Skip to main content

У Сапоцкіне адзначылі з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча адпустовую ўрачыстасць у гонар Язафата Кунцэвіча

photo 2026 11 12 15 28 2512 лістапада парафія ў Сапоцкіне адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар свайго нябеснага апекуна св. Язафата Кунцэвіча, літургічны ўспамін якога прыпадае на гэты дзень.

Імшу цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, у цэлебрацыі ўдзельнічалі святары Сапоцкінскага дэканату.

Пробашч кс. Антоні Абухоўскі, вітаючы прысутных, адзначыў, што Язафат Кунцэвіч прысвяціў жыццё справе адзінства хрысціян, і заклікаў да малітвы за адзінства і мір паміж усімі народамі і ў кожнай сям’і.

У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі кс. канонік Юрый Марціновіч адзначыў, што многія людзі ў свеце жадаюць аднаго – міру. Па словах святара, пастаянна чуваць пра войны, пакуты людзей і страх заўтрашняга дня, моцна адчуваецца недахоп міру. “Часам гэты недахоп міру пранікае ў нашы сем’і, акружэнне. Сёння так лёгка сказаць вострае слова, абразіць, зачыніць дзверы перад іншым чалавекам”, – сказаў святар.

Ён дадаў, што “мір пачынаецца ў сэрцы, за сямейным сталом, дома, у парафіі” і што святы Язафат нагадвае пра тое, што патрэбна для ўсталявання міру: што для міру патрабуецца працягнутая рука, што мір трэба будаваць праз павагу і што аб міры трэба пастаянна маліцца. Першая думка, па словах ксяндза Юрыя, азначае, што хтосьці павінен першым папрасіць прабачэння, і гэта не слабасць, а найвялікшая адвага, якой вучыць Евангелле; другая – што нават калі з чымсьці не згаджаемся, іншы чалавек павінен заставацца нашым братам; трэцяя – што калі не хапае сіл кагосьці зразумець ці прабачыць, трэба прыйсці да алтара.

“Прыйдзем сюды, паглядзім у вочы святога Язафата і скажам: “Ты аддаў жыццё за згоду паміж людзьмі. Папрасі аб міры для свету, аб згодзе ў маёй сям’і”, – заахвоціў ксёндз Юрый. Ён пажадаў, каб святы Язафат прасіў Бога зрабіць сэрцы людзей вольнымі ад нянавісці, вучыў быць прыладамі міру ў руках Бога і несці святло туды, дзе пануе цемра падзелаў.

Пасля літургіі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, можна было ўшанаваць рэліквіі святога Язафата.

Біскуп падзякаваў прысутным і заклікаў маліцца за Папу Льва XIV, які здзяйсняе пілігрымку ў Паўднёвую Амерыку.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі