Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч удзельнічалі ў пахавальнай Імшы ў інтэнцыі маці біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі 7 лістапада ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзераўной (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Імшу цэлебраваў біскуп Пінскі, сярод шматлікіх удзельнікаў цэлебрацыі былі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Прысутнічалі законныя сёстры і прадстаўнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з рэктарам кс. Янам Раманоўскім, шматлікія парафіяне з Дзераўной, суседніх Налібокаў і Навагрудкa, у парафіі якога біскуп Антоні Дзям’янка быў пробашчам, дочкі спачылай Ядвігі, у тым ліку настаяцельніца сясцёр бэнэдыктынак у Вільні сястра Імэльда, унукі і праўнукі спачылай.
У гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што жыццё спачылай было сапраўднай хвалой Богу і ціхім, але магутным сведчаннем веры.
Пасля Імшы адбылася працэсія на мясцовыя могілкі, дзе затым спачылая была пахавана побач з мужам.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






