У межах навукова-гістарычнага сімпозіума, які прайшоў у Гродне 19 верасня, у касцёле Адшукання Святога Крыжа адбылася Імша, якую цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Сімпозіум “35 гадоў дарогі веры: Гродзенская дыяцэзія паміж памяццю, гісторыяй і надзеяй будучыні” праводзіўся з нагоды 35-годдзя дыяцэзіі і прысвячаўся даследванням адраджэння ў ёй культуры і дзейнасці Каталіцкага Касцёла. Праходзіў сімпозіум у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі.
У цэлебрацыі літургіі ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі а. Лявонцій Тумоўскі, яго папярэднік на гэтай пасадзе архімандрыт Сяргей Гаек. Прысутнічалі дакладчыкі і ўдзельнікі сімпозіума – студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, навучэнцы Тэалагічнага каледжа св. Казіміра, духавенства і свецкія асобы.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які стаяў ля пачаткаў адраджэння Касцёла ў Беларусі, адзначыў у звароце да прысутных, што вера на нашых землях захавалася дзякуючы вялікай адвазе старэйшых пакаленняў, якія баранілі Божую справу ў цяжкія часы ваяўнічага атэізму.
Біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі сказаў, што на гэтым сімпозіуме ўдзельнікі стараюцца “ацаніць цяперашні стан Касцёла на Гродзеншчыне, адказаць сабе на пытанні аб будучыні і выкліках, перад якімі хутка станем мы і нашы наступнікі”. На гэтай літургіі, па яго словах, яны хочуць праславіць Бога “за велізарнасць станоўчых змен у жыцці Касцёла на нашых землях, за відавочныя і ўзрушальныя знакі дзеяння Божага Провіду, непасрэднымі сведкамі якіх мы з’яўляемся i якія перавысілі самыя смелыя чаканні нашых папярэднікаў”.
Іерарх прапанаваў зірнуць на найноўшую гісторыю Касцёла на Гродзеншчыне праз прызму евангельскай прыпавесці пра сейбіта. Па словах біскупа, ураджай у першую чаргу “залежыць ад надвор’я, клімату і іншых умоваў, на якія чалавек не ўплывае, таму багаты ўраджай заўсёды ўспрымаецца веруючымі людзьмі як знак Божага благаслаўлення і ласкі”. “Найноўшую гісторыю нашага мясцовага Касцёла таксама трэба разумець як асаблівае Божае благаслаўленне. Ні ў якой меры не змяншаючы заслуг людзей – святароў і свецкіх – трэба прызнаць, што менавіта Бог, а не чалавек, піша проста на нярэдка крывых і заблытаных лініях чалавечай гісторыі”, – сказаў іерарх. Ён заўважыў, што яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму “з чалавечага пункту гледжання не было ніякіх знакаў надзеі, нічога не сведчыла, што сітуацыя Касцёла можа змяніцца на лепшае, але Божыя думкі – не нашы думкі: Бог у сваім міласэрным Провідзе ўчыніў, што Касцёл на Гродзеншчыне не памёр і не сышоў у падполле, парафіяльныя святыні не апусцелі, не засталіся без святароў, а вернікі – без пастырскай апекі”.

“Дзякуючы палітычным і грамадскім зменам, якія адбыліся ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, пачаўся іншы, зусім новы раздзел у жыцці Касцёла на нашых землях, – дадаў біскуп. – Мы жывём проста ў іншым свеце, аб якім нашы папярэднікі не асмельваліся нават марыць. І за гэта мы павінны нястомна дзякаваць Пану Богу”.
“Каб зямля прынесла багаты плод, яна павінна быць акроплена не толькі жыццядайным дажджом, але і потам тых, хто яе апрацоўвае. Сёння, калі мы дзякуем Богу за трыццаць пяць гадоў існавання Гродзенскай дыяцэзіі, за яе вялікія духоўныя дасягненні, якія нас цешаць і якімі мы маем права ганарыцца, мы не можам абысці маўчаннем гераізм нашых папярэднікаў, якія трывала і цярпліва, у штодзённай працы і цяжкасцях сеялі зерне веры і традыцыі ў сэрцах маладога пакалення”, – сказаў іерарх.
“Зерне ніколі не прынясе плён адразу пасля сеяння. Земляроб працуе з усіх сіл, робіць усё магчымае, каб як найлепей апрацаваць поле, астатняе ж даручае Богу: цярпліва і з надзеяй чакае, – адзначыў біскуп. – Як жа патрэбна падобная цярплівасць нам, людзям Касцёла, якія часта хочуць убачыць чаканыя вынікі сваёй працы і старанняў і так лёгка паддаюцца смутку, калі здаецца, што вакол нічога не змяняецца”.
“Наш сімпозіум – не толькі спроба зазірнуць у мінулае Касцёла на Гродзеншчыне з пакорай і ўдзячнасцю, – нагадаў іерарх. – Наш абавязак як хрысціян, духавенства і свецкіх людзей – верна ісці за Хрыстом, штодзень жыць Яго Добрай Навіной, сведчыць аб пастаянных і вечных каштоўнасцях у свеце, які хутка змяняецца. Мы ведаем, што для спаўнення гэтай задачы чыста чалавечых сіл і здольнасцяў не дастаткова. Так і земляроб ведае, што яго цяжкай працы яшчэ мала для таго, каб пасеянае зерне прынесла шчодрыя плёны. Але таксама мы ведаем, што ў сваёй зямной пілігрымцы веры мы не адны. Мы верым, што ў Касцёле жыве Хрыстус Уваскрослы, які запэўнівае нас, як калісьці запэўніваў сваіх вучняў: “І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20)”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Кацярына Паўлоўская






