Skip to main content

Тэалагічны каледж імя св. Казіміра ў Гродне

У гродзенскім тэалагічным каледжы ўрачыста завяршыўся навучальны год

photo 2026 06 15 18 12 2413 чэрвеня ў Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра ў Гродне ўрачыста завяршыўся 2025-2026 навучальны год.

Навучэнцы, у тым ліку сёлетнія выпускнікі, кіраўніцтва і выкладчыкі каледжа сабраліся на Імшы ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Літургія была для навучэнцаў магчымасцю падзякаваць Богу за час вучобы, атрыманыя веды, выкладчыкаў і сяброў па вучобе.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, звяртаючыся да прысутных, назваў каледж заслужанай навучальнай установай, павіншаваў яго выпускнікоў, пажадаўшы, каб набытыя веды дапамаглі ім “быць яшчэ больш свядомымі і адказнымі сведкамі Хрыста ў сваіх парафіях, сем’ях, працоўных асяроддзях і ва ўсім грамадстве”.

Вітаючы выкладчыкаў, ён адзначыў, што яны “дапамагалі навучэнцам адкрываць прыгажосць тэалогіі, філасофіі, гісторыі Касцёла і іншых навук, якія дапамагаюць лепш пазнаваць Бога і чалавека”.

“Кожная каталіцкая навучальная ўстанова існуе не толькі дзеля перадачы ведаў. Яна павінна дапамагаць чалавеку адкрываць праўду, весці да мудрасці і вучыць любіць Бога ўсёй душой, усім сэрцам і ўсім розумам. Менавіта такую місію ўжо шмат гадоў выконвае Тэалагічны каледж імя святога каралевіча Казіміра, які стаў важным месцам фармацыі свецкіх вернікаў нашай дыяцэзіі”, – сказаў біскуп.

Тыя, хто скончыў чатыры курсы, атрымалі дыпломы – сведчанне, што Касцёл прызнаў іх кваліфікаванымі катэхетамі. Выпускнікі падзякавалі выкладчыкам і кіраўніцтву каледжа, паабяцалі аплачваць малітвай свой доўг удзячнасці за вучобу і заахвочваць іншых таксама паступіць у гэтую ўстанову і адчуць цёплую сямейную атмасферу, якая пануе ў ёй.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Гродзенскі тэалагічны каледж імя святога Казіміра запрашае навучэнцаў

photo 2026 06 15 17 40 30У Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра ў Гродне распачаўся набор на новы, 2026-2027 навучальны год.

Інфармацыя для абітурыентаў

Сярод галоўных мэтаў тэалагічнага каледжа:

умацаванне веры;

паглыбленне рэлігійных ведаў;

падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці.

Навучэнцы каледжа маюць магчымасць атрымаць веды па тэалогіі (дагматычнай, маральнай, духоўнасці), Святым Пісанні, гісторыі Касцёла, літургіцы, кананічным праве, патралогіі, сямейнай этыцы, сацыяльным вучэнні Касцёла, філасофскіх навуках (гісторыі філасофіі, тэадыцэі), хімічных залежнасцях (праблеме алкагалізму і г.д.), псіхалогіі, педагогіцы, катэхетыцы, касцёльным спеве і іншых дысцыплінах згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла.

Навучанне ў каледжы бясплатнае, працягваецца чатыры гады (з верасня па чэрвень).

Форма навучання — завочная.

Заняткі праводзяцца ў 1-ю і 3-ю суботу і нядзелю месяца.

Пасля заканчэння каледжа выпускнікі атрымліваюць адпаведны дыплом.

Дакументы для паступлення:

заява (напісаная ўласнаручна, запаўняецца пры падачы дакументаў);

аўтабіяграфія (напісаная ўласнаручна);

рэкамендацыйны лiст ад пробашча парафii;

копiі пасведчанняў аб сакрамэнтах хросту і канфірмацыі;

копiя атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі або iншыя дакументы аб адукацыi;

ксеракопiя пашпарта (с. 31–33) або ідэнтыфікацыйнай карты;

4 фотаздымкi (3х4);

медыцынская даведка (выпіска з амбулаторнай карты);

анкета (запаўняецца пры падачы дакументаў).

