Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй разам са сваім сакратаром кс. Анджэем Ганчаром удзельнічаў у цырымоніі ўступлення на пасаду новага Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Лявонція Тумоўскага, якая прайшла 17 кастрычніка ў капліцы св. Яна Хрысціцеля ў Мінску.
Як паведамляе сайт мінскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа, ва ўрачыстасці ўдзельнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, беларускае каталіцкае духавенства, у тым ліку Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, ранейшы Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, канцлер Апостальскай адміністратуры а. Яўген Усошын, шматлікія парафіяне.

Нунцый ва ўступным слове падзякаваў Богу і Папу Льву XIV за прызначэнне новага Апостальскага адміністратара. "Гэта не проста адміністрацыйная змена царкоўнай адзінкі, а крок да аднаўлення даверу Богу. Вернікі візантыйскага абраду ў Беларусі — малы статак, але гэта не змяншае вашай важнай ролі ў будаўніцтве Валадарства Божага на зямлі", - адзначыў ён.
Прысутных азнаёмілі з дэкрэтам Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, у якім сказана, што 14 верасня Папа прызначыў а. Лявонція (Аляксандра) Тумоўскага M.S.U. Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, і дэкрэтам Дыкастэрыі Усходніх Касцёлаў, у якім гаворыцца, што ад імя Льва XIV Дыкастэрыя надала айцу Лявонцію годнасць архімандрыта ў адпаведнасці з канонам 388 Кодэкса канонаў Усходніх Касцёлаў.

Затым Апостальскі нунцый здзейсніў абрад хіратэсіі (пастаўлення айца Лявонція ў сан архімандрыта) і ўвёў яго на пасаду Апостальскага адміністратара.
Архімандрыт узначаліў цэлебрацыю літургіі і прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу на малітве Езуса за сваіх вучняў, "каб усе былі адно". Ён адзначыў, што кожны, хто паверыць Нябеснаму Айцу, носіць імя Божага дзіцяці, што гэта сапраўдны дар, але і вялікая задача — сведчыць аб годнасці хрысціяніна і дзяліцца радасцю і мірам з тымі, каго сустракаем штодня.






