Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце Пану!
Адзначаючы сёння ў літургіі Касцёла ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, мы завяршаем чарговы літургічны год. Гэты дзень зноў нагадвае нам праўду пра тое, што Езус Хрыстус павінен быць галоўнай мэтай усяго нашага зямнога жыцця. Менавіта да Яго маюць быць скіраваны ўсе нашы штодзённыя намаганні, бо толькі тады яны набываюць сапраўдны сэнс, вартасць і апраўданне. Літургія сённяшняй урачыстасці заахвочвае нас зрабіць рахунак сумлення і ацаніць, наколькі мы наблізіліся да нашага Збаўцы, наколькі ўсё тое, у чым мы бралі ўдзел як хрысціяне, дапамагло нам адчыніць Яму дзверы свайго сэрца і дазволіць прысутнічаць у нашым жыцці.
Літургія Божага слова, якую мы сёння пачулі, дапамагае нам яшчэ глыбей гэта зразумець і ўсвядоміць.
Першае чытанне з Кнігі прарока Эзэхіэля прадстаўляе нам вобраз добрага Бога як Пастыра свайго народа, які клапоціцца пра сваіх авечак, калі яны ў патрэбе, шукае іх, калі яны губляюцца, і вяртае на правільны шлях, калі сыходзяць з яго. Божае слова прыгадвае нам праўду, што Бог – не той, хто знаходзіцца дзесьці далёка ад чалавека і каго не цікавяць людскі лёс і праблемы, нават калі часам можа здавацца інакш. Бог не чакае нашых падзенняў і слабасцей, каб нас за іх пакараць або папракнуць. Наш Бог – гэта той, хто шукае, прыводзіць назад, лечыць раны, умацоўвае і сцеражэ. У сучасным свеце нам асабліва важна ведаць і памятаць, што, належачы да Божага народа, мы не пакінуты самі сабе.
У другім чытанні з Першага паслання да Карынцянаў святы Павел нагадвае нам: Хрыстус – першы, хто ўваскрос, і менавіта Яго ўваскрасенне дае нам надзею і ўмацоўвае веру ў тое, што ўсе будуць ажыўлены. Уваскрасенне Езуса Хрыста адкрывае шлях да перамогі над ворагамі дабра і над смерцю, якая закранае ўсе сферы чалавечага жыцця – як фізічную, так і духоўную. Вельмі часта яна становіцца прычынай таго, што мы губляем надзею, не бачым сэнсу ў сваіх учынках і, як вынік, страчваем разуменне вартасці Божага Валадарства і жаданне імкнуцца да яго. Аднак святы Павел запэўнівае, што ўлада смерці і пакутаў не вечная: усё скіравана да выканання Божага плану, у якім жыццё канчаткова перамагае смерць, а сам Бог становіцца ўсім ва ўсім.
Евангелле, у сваю чаргу, нагадвае нам, што менавіта любоў да бліжняга з’яўляецца тым, пра што нас запытае міласэрны і справядлівы Айцец. Гэтыя словы сёння актуальныя як ніколі, бо ў сучасным свеце многія вельмі часта сутыкаюцца са спакусай не звяртаць увагі на іншага чалавека – на таго, хто знаходзіцца ў патрэбе, хто прагне нашай увагі і нашага часу.
З разважання над Божым словам, якое мы сёння пачулі, паўстае шэраг пытанняў, на якія нельга не звярнуць увагі. Як сярод усяго таго, з чым мы сутыкаемся ў сваім жыцці, з чым змагаемся кожны дзень і сведкамі чаго бываем у нашым асяроддзі, не згубіць упэўненасці ў тым, што Бог як добры Пастыр заўсёды побач, што Яму неабыякавы наш лёс і наша жыццё? Як сярод такой вялікай колькасці зла і несправядлівасці не страціць надзеі на тое, што дабро ўсё ж пераможа зло, жыццё пераможа смерць ва ўсіх яе вымярэннях, а святло пераможа цемру? Як сярод такой вялікай абыякавасці ў адносінах паміж людзьмі не згубіць веры ў моц і прыгажосць любові і імкнуцца практыкаваць яе ў стаўленні да галодных, сасмаглых, падарожных, тых, хто не мае вопраткі, хворых і зняволеных?
З упэўненасцю можна сцвярджаць, што сёння нам асабліва патрэбна жывое сведчанне Божай прысутнасці ва ўсіх сферах нашага жыцця. Нам патрэбны тыя, хто будзе гатовы – часам рызыкуючы многім – цалкам прысвяціць сябе справе Божага Валадарства, сведчанню, што Бог блізка і што варта ісці шляхам любові, да якой Ён заклікае.
Дарагія браты і сёстры!
Сённяшняя ўрачыстасць у нашым мясцовым Касцёле – добрая нагода звярнуць нашы думкі да Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Ужо на працягу многіх гадоў у гэты дзень адзначаецца семінарыйная нядзеля – час, калі мы асабліва молімся аб новых, святых і шматлікіх пакліканнях да святарства, а таксама за тых, хто ўжо ідзе гэтым шляхам, каб яны распазналі Божую волю і ў будучыні сталі добрымі і святымі пастырамі, здольнымі весці нас да збаўлення.
Сёння мы хочам дзякаваць Божаму Провіду за духоўную семінарыю ў Гродне, якая працягвае выконваць сваю місію і задачу – фармацыю і падрыхтоўку будучых святароў да служэння і абвяшчэння Божага слова ў нашым грамадстве. Менавіта з яе сцен у будучыні выйдуць новыя душпастыры, якія будуць дапамагаць нам адчуваць прысутнасць Бога ў штодзённым жыцці, несці надзею і сведчыць пра тое, што дабро перамагае зло, а любоў да Бога і бліжняга – гэта тое, што па-сапраўднаму мае сэнс і значэнне.
Сёлета ў верасні мы распачалі 37-ы навучальны год і вельмі ўдзячныя Богу за чарговы этап. Гэтай восенню пяцёра маладых людзей, якія адчулі ў сваім сэрцы голас паклікання, распачалі фармацыю ў нашай семінарыі. Хоць іх, магчыма, не так шмат, як бы нам хацелася, але Касцёл глядзіць на іх з надзеяй і радасцю. На сённяшні дзень у нашай семінарыі вучацца на ўсіх курсах 42 студэнты з розных куткоў Беларусі. Гэты факт яшчэ раз пацвярджае, што духоўная семінарыя ў Гродне – сэрца Касцёла ў Беларусі. І як жа важна, каб гэтае сэрца білася належным чынам, бо яго роўны рытм – сведчанне таго, што наш Касцёл мае будучыню і ідзе ў добрым кірунку. А гэта задача кожнага з нас – кожнага, хто належыць да сям’і Касцёла і адчувае сябе яго часткай.
Умілаваныя браты і сёстры! Сёння супольнасць Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне хоча асаблівым чынам падзякаваць вам за тое, што вы спадарожнічаеце маладым людзям на шляху распазнання і ўзрастання ў пакліканні да святарскага служэння. Ад усяго сэрца дзякуем за малітву ў інтэнцыі пакліканых да святарства і аб новых пакліканнях. Дзякуем таксама за малітоўную падтрымку нашых семінарыстаў, для якіх яна вельмі важная і неабходная, каб вытрываць і ўмацоўвацца на гэтым шляху.
Дзякуючы за малітву, хочам таксама ад усяго сэрца выказаць словы ўдзячнасці за матэрыяльную падтрымку і дапамогу, якую вы аказваеце нашай семінарыі. Менавіта дзякуючы ёй семінарыя існуе і працягвае выконваць сваю місію. Наша навучальная ўстанова ўтрымліваецца выключна за кошт вашай спагадлівасці і ахвярнасці людзей добрай волі. У гэтым месцы хачу таксама запэўніць вас, што мы нястомна молімся ў інтэнцыі нашых дабрачынцаў і ахвярадаўцаў, давяраючы добраму Богу вас, усе вашы намеры і справы.
Няхай добры Бог кожнаму аддзячыць і благаславіць!
З нагоды Сусветнага дня моладзі звяртаемся да вас, дарагія сябры, нагадваючы, што сёння Касцёл і свет як ніколі патрабуюць вашага хрысціянскага сведчання. Яны патрабуюць сведчання пра тое, што Бог надалей прысутны сярод свайго народа і Яму неабыякавы наш лёс; патрабуюць вашых добрых ініцыятыў, якія паказваюць, што дабро мацнейшае за зло, а жыццё – за смерць. І ўрэшце, Касцёл і свет чакаюць ад вас сведчання любові, якая праяўляецца ў канкрэтных учынках міласэрнасці да бліжняга – учынках, што стануць сапраўдным знакам Божай прысутнасці ў нашым асяроддзі. Магчыма, хтосьці з вас адчувае жаданне сведчыць пра гэта ў святарскім альбо манаскім пакліканні. Не бойцеся прыняць гэтае запрашэнне! Гэты шлях варты таго, каб ім ісці!
Даручаем Божаму Провіду справу пакліканняў і асабліва нашу Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
З малітоўнай памяццю,
рэктар кс. Ян Раманоўскі разам з семінарыйнай супольнасцю.
Гродна, 22 лістапада 2026 г.