Уступныя іспыты:

тэст на агульнае веданне Катэхізіса;

кваліфікацыйная размова.

Уступныя іспыты адбудуцца 18 жніўня ў 11.00.

Дакументы прымаюцца пасля папярэдняга запісу па 17 жніўня ў Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі па адрасе: г. Гродна, вул. К. Маркса, 4. Дакументы падаюцца толькі асабіста.

Папярэдні запіс і падрабязная інфармацыя па тэлефоне або электроннай пошце:

+375 29 887 71 05

kaledz.tealagiczny@gmail.com

Аплаткавая сустрэча для навучэнцаў тэалагічнага каледжа прайшла ў Гродне

coledz oplatek 8

10 студзеня ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча для навучэнцаў Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра.

Сустрэча, на якой сабраліся навучэнцы і выкладчыкі гэтай навучальнай установы, пачалася Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У гаміліі біскуп назваў навучэнцаў тэалагічнага каледжа тымі, хто “ў сваёй штодзённасці, у сем’ях, супольнасцях, у працы і ў грамадстве нясе адказнасць за аблічча Касцёла”, а гэтую сустрэчу – глыбока сімвалічнай, бо яна “паказвае, што Касцёл будуецца не толькі на структурах і планах, але і на Божым слове, на Яго жывой прысутнасці і на людзях, якія дазваляюць Богу фармаваць сваё сэрца, розум і сумленне”.

“Гэта момант праўды для нашай дыяцэзіі, калі мы разам задаём сабе фундаментальнае пытанне: якім павінен быць Касцёл сёння і кім у гэтым Касцёле пакліканы быць кожны з нас – асабліва свецкія вернікі?” – сказаў біскуп.

Ён звярнуў увагу на тое, што “калі ў сэрцы святара, кансэкраванай асобы ці свецкага верніка няма жывога досведу: “Бог мяне любіць, і я жыву з Яго любові”, то “ўсё становіцца цяжарам: служэнне, адказнасць, фармацыя, нават сама вера”. “Тады Касцёл становіцца або проста ўстановай, або сістэмай правіл, або культурнай традыцыяй. Але калі гэты досвед жывы – тады Касцёл застаецца таямніцай жывых людзей, сабраных вакол Жывога Хрыста. Тады нават ахвяра перастае быць стратай і становіцца дарам”, – патлумачыў іерарх. Таму, па яго словах, вучоба ў тэалагічным каледжы павінна весці “не толькі да большага ведання, але і да больш глыбокай здольнасці любіць – Бога і чалавека”.

Біскуп сказаў навучэнцам і выкладчыкам каледжа, што без любові тэалогія, якую яны вывучаюць або выкладаюць, робіцца ідэалогіяй, веды – пыхай, служэнне – кар’ерай, а “калі ў цэнтры досвед Божай любові – то навука становіцца служэннем, веданне – мудрасцю, фармацыя – перамяненнем сэрца”.

Па словах біскупа, “свет часта не змагаецца з верай адкрыта: ён часта добразычлівы, зручны, камфортны, але менавіта таму небяспечны, бо вучыць жыць так, быццам Бог неабавязковы, – а калі так, то і вера неістотная, другасная, непатрэбная”. “Заўважце, свет прапануе: шмат актыўнасці без унутранай глыбіні, шмат інфармацыі без мудрасці, шмат свабоды без адказнасці, шмат слоў без праўды, шмат магчымасцяў без сэнсу”, – дадаў іерарх.

coledz oplatek 9

Ён нагадаў навучэнцам каледжа, што яны вучацца “дзеля таго, каб быць сведкамі Праўды ў свеце, які часта губляе арыенціры”. “Таму Касцёл мае патрэбу не проста ў людзях, якія нешта робяць, а ў людзях, якія ведаюць, навошта жывуць і каму належаць, – адзначыў біскуп. – І тут асаблівая місія свецкіх вернікаў: быць прысутнасцю Бога ўнутры самага сэрца свету: у сем’ях, школах, шпіталях, офісах, у культуры і грамадскай свядомасці. Там, дзе святар не можа быць кожны дзень, вы пакліканыя быць “ціхім Евангеллем”.

