Skip to main content

“Канікулы з Богам” у гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай былі прысвечаны Францішку Асізскаму

photo 2026 11 10 17 01 59У час восеньскіх школьных канікул у гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай прайшлі “Канікулы з Богам” для дзяцей. Арганізатары звярнулі ўвагу на асобу святога Францішка Асізскага, 800-годдзе з часу смерці якога адзначаецца сёлета.

У парафіі кажуць, што гэты час быў “сапраўды цудоўным падарожжам у жыццё аднаго з самых любімых святых”. Канікулы далі магчымасць больш даведацца пра яго жыццё, учынкі, любоў, якую ён нёс у свет, навучыцца жыць па-хрысціянску ў штодзённым жыцці. Дапамогай у гэтым былі для дзяцей гульні і сумесныя справы.

Дзецям распавялі пра жыццё гэтага святога, адзначылі, што ён быў звычайным хлопцам, які любіў весяліцца і марыць, але аднойчы зразумеў, што яго пакліканне – служыць Богу і бліжнім, асабліва тым, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе, і адмовіўся ад багацця і славы, каб жыць у прастаце, любові і радасці. Таксама ім распавялі, што для яго былі важнымі любоў да Бога (ён “бачыў Бога ва ўсім – у сонцы, птушках, кожным чалавеку”), любоў да бліжняга (“клапаціўся пра бедных, хворых і адкінутых, лічачы іх сваімі братамі і сёстрамі”), прастата (“цаніў простыя рэчы і вучыў радавацца таму, што маем”), супакой і дабро (“імкнуўся жыць у міры з сабой і тымі, хто вакол, даруючы і прымаючы ўсіх”).

photo 2026 11 10 17 01 46

Дзецям тлумачылася, як важна несці ў свет тыя ж каштоўнасці, якія нёс гэты святы: радасць (ён “умеў радавацца кожнаму дню і вучыў гэтаму іншых”) – на канікулах дзеці гулялі ў гульні, якія прыносілі радасць і смех; дабрыню (ён “заўсёды быў добры да тых, хто вакол”) – гульні вучылі дзяцей клапаціцца адзін пра аднаго, падтрымліваць і дапамагаць; павагу (Францішак “паважаў кожнага чалавека, незалежна ад яго становішча”) – дзеці вучыліся паважаць адзін аднаго, уважліва слухаць, цаніць меркаванне кожнага; дараванне (ён “вучыў дараваць і быць цярплівымі”) – на канікулах дзеці вучыліся быць сябрамі, якія ўмеюць знаходзіць агульную мову і дараваць памылкі.

“Захапляючыя гульнi дапамаглі ўдзельнікам стаць дабрэйшымі, радаснейшымі і бліжэйшымі адзін да аднаго”, – адзначаюць у парафіі. Арганізаваныя для дзяцей забавы даносілі думку, што “маленькі Францішак – вялікі прыклад”.

Таксама ў межах канікул прайшоў майстар-клас, на якім дзеці разам зрабілі сімвал, цесна звязаны са святым Францішкам, – восліка. У парафіі кажуць: “Вослік для яго быў сімвалам пакоры і прастаты (гэта сціплая жывёла, якая не шукае славы, а Францішак вучыў пакоры і цаніў простыя рэчы), служэння (вослік дапамагае людзям, нясе на сабе грузы, а Францішак прысвяціў жыццё служэнню Богу і тым, хто ў патрэбе), міру (вослік асацыюецца з мірам і супакоем, Францішак імкнуўся да міру ва ўсім)”. На майстар-класе кожны змог стварыць уласнага восліка. “Уклаўшы ў яго часцінку сваёй душы, так, каб гэта атрымалася не проста цацка, а напамін пра каштоўнасці святога Францішка: прастату, пакору, любоў і служэнне, – дадаюць у парафіі. – Дзеці выдатна правялі час разам, абмяркоўвалі і натхняліся”.

Пасля творчай працы, каб яшчэ больш напоўніцца духам міру і любові, удзельнікам было прапанавана разам праспяваць гімн святога Францішка, які натхняе на любоў да ўсяго стварэння і заклікае жыць у згодзе і пакоры.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Дар’юш Касцяневіч