19 верасня ў Гродне прайшоў навукова-гістарычны сімпозіум “35 гадоў дарогі веры: Гродзенская дыяцэзія паміж памяццю, гісторыяй і надзеяй будучыні”. Ён быў прысвечаны 35-годдзю дыяцэзіі, на ім разглядаліся даследванні адраджэння ў ёй культуры і дзейнасці Каталіцкага Касцёла.
Сімпозіум быў арганізаваны дыяцэзіяльнай курыяй, праходзіў у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі, Сярод удзельнікаў было духавенства, у тым ліку біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі а. Лявонцій Тумоўскі і яго папярэднік на гэтай пасадзе архімандрыт Сяргей Гаек, свецкія і кансэкраваныя асобы, студэнты семінарыі, навучэнцы Тэалагічнага каледжа св. Казіміра.
Біскуп Уладзімір Гуляй, адкрываючы сімпозіум, назваў заснаванне Гродзенскай дыяцэзіі “чымсьці нашмат большым, чым толькі распараджэннем Апостальскай Сталіцы адміністрацыйнага і прававога характару”. “Можна з усёй адказнасцю сказаць, што яно было свайго роду гістарычным паваротным момантам, які распачаў новы раздзел у гісторыі Касцёла на нашых землях”, – дадаў іерарх.
“Больш за сорак гадоў католікі на Гродзеншчыне зносілі як яўны грубы пераслед, так і больш вытанчаны, але аднолькава моцны ціск з боку дзяржаўнай сістэмы, якая ставілася да іх варожа. Такія ўмовы рабілі немагчымым для Касцёла нармальнае выкананне яго трайной місіі навучання, асвячэння і кіравання і часта вымушалі яго дзейнічаць таемна, часам практычна ў канспірацыі, з адзінай мэтай выжыць і забяспечыць мінімум пераемнасці каталіцкай веры і традыцыі, без усялякіх аптымістычных відаў на будучыню. У пачатку дзевяностых гадоў сітуацыя Касцёла значна палепшылася”, – адзначыў біскуп.

Па яго словах, “дзякуючы заснаванню ў гэты асаблівы час касцёльных структур і прызначэнню біскупаў для кіраўніцтва новастворанымі мясцовымі Касцёламі працэс адраджэння рэлігійнага жыцця не меў спантаннага характару і не працякаў хаатычна, а ішоў пад мудрым і разважлівым кіраўніцтвам пастыраў, якія выяўлялі немалую адвагу і ўзялі на сябе адказнасць за тое, каб весці свае дыяцэзіяльныя супольнасці нялёгкімі шляхамі трансфармацыі”.
“Мы хочам найперш дзякаваць Богу, які (…) у чарговы раз паказаў, што гэта Ён распараджаецца лёсамі нацый і народаў”, – сказаў іерарх. Таксама ён з удзячнасцю ўзгадаў арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, які ў 1989 годзе быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для католікаў на Беларусі, біскупа эмерыта Аляксандра Кашкевіча, прызначанага першым пастырам Гродзенскай дыяцэзіі, іншым святарам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам за ўдзел у адраджэнні рэлігійнага жыцця на Гродзеншчыне. Біскуп пажадаў удзельнікам сімпозіума, каб “разважанне над мінулым і сённяшнім часам, а таксама спроба зазірнуць у будучыню сталі выразам глыбокай і пакорнай удзячнасці Богу, натхнялі ісці наперад шляхамі веры і сустракаць чарговыя выклікі з хрысціянскай адвагай, надзеяй і аптымізмам”.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у дакладзе “35-годдзе існавання і дзейнасці Гродзенскай дыяцэзіі ў кантэксце адраджэння іерархічных структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі” нагадаў пра пачатак існавання на беларускіх землях хрысціянства, Каталіцкага Касцёла і яго іерархічных структур. Затым было ўзгадана пра стан Касцёла ў Беларусі з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў выніку ганенняў ён застаўся без іерархіі, да другой паловы 80-х, калі рэлігійнае жыццё пачало “выходзіць з падполля”.
Была прадстаўлена сітуацыя канца 80-х гадоў, калі “грамадска-палітычныя перамены давалі надзею” і “ў паветры лунала запаветнае і доўгачаканае слова – “свабода” веравызнання”. Арцыбіскуп узгадаў пра тое, як у 1989 г. быў прызначаны Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, як “распачаўся час адраджэння і станаўлення Касцёла”, нагадаў пра “вялікую радасць, а з іншага боку – велізарныя праблемы”, якімі адзначаўся гэты час, пра паступовае вырашэнне гэтых праблем.
Кажучы пра адраджэнне іерархічных структур Касцёла ў Беларусі, арцыбіскуп распавёў, як у 1991 г. падрыхтаваў праект гэтых новых структур, у выніку чаго была заснавана таксама Гродзенская дыяцэзія.