Іерарх заўважыў, што “Бог не чакае ідэальных умоў, Бог дзейнічае сёння, у канкрэтных людзях, канкрэтных абставінах, канкрэтным Касцёле”. “З Богам заўсёды – сёння, – дадаў ён. – І гэта “сёння” гучыць таксама для нашай дыяцэзіі, для тэалагічнага каледжа, для кожнага з вас: не заўтра, не калі-небудзь, а сёння Касцёл патрэбны свету і свет патрэбны Касцёлу”.

Біскуп назваў гродзенскі тэалагічны каледж “сапраўднай школай сінадальнасці”, бо “тут сустракаюцца святары і свецкія асобы, досвед і пошук, традыцыя і пытанні сучаснасці”. Таксама ён адзначыў, што навучэнцы каледжа, асабліва свецкія, не з’яўляюцца нейкім “запасным варыянтам”, “дапаможным персаналам” ці “другараднай часткай” Касцёла. “Вы і ёсць Касцёл. У вашых сем’ях, прафесіях, вашых працоўных калектывах і асяроддзях. Там, куды святар часта не мае доступу, вы першыя і часам адзіныя сведкі Евангелля”, – падкрэсліў іерарх.

Гэтую аплаткавую сустрэчу ён назваў “катэхезай без слоў”, “жэстам Касцёла, які хоча быць сям’ёй”. Біскуп пажадаў гродзенскаму тэалагічнаму каледжу быць “прасторай слухання Духа Святога, школай сталай веры, месцам, дзе Касцёл вучыцца ісці разам, жывым сэрцам евангелізацыі дыяцэзіі”.

Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай, выказаўшы адзін аднаму віншаванні.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Біскуп Гродзенскі на пачатак навучальнага года ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра: “Калі навука не вядзе да любові — яна губляе сэнс”

kaledz2025 1

28 верасня ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне ўрачыста распачаўся навучальны год.

Вучобу ў каледжы, сярод галоўных мэт якога – умацаванне веры, паглыбленне рэлігійных ведаў і падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці, распачалі сёлета ў агульнай колькасці 70 чалавек, з іх 20 – на першым курсе.

У рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў Імшу, цэлебруючы яе ў інтэнцыі ўсяго калектыву каледжа, а асабліва за тых, хто пачынае вучыцца ў ім.

“Наш тэалагічны каледж — месца, дзе сустракаюцца вера і навука, – адзначыў біскуп у гаміліі. – Часам у свеце іх супрацьпастаўляюць: адны кажуць, што дастаткова навукі і вера не патрэбна, іншыя — што толькі вера ратуе, а веды небяспечныя. Але Касцёл вучыць нас інакш: вера і розум — гэта два крылы, на якіх дух чалавека ўзносіцца да сузірання праўды”. “Тэалогія — навука, якая шукае разумення веры, – дадаў іерарх. – Калі мы толькі молімся, але не вучымся — вера можа стаць павярхоўнай. Калі толькі вучымся, але не молімся — веды могуць зрабіць нас ганарлівымі. Толькі калі гэта разам, мы становімся сапраўднымі сведкамі”.

kaledz2025 6

Разважаючы над літургічным чытаннем, у якім паказаны “людзі, якія не турбуюцца пакутамі іншых”, біскуп сказаў: “Найгоршае тое, што так можна жыць і ў Касцёле, і ў тэалагічным асяроддзі. Можна быць занятым толькі сабой, сваімі планамі, сваім поспехам і забыць, што сапраўдны сэнс жыцця — гэта служэнне”. Звяртаючыся да навучэнцаў каледжа, іерарх падкрэсліў, што яны вучацца там не толькі з мэтай атрымаць дыплом: “Ваша вучоба – гэта пакліканне служыць. Калі чалавек закрываецца ў сваім эгаізме, ён губляе ўсё”.

“Шукайце справядлівасці — будзьце сумленнымі ў вучобе і адносінах; жывіце пабожнасцю — няхай малітва будзе не дадаткам, а асновай вашага жыцця; узрастайце ў веры і любові — бо веды без любові становяцца пустымі; будзьце цярплівыя і лагодныя — бо не ўсё адразу, і шлях да святасці патрабуе часу”, – такія парады даў біскуп навучэнцам.

Тлумачачы фрагмент Евангелля, у якім гаворыцца пра багатага чалавека і бедняка Лазара, іерарх адзначыў: “Часам мы, занятыя вучобай, кнігамі, праектамі, забываемся пра тых, хто побач. Лёгка жыць у “сваім свеце” і не заўважыць Лазара каля дзвярэй. Але калі навука не вядзе да любові — яна губляе сэнс. Заўважце, у евангельскай прыпавесці багаты чалавек не зрабіў нічога яўна дрэннага: не біў Лазара, не выганяў. Ён проста яго не заўважыў. Вось што заўсёды небяспечна: абыякавасць. Сёння гэта адна з найбуйнейшых праблем чалавецтва. Папа Францішак часта казаў пра “глабалізацыю абыякавасці”. Мы бачым у тэлевізары войны, беды, пакуты – і праз хвіліну пераключаем канал. У інтэрнэце пракручваем трагедыі як навіны – і забываемся.

Але Лазар стаіць і сёння каля нашых дзвярэй. Гэта можа быць твой сусед, які знаходзіцца ў патрэбе, бедная сям’я, хворае дзіця, самотны пажылы чалавек. Гэта можа быць нават твой аднакурснік, які пакутуе ў цішыні. Калі вы вучыцеся тэалогіі, але не заўважаеце Лазара, то ваша вучоба не мае сэнсу”.

Біскуп назваў вучобу ў тэалагічным каледжы “вялікім дарам і адначасова адказнасцю” і заахвоціў: “Не замыкайцеся толькі ў кнігах. Шукайце жывога Бога ў малітве, у супольнасці, у тых, каму патрэбна ваша дабрыня”.

“Няхай наш каледж стане сапраўднай майстэрняй надзеі, дзе фарміруюцца новыя пакаленні людзей веры, любові і святасці”, – пажадаў іерарх.
Намеснік дырэктара каледжа па навучальнай частцы a. Андрэй Шчупал CSsR падзякаваў біскупу. Пасля Імшы першакурснікам былі ўручаны заліковыя кніжкі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Тэалагічны каледж у Гродне аб’яўляе набор навучэнцаў

konec goda 1

Тэалагічны каледж імя св. Казіміра ў Гродне аб’яўляе набор навучэнцаў на 2025/2026 навучальны год.

Адміністрацыя каледжа паведамляе: “Калі Вы хочаце ўмацаваць сваю веру, паглыбіць свае веды аб навучанні Каталіцкага Касцёла, сучасных пагрозах для сям’і, дзяцей і моладзі, музычным упрыгожванні літургіі, каб прымаць больш актыўны ўдзел у жыцці Вашай парафіі, запрашаем далучыцца да супольнасці нашага каледжа.

Нашы навучэнцы маюць магчымасць атрымаць веды па тэалогіі (дагматычнай, маральнай, духоўнасці), Святым Пісанні, гісторыі Касцёла, літургіі, кананічным праве, патралогіі, сямейнай этыцы, сацыяльным вучэнні Касцёла, філасофскіх навуках (гісторыі філасофіі, тэадыцэі), касцёльным спеве, хімічных залежнасцях (праблемах алкагалізму і г.д.), псіхалогіі, педагогіцы, катэхетыцы і іншых дысцыплінах згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла”.

Навучанне ў каледжы бясплатнае, працягваецца чатыры гады з верасня па чэрвень. Форма навучання – завочная. Заняткі праводзяцца ў першыя і трэція суботы і нядзелі месяца.

Дакументы падаюцца асабіста да 15 жніўня ў біскупскай курыі (Гродна, вул. К. Маркса, 4) пасля папярэдняга запісу.

Папярэдні запіс па тэлефоне +375 29 887 71 05 і электронным адрасе kaledz.tealagiczny@gmail.com.

2024 06 23 kaledz 1 6acb3863 3b35 4830 a00f dbd1263ab1d9

Дакументы, неабходныя для паступлення:

заява (напісаная ўласнаручна, запаўняецца пры падачы дакументаў);

біяграфія (напісаная ўласнаручна);

рэкамендацыйны лiст ад пробашча парафii;

копiі пасведчанняў аб сакрамэнтах хросту ці канфірмацыі;

копiя атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі або iншыя дакументы аб адукацыi;

копiя пашпарта (с. 31-33);

чатыры фотаздымкi (3х4);

медыцынская даведка (выпіска з амбулаторнай карты);

анкета (запаўняецца пры падачы дакументаў).

Уступныя іспыты:

тэст агульных ведаў з катэхізіса;

кваліфікацыйная размова (адбудзецца 16 жніўня ў 11 гадзін).

У гродзенскім тэалагічным каледжы ўрачыста завяршыўся навучальны год

konec goda 17

7 чэрвеня супольнасць Тэалагічнага каледжа св. Казіміра ў Гродне ўрачыста завяршыла навучальны год.

У гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылася Імша з удзелам супольнасці каледжа і родных навучэнцаў. Узначаліў літургію біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У гаміліі іерарх падзякаваў Богу за тых, “хто вучыў і хто вучыўся, хто падтрымліваў і маліўся”, і за сам каледж, які назваў “маленькім вобразам Касцёла ў дарозе”. Па яго словах, “вернік – не турыст, які ўсё ведае і ўсё запланаваў”, а пілігрым, “той, хто адкрыты, слухае, гатовы здзіўляцца”.

Біскуп звярнуў увагу на словы Езуса Хрыста, адрасаваныя ў Евангеллі Пятру: “Ідзі за Мной” (Ян 21, 19). Звяртаючыся да выпускнікоў каледжа, іерарх сказаў: “Гэта запрашэнне не да зручнасці, а да адказу, да дарогі веры. Гэта ваш новы місійны статус: не заставацца ў тэорыі, а ісці да людзей. Туды, дзе бракуе надзеі. Туды, дзе сэрцы параненыя”. “Пілігрым з надзеяй – гэта чалавек, які вучыўся глядзець шырэй. І менавіта адукацыя, тэалагічныя веды, даследаванне Божага Аб’яўлення дапамагаюць нам адкрываць надзею там, дзе свет часта бачыць тупік”, – дадаў біскуп.

konec goda 5

Пастыр дыяцэзіі адзначыў, што свету патрэбны не толькі прапаведнікі, а сведкі, не толькі інтэлектуалы, а людзі з адкрытым і чыстым сумленнем. “Вы вучыліся не толькі ведаць пра Бога, але жыць з Ім, разважаць у духу Касцёла, быць сведкамі праўды і міласэрнасці. Хачу выказаць вам шчырую падзяку – за ваш уклад, за сур’ёзнасць у навучанні, за адкрытасць сэрца. Ваша прысутнасць у сценах каледжа – сведчанне таго, што і свецкія людзі прагнуць ведаць Бога глыбей, служыць Яму свядомым жыццём”, – сказаў біскуп. Ён пажадаў выпускнікам ісці далей з упэўненасцю, што Пан заўсёды побач.

Пасля Імшы біскуп разам з дырэктарам каледжа кс. канонікам Антоніем Грэмзам, намеснікам дырэктара па навуковай частцы а. Андрэем Шчупалам CSsR і выкладчыкам кс. Аляксандрам Раманоўскім уручыў выпускнікам дыпломы.

Разам з дыпломам кожны выпускнік атрымаў выяву Маці Божай з нагоды першай суботы месяца і кнігу ад выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі. Падзякі і кнігі атрымалі таксама самыя актыўныя навучэнцы каледжа. Падарункі былі ўручаны і тым навучэнцам, якія летам святкуюць дзень народзінаў.

Выпускнікі падзякавалі біскупу і кіраўніцтву каледжа. Навучэнцы малодшых курсаў выказалі віншаванні з нагоды будучых імянін і дзён народзінаў біскупу, кс. Антонію Грэмзу і сакратару каледжа Вользе Голуб.

Завяршылася ўрачыстая цырымонія ў вялікай зале каледжа.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Супольнасць гродзенскага тэалагічнага каледжа здзейсніла пілігрымку ў Новую Руду

nowaja ruda 1У канцы навучальнага года супольнасць Тэалагічнага каледжа св. Казіміра ў Гродне здзейсніла пілігрымку ў вёску Новая Руда. Гэтая пілігрымка ўжо стала традыцыяй, адбываецца па запрашэнні а. Андрэя Шчупала CSsR – намесніка дырэктара каледжа па навуковай частцы, які шмат гадоў з’яўляецца пробашчам парафіі св. Юрыя ў Новай Рудзе.

Мэта пілігрымкі – духоўная і рэкрэацыйная. Абавязковымі яе пунктамі з’яўляюцца малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці а 15-й гадзіне і супольная малітва на нядзельнай Імшы. Сёлета на Імшы разам з а. Андрэем Шчупалам прысутнічаў а. Андрэй Лабкоў CSsR з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля.

Айцец Андрэй Шчупал кожны год у межах гэтай пілігрымкі знаёміць удзельнікаў з гісторыяй абраза Езуса Міласэрнага. Сёлета навучэнцы каледжа таксама маглі паслухаць канферэнцыю на тэму Божай міласэрнасці і гісторыі парафіі.

nowaja ruda 2

З каледжа паведамляюць, што “ўдзел у пілігрымцы з’яўляецца добрай магчымасцю для навучэнцаў пазнаёміцца бліжэй у нефармальнай абстаноўцы”, і называюць “адметным” тое, што рыхтуюць паездку таксама разам і навучэнцы, і адміністрацыя.

Чым адметная святыня ў вёсцы Новая Руда? Невялікі драўляны касцёл стаў месцам захавання ад знішчэння арыгіналу вядомага абраза Езуса Міласэрнага. Па просьбе сястры Фаўстыны Кавальскай намаляваў яго мастак Яўген Казіміроўскі ў 1934 г. У Новую Руду абраз трапіў у 1956 г. і знаходзіўся ў святыні да 1986 г. Выява, якая знаходзіцца ў касцёле сёння, была напісана з арыгінальнага абраза і змешчана ў раму, у якой быў той самы абраз Езуса Міласэрнага.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Гродзенскі тэалагічны каледж імя святога Казіміра вядзе набор навучэнцаў на 2024–2025 навучальны год

kaledz 1У Гродне распачаўся набор навучэнцаў у Тэалагічны каледж імя святога Казіміра на новы, 2024/2025 навучальны год.

Сярод галоўных мэтаў тэалагічнага каледжа:

умацаванне веры

паглыбленне рэлігійных ведаў

падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці.

Навучэнцы каледжа маюць магчымасць атрымаць веды па тэалогіі (дагматычнай, маральнай, духоўнасці, пастаральнай), Святым Пісанні, гісторыі Касцёла, літургіцы, кананічным праве, патралогіі, сямейнай этыцы, сацыяльным вучэнні Касцёла, філасофскіх навуках (гісторыі філасофіі, тэадыцэі), хімічных залежнасцях (праблеме алкагалізму і г.д.), псіхалогіі, педагогіцы, катэхетыцы і іншых дысцыплінах згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла.

Навучанне ў каледжы бясплатнае, працягваецца тры гады (з верасня па чэрвень).

Форма навучання — завочная.

Заняткі праводзяцца ў 1-ю і 3-ю суботу і нядзелю месяца.

Пасля заканчэння каледжа выпускнікі атрымліваюць адпаведны дыплом.

kaledz 2

Дакументы для паступлення:

заява (напісаная ўласнаручна, запаўняецца пры падачы дакументаў);

аўтабіяграфія (напісаная ўласнаручна);

рэкамендацыйны лiст ад пробашча парафii;

копiі пасведчанняў аб сакрамэнтах хросту і канфірмацыі;

копiя атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі або iншыя дакументы аб адукацыi;

ксеракопiя пашпарта (с. 31–33);

4 фотаздымкi (3х4);

медыцынская даведка (выписка з амбулаторнай карты);

анкета (запаўняецца пры падачы дакументаў).

Уступныя іспыты:

тэст на агульнае веданне Катэхізіса;

кваліфікацыйная размова.

Кваліфікацыйная размова і тэст на агульнае веданне Катэхізіса адбудзецца 27 жніўня а 11-й гадзіне.

Дакументы прымаюцца пасля папярэдняга запісу з 18 чэрвеня да 23 жніўня у Гродзенскай дыяцэзіяльнай Курыі па адрасе: г. Гродна, вул. К. Маркса, 4.

Дакументы падаюцца асабіста.

Папярэдні запіс і падрабязная інфармацыя па тэл.:

+375 (29) 887 71 05

або па электроннай пошце на адрас:

kaledz.tealagiczny@gmail.com

 

З удзелам біскупа Гуляя ў гродзенскім тэалагічным каледжы завяршыўся навучальны год

kaledz 116 чэрвеня ў Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра ў Гродне завяршыўся 2023/2024 навучальны год. Ва ўрачыстай цырымоніі завяршэння навучальнага года ўзяў удзел каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй.

Святкаванне распачалося Эўхарыстыяй у капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Навучэнцы каледжа, у тым ліку сёлетнія выпускнікі, на літургіі дзякавалі Богу за час вучобы ў гэтай установе, за атрыманыя веды, за выкладчыкаў і сваіх сяброў па вучобе.

Біскуп Уладзімір Гуляй у гаміліі заахвоціў навучэнцаў каледжа быць у сваім духоўным жыцці цярплівымі і трывалымі, дзень за днём і крок за крокам імкнуцца да хрысціянскай дасканаласці, дадаўшы, што добры Бог дазволіць, каб кожны з іх, як гэта адбываецца ў прыродзе, узрастаў, а ў канцы – цешыўся паўнатой Божага Валадарства.

kaledz 2

У межах урачыстай цырымоніі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі ўручыў пяцярым выпускнікам каледжа дыпломы, якія сведчаць аб тым, што яны скончылі вучобу ў гэтай установе і такім чынам Касцёл прызнаў іх кваліфікаванымі катэхетамі.

Выпускнікі выказалі словы падзякі ўсім выкладчыкам каледжа на чале з кіраўніцтвам, паабяцалі аплачваць малітвай свой доўг удзячнасці за навучанне і заахвочваць іншых, каб яны таксама пайшлі вучыцца ў каледж і адчулі тую цёплую сямейную атмасферу, якая пануе ў ім.

Намеснік дырэктара каледжа а. Андрэй Шчупал CSsR падзякаваў біскупу за цэлебрацыю святой Імшы, за яго слова і пастырскае благаслаўленне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Велікапосныя рэкалекцыі прайшлі ў Тэалагічным каледжы ў Гродне

kaledz 1З 23 па 25 лютага для супольнасці Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне былі праведзены велікапосныя рэкалекцыі. Правёў духоўныя практыкаванні прэфект і выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама выкладчык каледжа кс. Ян Раманоўскі.

Матывам, які злучаў канферэнцыі кожнага дня рэкалекцый, была metanoia. У дакладным перакладзе з грэцкай мовы гэтае паняцце азначае змену кірунку мыслення, у хрысціянскім кантэксце яна тлумачыцца таксама як пакаянне. Рэкалекцыяніст заўважыў, што такія змены духоўнага кірунку адбываюцца ў жыцці кожнага хрысціяніна і неаднойчы, а іх нагодай і цэнтрам з’яўляецца асабістая сустрэча з Хрыстом. Такая сустрэча, як падкрэсліў кс. Ян, адбываецца з улікам асаблівасцей і магчымасцей чалавека: гэта значыць, што кожны перажывае metanoia ў сваім тэмпе і з індывідуальнай інтэнсіўнасцю. Па словах святара, “часам можа прайсці палова жыцця, каб штосьці змянілася”, і адначасова жыццё чалавека можа складацца са шматлікіх маленькіх метаной.

Таксама было адзначана, што ў працэсе ўнутранага аднаўлення важныя намаганні чалавека, жаданне сустрэцца з Хрыстом, перамяніць сваё жыццё; што Бог заўсёды выходзіць насустрач чалавеку і пры гэтым не можа ламаць вольнай волі сваіх дзяцей.

kaledz 2

Для заглыблення ў выбраную тэму кс. Ян прапанаваў удзельнікам паразважаць над некалькімі фрагментамі Евангелля, якія гавораць пра блізкасць Бога да чалавека і вялікую міласэрнасць Створцы да свайго стварэння. Сярод іх быў урывак, прысвечаны пакліканню апостала Мацвея (Лк 5, 27-32), а таксама гісторыя аб адыходзе і вяртанні марнатраўнага сына да бацькі (Лк 15, 11-32). Пасля кожнай з канферэнцый удзельнікі задавалі святару пытанні і спрабавалі разам разабрацца ў іх.

Важнай часткай духоўных практыкаванняў былі малітва і магчымасць споведзі. Кожны дзень сабраныя на рэкалекцыях удзельнічалі ў святой Імшы, у суботу ж мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і затрымацца на адарацыі Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Ксёндз Ян правёў для навучэнцаў каледжа набажэнства Крыжовага шляху.

У канцы духоўных практыкаванняў удзельнікі падзякавалі святару за іх правядзенне, за дадзеную магчымасць нанова адкрыць любоў Бога да чалавека. Яны пажадалі рэкалекцыяністу і сабе жывых адносін з Хрыстом і нястомных пошукаў прысутнасці Бога ў жыцці.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Семінарысты і навучэнцы тэалагічнага каледжа ў Гродне атрымалі залікоўкі

zalikowki 1330 верасня на заканчэнне сімпозіума, прысвечанага пастырскаму году свецкіх і Сіноду біскупаў на тэму сінадальнасці, студэнтам Вышэйшай духоўнай семінарыі і навучэнцам Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра ў Гродне былі ўручаны заліковыя кніжкі. Такім чынам у іх урачыста распачаўся навучальны год.

У гэтым навучальным годзе падрыхтоўку да святарства ў семінарыі распачалі чатыры чалавекі з дзвюх дыяцэзій Касцёла на Беларусі – трое з Віцебскай і адзін з Гродзенскай, з парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.

Вучобу ў тэалагічным каледжы распачалі 23 чалавекі з розных парафій Касцёла на Гродзеншчыне.

Заліковыя кніжкі ўручыў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

zalikowki 5

Звяртаючыся да тых, хто вучыцца ў семінарыі і тэалагічным каледжы, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які таксама прысутнічаў на сімпозіуме, пажадаў, каб час вучобы і фармацыі прынёс у іх жыццё плён Божай ласкі.

Семінарыстам іерарх пажадаў добра распазнаць сваё пакліканне, умацавацца ў ім і праз фармацыю ў семінарыі ісці да вызначанай мэты.

zalikowki 10

Навучэнцам каледжа біскуп пажадаў, каб вучоба ўмацавала іх веру і заахвоціла быць сведкамі Бога ў тых асяроддзях, адкуль яны паходзяць і дзе адбываецца іх штодзённая дзейнасць.
У канцы ўрачыстай цырымоніі семінарысты і навучэнцы каледжа заспявалі студэнцкі гімн Gaudeamus igitur. Прысутныя іерархі ўдзялілі ім благаслаўленне.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

 

Навучэнцы 1 курса тэалагічнага каледжа ў Гродне атрымалі заліковыя кніжкі

kaledz kaledz 664 кастрычніка на ўрачыстай Імшы з нагоды распачацця ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне новага навучальнага года 2020/2021 сабраліся яго адміністрацыя, выкладчыкі і навучэнцы.