15 ліпеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй адзначыў імяніны. З гэтай нагоды ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша, якую цэлебраваў іерарх.
На літургіі, у якой удзельнічала духавенства і свецкія вернікі, маліліся ў інтэнцыі пастыра Касцёла на Гродзеншчыне.
У гаміліі пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі разважаў над пастырскім служэннем і яго ўзорамі, аднымі з якіх назваў апекуноў гэтага дня — святых Банавентуру і Уладзіміра. Ксёндз Ян звярнуў увагу на тое, што святы Банавентура, якога называюць Серафіцкім доктарам, спалучаў у сабе глыбокую тэалагічную мудрасць і прастату веры; у сувязі з гэтым святар нагадаў словы Евангелля: “Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы” (Лк 10, 21). У падарожжы, якое здзяйсняў святы Банавентура, каб прыняць кардынальскую годнасць, ён спыніўся ў адным з кляштараў, каб абмыць ногі сваім бедным братам. “Менавіта такія паводзіны Касцёл прапануе нам сёння як прыклад прастаты і даступнасці пастыра”, — адзначыў ксёндз Ян.

Спасылаючыся на словы Папы Францішка, святар падкрэсліў, што “біскуп чэрпае сілу ахвяроўваць сябе ў дар са штодзённай Імшы і Божага слова”.
Затым прапаведнік звярнуў увагу на значэнне імя Уладзімір, адзначыўшы, што яно паходзіць ад словаў “кіраўнік” і “спакой”, інакш “той, хто валадарыць у супакоі”, і што “пастыр Касцёла павінен быць чалавекам, які захоўвае ў сэрцы спакой Хрыста і дзеліцца ім з даручанымі яму вернікамі”.
Дзякуючы Богу за дар жыцця і імяніны біскупа Уладзіміра, ксёндз Ян прыгадаў словы 133-га псальма: “Як добра і як прыемна, калі браты жывуць разам”. Ён падкрэсліў, што радасць супольнасці, якая збіраецца вакол свайго біскупа, з’яўляецца радасцю ўсяго Касцёла, які адчувае сябе каханай, з’яднанай і мудра кіраванай супольнасцю.
У канцы літургіі біскупу былі выказаны віншаванні.
Іерарх падзякаваў прысутным за дар супольнай малітвы, добрае слова, а найперш за малітву ў яго інтэнцыі, адзначыўшы, што яна дапамагае кожнаму святару рэалізоўваць сваё пакліканне і рупліва выконваць служэнне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі






