16 лістапада біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў Імшу ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. У гэты дзень Касцёл на Гродзеншчыне адзначае ўрачыстасць у гонар сваёй галоўнай Апякункі – Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці.
Сёлетняя ўрачыстасць мела характар падзякі за Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, які скончыўся напярэдадні, і за перэгрынацыю ў дыяцэзіі копіі абраза Маці Міласэрнасці. Перэгрынацыя праводзілася з нагоды 35-годдзя дыяцэзіі, у гэты дзень копія абраза знаходзілася ў катэдры.
У Імшы ўдзельнічалі вернікі гродзенскіх парафій. Біскуп маліўся на літургіі асаблівым чынам за ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, – духоўных і свецкіх асобаў.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на тым, што Панна Марыя “не толькі прымае нашыя просьбы, але і вучыць нас жыць з Богам і быць побач з людзьмі”. “Калі мы называем Марыю Маці Міласэрнасці, то вызнаём, што праз Яе Бог паслаў свету свайго Сына, – патлумачыў іерарх. – Езус Хрыстус – аблічча Божай міласэрнасці. У Ім Бог наблізіўся да чалавека, каб шукаць згубленага, падымаць таго хто ўпаў, вылечваць параненага і вяртаць надзею таму, хто яе страціў. Марыя стала той, якая першай прыняла гэтае Божае набліжэнне і дала яму месца ў сваім жыцці”.
Разважаючы над літургічным чытаннем гэтага дня, дзе апісваецца звеставанне, біскуп адзначыў, што Панна Марыя “прыняла Божую волю не таму, што ўсё для Яе было ясным, а таму, што верыла: Бог не пакіне чалавека, якога паклікаў”. “Божая ласка папярэднічае нашым добрым учынкам і дапамагае нам навяртацца, абнаўляцца і пачынаць зноў. Марыя першай прыняла гэтую ласку асаблівым чынам, дазволіла Богу дзейнічаць у сваім жыцці. Але прыняты дар не стаў Яе асабістым скарбам, які трэба схаваць, – дадаў біскуп. – Яе міласэрнасць – гэта прысутнасць, клопат і гатоўнасць дапамагчы. У гэтым Яна паказвае нам, што той, хто прыняў Божую любоў, не можа жыць выключна для сябе”.
“Мы часта просім Бога аб міласэрнасці, – адзначыў іерарх. – Але прыняць міласэрнасць азначае таксама дазволіць ёй змяніць нашыя сэрцы. Мы пакліканы быць апосталамі Божай міласэрнасці. Апостал не затрымлівае добрую навіну для сябе, а нясе далей. Так і мы, атрымаўшы Божае прабачэнне, павінны вучыцца прабачаць, атрымаўшы суцяшэнне, можам суцешыць таго, хто самотны, атрымаўшы падтрымку, павінны быць побач з тым, хто аслабеў. Не заўсёды гэта патрабуе вялікіх учынкаў”.

Па словах біскупа, перэгрынацыя копіі абраза Панны Марыі Вастрабрамскай стала нагодай да супольнай малітвы ў розных кутках дыяцэзіі, “кожная парафія прымала Маці Божую як сваю Маці, і ў гэтым адчувалася, што мы належым да адной дыяцэзіяльнай сям’і, якую аб’ядноўвае вера ў Хрыста і любоў да Яго Маці”. “Гэтая перэгрынацыя нагадвае, што Марыя не належыць толькі якойсьці адной святыні ці мясцовасці – Яна ідзе да сваіх дзяцей, каб усіх весці да Сына, – падкрэсліў іерарх. – Галоўнае пытанне ў тым, што застанецца ў нашых сэрцах пасля гэтай сустрэчы”. Біскуп дадаў, што гэты абраз нагадвае пра “неабходнасць адчыніць дзверы Хрысту, як Марыя, і адчыніць дзверы свайго сэрца бліжняму”, што мэтай перэгрынацыі было не толькі наведаць парафіі, але і абудзіць у іх жывую веру, умацаваць адзінства і дапамагчы кожнаму адчуць, што ён не самотны на шляху да Бога.
Паколькі перэгрынацыю планавалася завяршыць на наступны дзень у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, біскуп заахвоціў маліцца за семінарыстаў, “каб яны, гледзячы на Марыю, вучыліся слухаць Божае слова і адказваць на яго з даверам”, за святароў, “каб у іх служэнні людзі сустракалі міласэрнага Хрыста”, і аб новых пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця.
“Марыя можа быць блізкай кожнаму, хто сёння перажывае цяжкі час: хвораму, самотнаму, збянтэжанаму, таму, хто змагаецца з грахом або шукае дарогу назад да Бога. Перад Маці Божай Вастрабрамскай мы можам спыніцца са сваім болем і просьбамі. Але пасля гэтай малітвы пойдзем далей – з большай верай, з большым даверам і з сэрцам, адкрытым на бліжняга. Няхай заступніцтва Марыі дапаможа нам зразумець, што кожны, каго мы сустракаем, мае патрэбу ў Божай міласэрнасці – і што часам менавіта праз нас Бог хоча яе яму перадаць, – сказаў іерарх. – Няхай гэтая ўрачыстасць стане для нас нагодай абнавіць нашу веру і нашыя абяцанні. Папросім Марыю навучыць нас слухаць Бога, як Яна, давяраць Яму, як Яна, выходзіць насустрач людзям, як Яна”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






