Skip to main content

У гродзенскай семінарыі прайшоў дзень засяроджання

IMG 129416 лістапада, калі ў Гродзенскай дыяцэзіі святкавалася ўрачыстасць яе Апякункі, Панны Марыі Вастрабрамскай, у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання.

Правёў духоўныя практыкаванні а. Сяргей Гусар OFMCap. У цэнтры яго разважанняў былі два аспекты святарскага служэння — крэатыўнасць і сталасць.

Разважаючы пра святарства, айцец Сяргей засяродзіўся на тым, як можна адкрываць і развіваць дары, атрыманыя ад Бога, і выкарыстоўваць іх у служэнні.
Рэкалекцыяніст адзначыў, што крэатыўнасць дапамагае шукаць спосабы найбольш поўна рэалізаваць сваё пакліканне, а сталасць — адказна і верна жыць ім, і што гэтыя якасці важныя не толькі ў святарскай дзейнасці, але і ў працэсе фармацыі, калі семінарыст вучыцца глыбей разумець сябе і свой шлях.

IMG 1254

Адпраўным пунктам для разважання стаў апостальскі ліст Папы Францішка “Patris corde” (“Бацькоўскім сэрцам”), прысвечаны святому Юзафу. Спасылаючыся на гэты дакумент, святар заахвоціў семінарыстаў адказаць сабе на пытанні: “Чым Бог мяне адарыў?”, “Якое пакліканне майго паклікання?”, “Чым я адрозніваюся ад іншых?” На думку рэкалекцыяніста, гэтыя пытанні дапамагаюць убачыць асабістыя дары і непаўторнасць паклікання, не толькі разважаць, да чаго чалавек пакліканы, але і шукаць, якім чынам ён можа адказаць на Божы заклік менавіта са сваімі дарамі, здольнасцямі і асаблівасцямі, а ўсведамленне ўласнай непаўторнасці можа дапамагчы семінарысту лепш зразумець, дзе і як яго служэнне будзе найбольш плённым.

Таксама ў межах канферэнцый айцец Сяргей распавёў пра ўласны шлях да святарства. Семінарысты маглі задаць пытанні, размова была магчымасцю пачуць пра асабістае перажыванне паклікання з першых вуснаў. Падсумоўваючы разважанні, рэкалекцыяніст заахвоціў будучых святароў адкрыць, у якой галіне кожны з іх можа найлепш служыць і рэалізоўваць свае дары.

У семінарыі адзначаюць, што дзень засяроджання стаў для ўдзельнікаў магчымасцю задумацца, паразважаць над уласным пакліканнем і глыбей прыгледзецца да таго, як Бог вядзе кожнага з іх.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі