Skip to main content

Біскуп Гродзенскі наведаў парафію ў Багданаве

photo 2026 10 19 16 11 41

18 кастрычніка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафію Арханёла Міхала ў Багданаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), дзе служыць кс. канонік Андрэй Яркавец, з якім ён вучыўся на адным курсе ў семінарыі.

На Імшы ў парафіяльным касцёле біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі, які прынялі 38 чалавек. На літургіі дзякавалі Богу за дары Духа Святога, якія паводле вучэння Касцёла атрымлівае чалавек у канфірмацыі, і за ўмацаванне вернікаў на шляху хрысціянскага жыцця.

Па словах удзельнікаў, урачыстасць прайшла ў “цудоўнай малітоўнай атмасферы”, “адчуваліся добрая падрыхтоўка кандыдатаў да канфірмацыі і клопат парафіяльнай супольнасці”.

Пасля літургіі біскуп наведаў мясцовы дом сямейнага тыпу. Гаспадары паказалі яму дом, падзяліліся сваімі жыццёвымі гісторыямі, іерарх пазнаёміўся з жыхарамі. “Гаспадары сустрэлі біскупа з радасцю і адкрытымі сэрцамі, – адзначаюць удзельнікі гэтай сустрэчы. – Ён убачыў не толькі ўтульныя пакоі, але перадусім цеплыню адносінаў. Гэта сапраўды вялікая сям’я: нават тыя, хто ўжо вучыцца ў іншых гарадах або стварыў уласную сям’ю, вяртаюцца сюды, захоўваючы сувязь з родным домам. Біскуп быў крануты гэтай еднасцю”.

Іерарх параўнаў убачанае з нябесным домам, дзе кожнага чакаюць і прымаюць з любоўю, і адзначыў, што тут умеюць любіць сэрцам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі