Skip to main content

У гродзенскім тэалагічным каледжы ўрачыста завяршыўся навучальны год

photo 2026 06 15 18 12 2413 чэрвеня ў Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра ў Гродне ўрачыста завяршыўся 2025-2026 навучальны год.

Навучэнцы, у тым ліку сёлетнія выпускнікі, кіраўніцтва і выкладчыкі каледжа сабраліся на Імшы ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Літургія была для навучэнцаў магчымасцю падзякаваць Богу за час вучобы, атрыманыя веды, выкладчыкаў і сяброў па вучобе.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, звяртаючыся да прысутных, назваў каледж заслужанай навучальнай установай, павіншаваў яго выпускнікоў, пажадаўшы, каб набытыя веды дапамаглі ім “быць яшчэ больш свядомымі і адказнымі сведкамі Хрыста ў сваіх парафіях, сем’ях, працоўных асяроддзях і ва ўсім грамадстве”.

Вітаючы выкладчыкаў, ён адзначыў, што яны “дапамагалі навучэнцам адкрываць прыгажосць тэалогіі, філасофіі, гісторыі Касцёла і іншых навук, якія дапамагаюць лепш пазнаваць Бога і чалавека”.

“Кожная каталіцкая навучальная ўстанова існуе не толькі дзеля перадачы ведаў. Яна павінна дапамагаць чалавеку адкрываць праўду, весці да мудрасці і вучыць любіць Бога ўсёй душой, усім сэрцам і ўсім розумам. Менавіта такую місію ўжо шмат гадоў выконвае Тэалагічны каледж імя святога каралевіча Казіміра, які стаў важным месцам фармацыі свецкіх вернікаў нашай дыяцэзіі”, – сказаў біскуп.

Тыя, хто скончыў чатыры курсы, атрымалі дыпломы – сведчанне, што Касцёл прызнаў іх кваліфікаванымі катэхетамі. Выпускнікі падзякавалі выкладчыкам і кіраўніцтву каледжа, паабяцалі аплачваць малітвай свой доўг удзячнасці за вучобу і заахвочваць іншых таксама паступіць у гэтую ўстанову і адчуць цёплую сямейную атмасферу, якая пануе ў ёй.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі