21 лістапада ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне адзначылі 41-ы Сусветны дзень моладзі, які сёлета праходзіў на дыяцэзіяльным узроўні пад дэвізам “Будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16, 33).
Святкаванне было арганізавана дыяцэзіяльным душпастырствам моладзі, удзельнічалі маладыя вернікі гродзенскіх і іншых парафій.
Дыяцэзіяльны душпастыр моладзі кс. Яўген Амасёнак, вітаючы прысутных, выказаў радасць з той прычыны, што на запрашэнне ўзяць удзел у сустрэчы адказала шмат маладых людзей, паказаўшы такім чынам, што хочуць будаваць жывую супольнасць Касцёла.
Сустрэча пачалася канферэнцыяй, з якой выступіў вікарый гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці кс. Уладзіслаў Чуйко SCJ і якая была прысвечана тэме страху.
Ксёндз Уладзіслаў адзначыў, што нельга дазволіць страху ўкрасці ў маладога чалавека маладосць, радасць і мары, што кожны можа мець апору ў Езусе Хрысце, таму не трэба праходзіць праз сваю цемру ў самоце. Святар падсумаваў выступленне словамі: “Мой страх – месца сустрэчы з маім Богам”.
Затым адбылася Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У пачатку літургіі ён сказаў, што хоча ў адзінстве з Паўсюдным Касцёлам і Папам Львом XIV маліцца ў інтэнцыі маладых людзей Беларусі і ў прыватнасці Касцёла на Гродзеншчыне. У гаміліі іерарх назваў гэтую сустрэчу нагодай усвядоміць, што “ў гэтыя дні ва ўсім свеце маладыя людзі ўзносяць малітву, слухаюць Божае слова і шукаюць адказу на важныя пытанні свайго жыцця”, што “ў Хрысце мы не чужыя, Ён збірае нас у адну супольнасць і вучыць жыць адной надзеяй”.

Біскуп нагадаў, што словы дэвізу гэтага Дня моладзі Езус сказаў вучням перад сваёй мукай, “ведаючы, што іх чакаюць страх, разгубленасць і выпрабаванні, заклікаючы да адвагі не таму, што цяжкасці не існуюць, а таму, што Ён будзе з імі і ўрэшце пераможа”. “Свет часта лічыць пераможцам таго, хто мае ўладу, поспех, уплыў і прызнанне. Езус паказвае іншую дарогу: перамога прыходзіць праз вернасць, праўду, міласэрнасць і любоў, якая не адступае нават перад ахвярай”, – дадаў іерарх.
Разважаючы над літургічнымі чытаннямі, ён звярнуў увагу: “Бог не называе вас безнадзейнымі і не вымярае вашую годнасць колькасцю поспехаў. Ён шукае вас, ідзе побач, перавязвае раны і вяртае сілу. Яго пастырская любоў азначае не тое, што Ён зробіць за вас кожны выбар, а тое, што вы ніколі не застанецеся сам-насам са сваім шляхам”.
Іерарх адзначыў, што “Езус уваскрос, таму апошняе слова належыць Богу”, што “ні боль, ні няўдача, ні нават смерць не могуць адабраць у Бога тых, хто даверыўся Яму”. “Сапраўдная адвага не патрабуе, каб мы ніколі не баяліся. Адвага – гэта здольнасць зрабіць крок, нават калі ўсё яшчэ непакоішся, бо верыш, што Хрыстус ідзе побач. Гэта здольнасць падняцца пасля падзення, папрасіць прабачэння, калі пакрыўдзіў, і самому прабачыць. Гэта вернасць праўдзе, калі прасцей было б схавацца за няпраўдай. Гэта рашэнне не адмаўляцца ад дабра толькі таму, што яно не прыносіць хуткага выніку”, – дадаў біскуп.
Па яго словах, “Бог чакае не толькі вялікіх учынкаў, а звычайнай, канкрэтнай любові”, “прапануе пачаць з чалавека, якога сёння паставіў побач з намі, – магчыма, гэта сябар, якому цяжка і які маўчыць пра свой боль, аднакласнік, якога выключаюць з кампаніі, пажылы чалавек, якога рэдка наведваюць, хтосьці ў сям’і, каму патрэбныя наша ўвага і цярплівасць; часам дастаткова выслухаць, напісаць, наведаць, падтрымаць або не прайсці міма”. “Адвага Евангелля часта выяўляецца ў ціхіх учынках, якія заўважае, магчыма, толькі Бог і чалавек, якому мы дапамаглі”, – сказаў біскуп.

Ён адзначыў, што тытул парафіі, у якой праходзіла гэтая сустрэча, – Найсвяцейшага Адкупіцеля, – нагадвае, што “Хрыстус прыйшоў адкупіць чалавека і вярнуць яму надзею”, і дадаў, што “ў Хрысце можна атрымаць прабачэнне, нанова адкрыць пакліканне і пачаць жыць з большай любоўю”. “Калі сёння вы просіце Бога паказаць вам дарогу, будзьце адкрытымі на Яго адказ, – параіў біскуп моладзі. – Ён можа прыйсці праз малітву, Божае слова, параду чалавека, якому вы давяраеце, ціхае перакананне ў сэрцы. Не заўсёды адразу будзе бачны ўвесь шлях. Часам Бог паказвае толькі наступны крок. Але і гэтага дастаткова, калі робім яго разам з Хрыстом.
Няхай сённяшняя малітва з моладдзю ўсяго свету дапаможа кожнаму з вас адчуць адзінства Касцёла і блізкасць Пана. Няхай словы Езуса падтрымліваюць вас у хвіліны трывогі, умацоўваюць у выбары дабра і дапамагаюць бачыць у кожным чалавеку брата”.

Пасля Імшы сустрэча працягнулася выступленнем моладзевага гурту гродзенскай парафіі Святога Духа “Ignis Spiritus”. Быў час для супольных забаваў і размоваў за пачастункам.
Па словах удзельнікаў мерапрыемства, такія сустрэчы даюць магчымасць глыбокай інтэграцыі, новых знаёмстваў, шчырых размоваў пра каштоўнасці, якія яднаюць маладых людзей у сучасным мітуслівым свеце.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