Іерарх нагадаў, што Кодэкс кананічнага права “акрэслівае дыяцэзію як частку Божага народа, давераную пастырскай апецы біскупа ў супрацоўніцтве з прэзбітэрыем, у якой існуе і дзейнічае адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл”. “Іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла – гэта не проста арганізацыйная сістэма, а адлюстраванне Містычнага Цела Хрыста. У ім кожная частка выконвае сваю функцыю, але ўсе яны дзейнічаюць супольна з мэтай праслаўлення Бога і будовы Яго Валадарства, – адзначыў арцыбіскуп. – Яны арыентаваны на служэнне і пастырства. Іх мэта – зрабіць Хрыста прысутным у жыцці людзей, перадаваць ім дэпазіт веры, навучаць праз абвяшчэнне Божага слова, асвячаць, кіраваць і аб’ядноўваць у супольнасць”.
Арцыбіскуп пералічыў плёны адраджэння і дзейнасці Гродзенскай дыяцэзіі. “Каталіцкі Касцёл у Беларусі і Гродзенская дыяцэзія годна і паспяхова прайшлі вялікі і складаны трыццаціпяцігадовы марафон, – сказаў ён. – Мы павінны дзякаваць Богу і Панне Марыі за апеку над намі, а таксама дзякаваць усім, хто спрыяў гэтаму працэсу, павінны перапрашаць Бога за не да канца выкарыстаныя магчымасці і прасіць благаслаўлення на будучыню”.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у дакладзе “Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў кантэксце 35-годдзя аднаўлення яго структур” прапанаваў паглядзець на гэтую гадавіну як на “аснову для асэнсавання сучаснага этапу развіцця Касцёла ў Беларусі ў святле яго гістарычнай пераемнасці і эклезіяльнай адказнасці”.
Прынцыпова істотным было названа тое, што “аднаўленне Касцёла ў Беларусі не было аўтаматычным вынікам грамадска-дзяржаўных зменаў у канцы савецкай эпохі: нават калі агульныя працэсы другой паловы 1980-х гадоў сапраўды аслабілі татальны кантроль над рэлігійным жыццём, пераход ад ecclesia in silentio (Касцёла ў маўчанні) да адкрытага касцёльнага існавання патрабаваў свядомых кананічных рашэнняў, якія маглі аднавіць не толькі публічную прысутнасць, але і эклезіяльную паўнату мясцовага Касцёла”. Гэтая думка была фундаментальнай для ўсяго дакладу.
Біскуп узгадаў “паваротны момант”, канец ХХ стагоддзя, назваўшы яго “часам кананічнай рэабілітацыі і аднаўлення іерархічных структур, калі Касцёл у Беларусі перайшоў ад надзвычайнасці — да нормы, ад маўчання — да адказнай свабоды”. Ён адзначыў, што ў другой палове 80-х гадоў у гісторыі Касцёла ў Беларусі адбыўся пералом, і яшчэ раз падкрэсліў, што “аднаўленне Касцёла не было аўтаматычным вынікам палітычных працэсаў у грамадстве – яно патрабавала свядомых кананічных рашэнняў, здольных аднавіць не толькі публічную прысутнасць, але і эклезіяльную паўнату мясцовага Касцёла”.
Біскуп звярнуў увагу на тое, што паступовае вяртанне легальнай магчымасці пастырскага служэння стала першым вырашальным крокам. Ключавым момантам з кананічнага пункту гледжання ён назваў прызначэнне ў 1989 г. Апостальскага адміністратара для католікаў у Беларусі – біскупа Тадэвуша Кандрусевіча: “упершыню пасля дзесяцігоддзяў ecclesia in silentio мясцовы Касцёл атрымаў пастыра на законных умовах, які дзейнічаў не толькі de facto, але і de iure; з гэтага моманту Касцёл у Беларусі пачаў выходзіць з надзвычайнага стану і вяртацца ў норму кананічнага жыцця”.
Кульмінацыйным этапам была названа рэструктурызацыя касцёльнай іерархіі ў пачатку 90-х гадоў. Біскуп нагадаў, што 13 красавіка 1991 г. Апостальская Сталіца прыняла рашэнне аб аднаўленні паўнавартаснай дыяцэзіяльнай структуры ў Беларусі, тады была заснавана і Гродзенская дыяцэзія, першым біскупам якой стаў Аляксандр Кашкевіч
Затым была прадстаўлена сітуацыя 90-х гадоў, якія, па словах біскупа, сталі для Касцёла ў Беларусі перыядам “інтэнсіўнага і шматвымернага аднаўлення, якое адбывалася амаль адначасова ва ўсіх асноўных сферах касцёльнага жыцця”. У гэтай сувязі ён назваў найбольш складаным і доўгатэрміновым выклікам для Касцёла ў Беларусі ў выніку аднаўлення яго іерархічных структур аднаўленне ўласнай сістэмы фармацыі духавенства.
