Skip to main content

Пастырскі ліст біскупа Уладзіміра Гуляя на першую нядзелю Адвэнту 2026 года

IMG 9587горизонтУмілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Сёння мы ў Касцёле адзначаем першую нядзелю Адвэнту – пачатак новага літургічнага года. Перад намі перыяд радаснага чакання прыйсця Пана Езуса – час асабліва важны, які павінен духоўна падрыхтаваць нас да сустрэчы з нашым Збаўцам у таямніцы Яго Нараджэння. У бліжэйшыя чатыры тыдні Божае слова, якое мы пачуем у літургіі, стане для нас своеасаблівым запрашэннем пайсці шляхам унутранага аднаўлення, каб мы маглі прывітаць Нованароджанага Хрыста з сэрцамі вольнымі ад зла і граху, перамененымі ласкай, гатовымі да прыйсця Божай любові і дзялення ёю з бліжнімі.

Адвэнтавыя біблійныя чытанні са Старога Запавету дапамагаюць нам услухацца ў атмасферу суму па Богу і чакання Яго звышнатуральнай дапамогі. Сыны Ізраэля ўсведамлялі, што яны выбраны народ і асаблівая Божая ўласнасць. У святле гэтай веры яны, аднак, адкрывалі сваю слабасць і грэшнасць, няздольнасць да сапраўднага пакаяння і трывалага навяртання. “Завялі мы, як лісце, а правіны нашыя, як вецер, нясуць нас. І няма нікога, хто заклікаў бы імя Тваё, хто ўстаў бы, каб моцна трымацца за Цябе; бо Ты закрыў перад намі аблічча сваё і пакінуў нас гінуць ад правінаў нашых” (Іс 64, 5-6), – з пакорай прызнаецца прарок Ісая.

Усведамленне сваёй немачы і духоўнай слабасці зусім не азначае згоды з грахом ці з маральнай пасрэднасцю. Зусім наадварот, яно з’яўляецца падставай дзіцячага даверу Пану Богу і мабілізуе да малітвы аб ласцы навяртання. Таму акрамя прызнання Ісаі мы сёння чуем пакорную просьбу псальміста: “Пастыр Ізраэля, паслухай, які сядзіш на хэрубінах, з’явіся. Абудзі сваю магутнасць і прыйдзі нам на паратунак. […] І не адступімся мы ад Цябе, ажыві нас, і мы будзем заклікаць імя Тваё” (Пс 80, 2.19).

Мы як хрысціяне верым, што ўвесь гэты сум, уздыхі і чаканні чалавечых сэрцаў знайшлі сваё спаўненне ў Асобе Сына Божага Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцы. Як запэўнівае нас сёння святы апостал Павел: “У [Хрысце] вы ўзбагаціліся ўсім, усялякім словам і ўсялякім пазнаннем. Хрыстовае сведчанне так умацавалася ў вас, што вы не маеце нястачы ні ў якім дары […]. Ён таксама ўмацуе вас да канца, каб вы былі бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста” (1Кар 1, 5-8).

Божая ласка, якая была так шчодра дадзена нам у Хрысце, не дзейнічае, аднак, аўтаматычна, без нашага ўдзелу. Мы павінны найперш вельмі цаніць яе, берагчы ў сваіх сэрцах, трываць у яе збаўчай моцы і паддавацца яе высакародным натхненням. Такія паводзіны можна абагульніць адным словам: чуваць.

Да чування нас заахвочвае ў сённяшнім Евангеллі Пан Езус. Пры гэтым Ён параўновае наша жыццё да становішча слуг, якіх гаспадар пакінуў дома, а сам накіраваўся ў падарожжа. Паколькі ні дзень, ні гадзіна вяртання гаспадара не вядомыя, адзіны разумны ўчынак, які могуць зрабіць слугі, – чуваць, значыць быць гатовымі да сустрэчы з гаспадаром у любы час дня ці ночы.

І тут мы сутыкаемся з яшчэ адным, вельмі важным вымярэннем Адвэнту. Гэты літургічны перыяд павінен нагадаць нам, што калісьці наступіць хвіліна, калі кожны з нас стане ва ўсёй праўдзе перад Богам. Гэтай хвілінай будзе момант нашай смерці. Тады скончыцца наша зямное пілігрымаванне і ўжо не будзе часу ні на навяртанне, ні на пакаянне, ні на выпраўленне наступстваў здзейсненых намі грахоў. Адзіны спосаб зрабіць так, каб гэтая хвіліна не застала нас непадрыхтаванымі, – прабываць у духоўнай гатоўнасці да сустрэчы з Панам, значыць у стане чування.

У адвэнтавым чуванні, як і кожны год, нам дапамагаюць традыцыйныя рэлігійныя практыкі: удзел у рэкалекцыях ці днях засяроджання, споведзь і прыняцце святой Камуніі, удзел у раратніх святых Імшах, паглыбленне асабістай малітвы, устрыманне ад гучных забаваў і пацехаў, дабравольна прынятыя формы пакаяння і аскезы. Заахвочваю вас, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, свядома і ўключана правесці гэты час ласкі.

Таксама хачу паведаміць вам, што душпастырскі год, які распачынаецца зараз у нашай дыяцэзіі, будзе прысвечаны асобе Божага слугі айца Юзафа Мэльхіёра Фардона, францішканіна, сына гродзенскай зямлі, кандыдата да хвалы алтара. У 2027 годзе прыпадае сотая гадавіна яго смерці. Ужо цяпер хацеў бы вельмі коратка прадставіць перад вамі постаць гэтага вялікага святара, хрысціяніна і чалавека, у перакананні, што знаёмства з яго жыццём і цнотамі можа быць дапамогай у перажыванні адвэнтавага чування.

