1 лістапада гродзенская парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Імшу ў парафіяльнай капліцы, якая знаходзіцца на найстарэйшых могілках горада, цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
У гаміліі біскуп сказаў, што ўрачыстасць Усіх Святых, якая адзначалася ў гэты дзень, дапамагае ўзняць позірк ад магілаў да Божага Валадарства, ад смутку да надзеі, ад успаміну пра зямное жыццё сваіх памерлых блізкіх да абяцання вечнага жыцця.
Іерарх нагадаў, што галоўнае, што можна прынесці на могілкі памерлым, – малітва, дадаў, што туды прыходзяць “не толькі каб ушанаваць магілу, але і каб стаць перад Богам і даручыць Яму душы тых, каго любілі”. “Малітва за памерлых – гэта не толькі наш абавязак. Гэта справа любові і веры, – дадаў ён. – Мы верым, што Бог міласэрны, што Ён ведае сэрца кожнага чалавека і жадае збаўлення ўсіх”.
Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, біскуп адзначыў: “Часам цяжкасці становяцца такімі вялікімі, што чалавек можа падумаць: ці здолею я захаваць веру? Ці не зламаюць мяне гэтыя абставіны? Слова Божае адказвае: ты не ідзеш адзін. Хрыстус прайшоў праз пакуту і смерць, каб адкрыць нам дарогу да жыцця. Ён падтрымлівае тых, хто змагаецца, уздымае тых, хто падае, і не адмаўляецца ад чалавека, які шукае Яго. Святыя не былі людзьмі без слабасцяў. Яны таксама перажывалі спакусы і няўдачы. Але яны дазвалялі Богу падымаць іх і вярталіся да Яго з даверам. Таму гэтая ўрачыстасць – не толькі свята людзей мінулага. Гэта свята нашай надзеі. Мы верым, што Бог дзейнічае і сёння, што Ён вядзе сваіх дзяцей да паўнаты жыцця”. Па словах іерарха, варта падумаць над пытаннямі: “Ці сапраўды я жыву як Божае дзіця? Ці памятаю, што Бог не з’яўляецца для мяне чужым і далёкім? Ці звяртаюся да Яго з даверам?”
“Мы ведаем, што нашае жыццё не заканчваецца смерцю, але поўная таямніца будучай хвалы застаецца для нас адкрытай. Аднак мы маем надзейнае абяцанне: калі Хрыстус аб’явіцца, мы ўбачым Яго такім, які Ён ёсць”, – сказаў біскуп.
Тлумачачы, хто ў Евангеллі называецца благаслаўлёнымі, іерарх адзначыў: “Можа ўзнікнуць пытанне: чаму Езус называе шчаслівымі тых, каму часта цяжка? Езус не называе шчаслівымі саму беднасць, слёзы або пераслед, не кажа, што трэба радавацца несправядлівасці ці пакутам. Ён абвяшчае, што Бог знаходзіцца побач з чалавекам у ягонай беднасці і смутку, што Ён пачуе таго, хто прагне справядлівасці, і ўзнагародзіць таго, хто застаецца верным”.

Па словах біскупа, “быць убогім духам – значыць не будаваць сваё жыццё на ганарыстасці і самаўпэўненасці, а памятаць, што ўсё атрымліваем ад Бога; быць міласэрным – значыць умець убачыць у іншым чалавеку не толькі яго памылку, але і яго боль; быць чыстым сэрцам – значыць імкнуцца да праўды і не жыць падманам; працаваць дзеля міру (быць міратворцам) – значыць не множыць сваркі, не распаўсюджваць злосць, а шукаць шлях да паяднання”. “Святасць часта не мае гучных назваў. Яна выяўляецца ў тым, як чалавек ставіцца да сваёй сям’і, як клапоціцца пра бацькоў, дзяцей або хворых, як выконвае сваю працу, як перажывае цяжкі перыяд і ці здольны захаваць сумленнасць. Святасць можа быць у стрыманым слове, у прабачэнні, у цярплівасці, у вернасці малітве”, – сказаў іерарх.
“Жыццё спачылых нагадвае нам: час, які мы маем, – каштоўны дар. Не трэба адкладаць любоў на потым. Не трэба чакаць асаблівага выпадку, каб сказаць добрае слова або папрасіць прабачэння. Не трэба думаць, што малітва і дабро могуць пачакаць, – адзначыў біскуп. – Разам з тым магілы не павінны быць для нас знакам безнадзейнасці. Хрысціянін прыходзіць на могілкі з верай ва ўваскрасенне. Магіла нагадвае пра смерць, але Евангелле нагадвае пра пустую магілу Хрыста. Яго ўваскрасенне – пачатак новага жыцця для ўсіх, хто злучаны з Ім. Таму мы смуткуем, але не так, як людзі, якія не маюць надзеі”.
“Наша сапраўдная айчына – у небе. Гэта не азначае, што зямное жыццё не мае значэння. Наадварот: мы павінны добра выконваць свае абавязкі, клапаціцца пра людзей і ствараць дабро там, дзе жывём. Але мы памятаем, што зямны шлях вядзе да вечнай сустрэчы з Богам, – дадаў біскуп. – Сённяшняе свята вучыць нас глядзець на жыццё ў святле вечнасці. Памяць пра памерлых заклікае нас да малітвы і ўдзячнасці. Прыклад святых заахвочвае нас да вернасці. А Евангелле паказвае канкрэтны шлях, якім мы можам ісці ўжо сёння”.
Пасля Імшы біскуп узначаліў працэсію на могілках у інтэнцыі ўсіх пахаваных там.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






