва, разважанні і сведчанні веры”, “для кагосьці перадача становіцца нагодай прыйсці да суцяшэння, а для самотнага чалавека – знакам, што ён не забыты”. “І ў гэтым асаблівая каштоўнасць вашага служэння. Вы дапамагаеце людзям адкрыць сэрцы для прысутнасці Бога”, – сказаў іерарх.

Ён дадаў, што імя Панны Марыі, якое носіць радыё, нагадвае пра “жанчыну, якая з верай прыняла Божае слова і з радасцю панесла Хрыста іншым”. Біскуп пажадаў, каб Маці Божая заставалася для калектыву радыё прыкладам “уважлівага слухання, даверу Богу і гатоўнасці служыць”, каб “кожнае слова, якое гучыць у эфіры, несла праўду, надзею і спакой”, каб наступныя гады для радыё былі напоўненыя Божым благаслаўленнем, творчым натхненнем і адзінствам, каб у служэнні яго працаўнікоў заўсёды было месца для “голасу тых, хто шукае, сумняваецца, перажывае цяжкасці і прагне сапраўднай сустрэчы з Богам”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