Юзаф Фардон нарадзіўся ў Гродне 5 жніўня 1862 года. Быў адзіным дзіцём у сям’і архітэктара Якуба Фардона і яго жонкі Фяліцыі з сям’і Луковіч. Быў ахрышчаны ў гродзенскай Фары 26 жніўня таго ж года, атрымаўшы імя Юзаф Якуб. Першапачатковую адукацыю атрымліваў дома ў маці, якая таксама клапацілася аб яго рэлігійным выхаванні.

З наймалодшых гадоў Юзаф хацеў быць святаром, таму пасля заканчэння чатырох класаў гімназіі ў 1883 годзе паступіў у семінарыю ў Вільні. Пасвячэнне прыняў у 1887 годзе ў Каўнасе. Адразу пасля пасвячэння быў прызначаны пробашчам парафіі ў Струбніцы, а праз шэсць гадоў – на пасаду пробашча парафіі ў Дамброве-Бяластоцкай. Пробашчам гэтай парафіі ён быў дзесяць гадоў.

Бачным знакам яго душпастырскага служэння стаў прыгожы неараманскі мураваны касцёл св. Станіслава, пабудаваны яго стараннямі замест старога драўлянага касцёльчыка, які быў не ў стане змясціць усіх парафіян.

Пасля Дамбровы-Бяластоцкай i кароткага прабывання ў Гродне ксёндз Фардон быў прызначаны пробашчам парафіі Усіх Святых у Вільні. Там ён праславіўся як выбітны спавяднік і арганізатар, бо заснаваў і ўмела кіраваў рознымі рэлігійнымі аб’яднаннямі: Трэцім францішканскім ордэнам, “Жывым Ружанцам”, Брацтвам цвярозасці. Вялікай любоўю і клопатам ён атачаў бедных і бяздомных.

У 1910 годзе, пасля 23 гадоў святарства, ксёндз Фардон уступіў у Ордэн канвентуальных францішканаў, узяўшы манаскае імя Мэльхіёр. У 1913 годзе ён быў прызначаны вікарыем у парафію Маці Божай Анёльскай у Гродне.

У 1915 годзе, у час Першай сусветнай вайны, у жыцці айца Фардона было незвычайнае здарэнне. Сваёй адвагай і братэрскай дапамогай ён уратаваў ад расстрэлу трынаццаць гродзенскіх пажарнікаў, якіх нямецкія салдаты абвінавацілі ў шпіёнстве на карысць Расіі. Сярод арыштаваных былі католікі, праваслаўныя і юдэі. Перад нямецкім афіцэрам айцец Мэльхіёр уласным жыццём паручыўся за іх невінаватасць і выказаў гатоўнасць быць расстраляным замест іх. Пад уражаннем учынку святара афіцэр загадаў вызваліць пажарнікаў.

Пасля заканчэння вайны айцец Фардон выконваў розныя функцыі і займаў розныя пасады ў францішканскім ордэне, галоўным чынам у Вільні і Гродне. Ён быў вядомы грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю, дапамагаў гарадской беднаце, апекаваўся сіротамі і людзьмі ў патрэбе. Вёў жыццё аскетычнае, сціплае і беднае. Быў знакамітым спаведніком.

Калі ў 1922 годзе ў Гродна прыбыў айцец Максімільян Кольбэ, айцец Мэльхіёр стаў апекавацца працаўнікамі рэдакцыі і друкарні “Рыцара Беззаганнай”, усімі спосабамі дапамагаў айцу Максімільяну, падтрымліваў яго ідэі і ініцыятывы, быў яго спаведніком і духоўным кіраўніком. Не выключана, што менавіта гераічны эпізод з пажарнікамі ў жыцці айца Фардона натхніў айца Максімільяна аддаць жыццё з любові да бліжняга ў падобных абставінах у лагеры ў Асвенцыме. Таксама айцец Фардон быў духоўным кіраўніком яшчэ аднаго знакамітага францішканіна, айца Зянона Жаброўскага, якога называлі апосталам Японіі.

Апошнія гады жыцця айца Мэльхіёра былі адзначаны фізічнымі пакутамі, звязанымі з хваробамі астмы і туберкулёзу. Памёр ён у Гродне 27 лютага 1927 года і быў пахаваны побач з бацькамі на старых гарадскіх могілках, так званых бернардынскіх. Яго пахаванне сабрало некалькі тысяч жыхароў Гродна, як католікаў, так і праваслаўных і юдэяў, якія прыйшлі з патрэбы сэрца аддаць даніну ўдзячнасці гэтаму заслужанаму святару.

У 2003 годзе ў сувязі з працэсам беатыфікацыі айца Фардона адбылася эксгумацыя яго парэшткаў, якія цяпер спачываюць у спецыяльным саркафагу ў францішканскім касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне.

Заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, знаёміцца з жыццём айца Юзафа Мэльхіёра Фардона і горача маліцца аб яго хутчэйшай беатыфікацыі. Няхай яго прыклад дапамагае нам адкрывацца на дзеянне Божай ласкі і пастаянна ўзрастаць у любові да Бога і бліжняга.

Усіх вас, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, з усяго сэрца благаслаўляю на руплівае і багатае духоўнымі плёнамі перажыванне Адвэнту і пакорна прашу аб малітве за мяне.

Ваш біскуп Уладзімір

Гродна, 23.11.2026

Тэкст Ліста для друку ТУТ>>>

Тэкст Ліста па-польску ТУТ>>>

Шаноўных пробашчаў прашу прачытаць вернікам гэты пастырскі ліст у нядзелю 29.11.2026 г. на кожнай святой Імшы замест гаміліі.