Кажучы пра Касцёл у Беларусі ў сучаснай сітуацыі, біскуп адзначыў, што “Касцёл распачаў якасна новы этап свайго існавання, калі галоўным выклікам становіцца не фізічнае выжыванне і не арганізацыйны рост, а змест і якасць яго прысутнасці ў грамадстве”, і што “з пачатку ХХІ стагоддзя ўсё выразней праяўляецца змена кантэксту, у якім Касцёл ажыццяўляе сваю місію”. “Сучасны этап развіцця Касцёла ў Беларусі можна ахарактарызаваць як пераход (…) да эклезіяльнай сталасці і сінадальнага спосабу існавання, у якім вырашальным становіцца пытанне: ці здольны Касцёл праз свае структуры і працэсы быць пераканаўчым, інтэлектуальна сумленным і духоўна глыбокім сведкам Евангелля ў сучасным свеце. Менавіта тут адноўленыя структуры знаходзяць свой сапраўдны сэнс — не як мэта, але як інструмент супольнага і адказнага сведчання”, – сказаў іерарх.
Даклад Уладзіміра Ляўшука “Мастацтва бачыць: аб увасабленні генетычнага коду Гродзенскай дыяцэзіі ў інтэр’еры яе святыняў” прысвячаўся даследванню сакральнага мастацтва і архітэктурна-дэкаратыўнага ўбрання святыняў дыяцэзіі як “унікальнай візуальнай мовы, якая фарміруе яе духоўную і культурную ідэнтычнасць”. У цэнтры ўвагі было паняцце “генетычнага коду” інтэр’еру святыняў дыяцэзіі, пад якім разумеўся ўстойлівы сінтэз архітэктурных стыляў (готыкі, барока, класіцызму і віленскага барока) з мясцовымі рамесніцкімі традыцыямі і канфесійнай спадчынай.
У даследванні аналізавалася, як праз пластыку алтароў, іканаграфію, фрэскавыя цыклы і спецыфіку выкарыстання святла праяўляюцца гістарычная памяць і багаслоўская праграма гэтых мясцін. На прыкладзе ключавых каталіцкіх святыняў Гродзеншчыны дэманстравалася, што інтэр’ер святыні ўяўляе сабой “не проста дэкаратыўную прастору, а дынамічны сакральны тэкст”. Даклад раскрываў метадалагічны падыход да “мастацтва бачыць” – умення “счытваць багаслоўскія і гісторыка-культурныя сэнсы, закладзеныя ў мастацкіх вобразах і дэталях убрання”.

У даследванні паслядоўна раскрываліся чатыры сюжэтныя вузлы: ідэйная праграма фасаду гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя і двух “гістарычных алтароў” у яго трансэпце, звязаных з памяццю пра святых Бруна з Кверфурта і Казіміра Ягелона; рэканструкцыя багаслоўскай задумы галоўнага алтара былога кляштара св. Брыгіты, у чым адлюстроўваецца спецыфіка духоўнага ўплыву ордэна ў рэгіёне, і заўвагі пра візуальныя рэплікі культуры крыжакоў, якія захоўваюцца ў кляштары; ідэйная праграма фасаду былога бернардынскага касцёла і гісторыя яго Ларэтанскай капліцы як цэнтра ўшанавання Маці Божай і транслятара на гродзенскую глебу еўрапейскіх сакральных мадэляў; раскрыццё ідэйна-мастацкай праграмы алтароў касцёла Маці Божай Анёльскай, якая дэманструе францішканскую тэалагічную традыцыю, выяўленую праз гродзенскае барока.
У дакладзе Раісы Зянюк “Каталіцкія манаскія ордэны і кангрэгацыі на Гродзеншчыне ў XVIII-XX стст.: эвалюцыя накірункаў і форм дзейнасці” была прадстаўлена храналогія гісторыі ордэнаў і кангрэгацый на Гродзеншчыне. Было адзначана, што гісторыя дзейнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў на Гродзеншчыне налічвае амаль восем стагоддзяў, на працягу гэтай гісторыі ордэны ўключаліся ў шматвектарныя накірункі дзейнасці, частка з якіх адпавядала харызмату ордэна, а другая частка з’яўлялася адказам на патрабаванні часу і грамадства.
Сярод накірункаў, у якія ў канцы XVIII – XX стст. ордэны і іх кляштары ўключаліся найбольш актыўна, былі названы арганізацыя ўнутранага жыцця, душпастырства, адукацыя, грамадска-палітычная дзейнасць, дабрачыннасць і ахова здароўя, культура (выдавецкая дзейнасць). Было заўважана, што гэтыя кірункі ў залежнасці ад грамадска-палітычнай сітуацыі цыклічна змянялі формы: ад легальнай да тайнай, аднак практычна ўсе яны на працягу гэтага перыяду рэалізаваліся.
У межах сімпозіума адбылася таксама дыскусія. Яна сабрала шматлікую аўдыторыю, і па словах удзельнікаў сімпозіума гэта “сведчыць, што людзі цікавяцца гісторыяй Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, ім важнае яго развіццё”.
У канцы прысутныя маглі падзяліцца ўражаннямі ад сімпозіума, распавесці, як рэалізуюць веру і як удзельнічаюць у жыцці Касцёла.
Біскуп Гродзенскі выказаў падзяку ўсім, хто дапамог арганізаваць мерапрыемства – найперш кіраўніцтву семінарыі ў Гродне на чале з рэктарам кс. Янам Раманоўскім, а таксама прэфекту семінарыі кс. Андрэю Скамарошку за каардынацыю ходу сімпозіума.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Кацярына Паўлоўская






