10 верасня ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне (Мастоўскі дэканат) адбылася Імша ў інтэнцыі кс. Яна Варанецкага ў першую гадавіну смерці.
Літургію, на якой маліліся аб вечным жыцці для спачылагa, цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Прысутнічалі шматлікія святары, родныя і блізкія спачылага, вернікі парафіі ў Мікелеўшчыне, адкуль ён паходзіць, і парафій, дзе ён служыў. Гамілію прамовіў кс. Павел Скуба, які вучыўся разам з ксяндзом Янам у семінарыі.
Біскуп падзякаваў прысутным за ўдзел у малітве. Таксама іерарх здзейсніў абрад благаслаўлення помніка, устаноўленага на магіле ксяндза Яна.
Ксёндз Ян Варанецкі нарадзіўся 15 ліпеня 1991 г., паходзіць з парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мікелеўшчыне. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 4 чэрвеня 2016 г. у Гродне. Быў вікарыем ашмянскай парафіі св. Арханёла Міхала, затым гродзенскіх парафій Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (дэканат Гродна-Захад) і св. Францішка Ксаверыя (катэдра, дэканат Гродна-Усход).
У ліпені 2024 г. стаў пробашчам ашмянскай парафіі св. Арханёла Міхала. Неспадзявана адышоў у вечнасць 12 верасня 2025 г., ва ўзросце 34 гадоў, пахаваны ў Мікелеўшчыне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






