Skip to main content

У Росі прайшоў “Малы курс хрысціянскага жыцця”

photo 2026 10 19 17 05 41З 15 па 18 кастрычніка ў Росі прайшоў “Малы курс хрысціянскага жыцця” (“Cursillo”). У Беларусі ён праводзіўся ў пяты раз.

На працягу трох дзён у рэкалекцыйным доме “Голас Айца” пятнаццаць удзельнікаў пад кіраўніцтвам дзесяці супрацоўнікоў і двух духоўных кіраўнікоў руху “Cursillo”, засяродзіўшы ўвагу на адзінаццаці тэмах, звязаных з хрысціянскай верай і жыццём, разважалі, вялі дыялог і дзяліліся асабістым вопытам.

У цэнтры праграмы кожнага дня была Імша, таксама быў час для супольнага разважання над Божым словам, адарацыі і асабістай малітвы.

У нядзелю 18 кастрычніка ў санктуарыі Езуса Журботнага адбылося рассыланне выпускнікоў курса. Цырымонію ўзначаліў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. У прысутнасці выпускнікоў мінулых гадоў ён уручыў сёлетнім выпускнікам крыжы і звярнуўся да іх з пастырскім словам.

photo 2026 10 19 17 05 35 2

Паколькі 18 кастрычніка адзначалася 100-я Місійная нядзеля, біскуп назваў рассыланне выпускнікоў у гэты дзень знакам Божага Провіду. Іерарх сказаў, што пасля трохдзённага курса яны распачынаюць чацвёрты дзень “Cursillo” — шлях, які працягнецца ўсё іх жыццё, і што як сведкі Хрыста і Яго Евангелля, а таксама ў адпаведнасці з дэвізам руху “Любоў, радасць, свабода” яны пакліканы весці многіх іншых да крыніц збаўлення.

Удзельнікам сёлетняга “Cursillo” ў Росі адрасавалі словы адзінства і падтрымкі, а таксама запэўнілі ў малітве прадстаўнікі руху з Харватыі, Венгрыі, Украіны, Гібралтара і іншых краін. Гэтай вясной рух “Cursillo” ў Беларусі быў афіцыйна ўключаны ў структуры сусветнага “Cursillo” (OMCC) і стаў часткай Усходне- і Цэнтральнаеўрапейскай правінцыі руху.

Папа Леў XIV, калі быў біскупам у Перу, удзельнічаў у “Cursillo”, потым быў яго супрацоўнікам, у далейшым спрыяў развіццю руху.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі